Logo Polskiego Radia
Print

Польшча й ЗША падпісалі дэклярацыю аб энэргетычнай бясьпецы

PR dla Zagranicy
Eduard Zholud 09.11.2018 18:24
  • Дэклярацыя аб энэргетычнай бясьпецы.mp3
Дэклярацыя датычыць забесьпячэньне паставак прыроднага газу, разьвіцьця ядзернай энэргетыкі, а таксама падтрымкі ў галіне кібэрбясьпекі.
Міністар энэргетыкі ЗША Рык Пэры і ўпаўнаважаны ўраду Польшчы па пытаньнях энэргетыкі Пятро НаімскіМіністар энэргетыкі ЗША Рык Пэры і ўпаўнаважаны ўраду Польшчы па пытаньнях энэргетыкі Пятро НаімскіPAP/Rafał Guz

Сярод іншага, у дакумэнце разглядаецца магчымасьць разьвіцьця ў Польшчы ядзернай энэргетыкі. Польска-амэрыканская дэклярацыя зьяўляецца працягам канцэпцыі стратэгічнага партнэрства ў энэргетычнай палітыцы.

Двухбаковую дэклярацыю падпісалі міністар энэргетыкі Польшчы Кшыштоф Тхужэўскі й яго амэрыканскі калега Рык Пэры. Дэклярацыя датычыць забесьпячэньне паставак прыроднага газу, разьвіцьця ядзернай энэргетыкі, а таксама падтрымкі ў галіне кібэрбясьпекі.

Міністар Тхужэўскі прыгадаў, што пачатак шчыльнай польска-амэрыканскай супрацы ў галіне энэргабясьпекі быў пакладзены прэзыдэнтамі Польшчы й ЗША сёлета 18 верасьня ў Вашынгтоне.

Таксама кіраўнік польскага энэргетычнага ведамства паведаміў, што падпісаны ў Варшаве 8 лістапада, дакумэнт мае на мэце дывэрсыфікацыю паставак газу. Паводле міністра, дзякуючы газапорту ў Сьвінавусьці, а таксама дзякуючы будучаму газаправоду паміж Польшчай і Даніяй Baltic Pipe, Польшча будзе мець значна больш магчымасьцей для разнародных закупак «блакітнага паліва».

Кшыштоф Тхужэўскі: Зараз купляем газ значна таней. Кантракты ўжо падпісаныя. Менавіта ў гэтым справа, каб мы былі незалежныя і, каб мы маглі выбіраць сабе партнэраў. Цешымся, што нашымі партнэрамі, якія зараз прапануюць газ па аптымальным цэнам, зьяўляюцца амэрыканскія фірмы.

Падчас спатканьня міністраў энэргетыкі ЗША і Польшчы была абмеркавана тэма разьвіцьця ядзернай энэргетыкі ў Польшчы. Адпаведны пункт трапіў і супольную дэклярацыю аб энэргетычнай бясьпецы. Польскі міністар энэргетыкі Кшыштоф Тхужэўскі камэнтуе польска-амэрыканскую супрацу ў галіне ядзернай энэргетыкі.

Кшыштоф Тхужэўскі: Сёньня я цешуся, што ў нас будзе супольная рабочая група. Разам будзем разважаць, якім чынам вырашыць гэтыя пытаньні. Бо, памінаючы тэхналягічны аспэкт, які пасьпяхова вырашаецца па ўсім сьвеце, застаецца праблема формы фінансаваньня праекту. Гэта надзвычай істотнае пытаньне.

У сваю чаргу кіраўнік энэргетычнага ведамства ЗША Рык Пэры паведаміў, што падпісаная ў Варшаве дэклярацыя зьяўляецца прыкладам прапольскай ды праэўрапейскай палітыкі Злучаных Штатаў у галіне энэргетычнай бясьпекі.

Рык Пэры: Энэргетычная бясьпека вымагае разнастайнасьці й дывэрсыфікацыі даставак газу, таксама зь геаграфічнага пункту гледжаньня.

Менавіта зь гэтае прычыны мы супраціўляемся праекту Nord Stream 2, бо менавіта гэты праект яшчэ больш павялічвае залежнасьць шэрагу эўрапейскіх краін ад Расейскай Фэдэрацыі.

Афіцыйны візыт амэрыканскага міністра энэргетыкі Рыка Пэры ў Польшчы, зьяўляецца часткай вялікага ўсходнеэўрапейскага турнэ палітыка. У бліжэйшы час Рык Пэры наведае Ўкраіну, Чэхію ды Вугоршчыну.

Падчас сваіх прамоваў у польскай сталіцы Рык Пэры не выключаў магчымасьці амэрыканскіх санкцыў у дачыненьні да рэалізатараў праекту Nord Stream 2.

Рык Пэры: Злучаныя Штаты не падтрымліваюць Nord Stream 2. Асабіста я не бачу аніводнай прадпасылкі да таго, што калісьці гэта зьменіцца.

Санкцыі ў дачыненьні да Nord Stream 2, гэта адна з магчымасьцяў прэзыдэнта.Адміністрацыя Злучаных Штатаў перакананая ў тым, што Паўночная плынь 2 нясе шкоду энэргетычнай бясьпецы рэгіёну.

Прэзыдэнт Дональд Трамп неаднаразова крытыкаваў Нямеччыны за рэалізацыю гэтага супярэчлівага праекту.

Нагадаем, газаправод Паўночная плынь 2 будуецца расейскім Газпромам. У будаўніцтва таксама заангажаваныя фірмы зь Нямеччыны, Вялікабрытаніі й Францыі. Паводле задумы крамлёўскіх стратэгаў, Nord Stream 2 павінен у два разы (!) павялічаць экспарт расейскага газу ў Нямеччыну.

Чарговай энэргетычнай інтэрвэнцыі Расеі непахісна супраціўляюцца Польшча, Славаччына ды Ўкраіна. Улады Польшчы дамагаюцца ад Эўрапейскай Камісіі, каб Паўночная плынь 2 трапіла ў поле дзейнасьці эўрапейскага заканадаўства. У выпадку пасьпяховай рэалізацыі польскай канцэпцыі, Nord Stream 2 стане для Газпрому стратнай інвэстыцыяй.

Эдуард Жолуд

слухайце далучаны зьверху гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт