Logo Polskiego Radia
Print

Што можа стаць махавіком польскай эканомікі?

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.11.2018 15:24
У чацьвер 15. лістапада пачнецца Кангрэс 590, на якім экспэрты будуць шукаць меры, як выкарыстаць патэнцыял польскага бізнэсу.
pixabay.com/Public Domain CC0

У бліжэйшы чацьвер, 15 лістапада, пачынаецца адно з важнейшых эканамічных штогадовых мерапрыемстваў у Польшчы – гэтак званы Кангрэс 590. Гэтая сустрэча прысьвячаецца пошукам вырашэньняў на карысьць эканамічнага разьвіцьця Польшчы на аснове ўсё багацейшага польскага капіталу.

Двухдзённы кангрэс адбудзецца ў мясцовасьці Ясёнка каля горада Жэшаў. На сустрэчу запрошаныя прадстаўнікі бізнэсу, навукі, палітыкі і юрыспрудэнцыі. Чакаюцца выдатныя замежныя экспэрты, сярод іх Імран Хан (Khan), былы сябра ўправы кампаніі Snap Inc, якая стварыла мабільнае прыкладаньне Snapchat.

Спэцыялісты будуць шукаць адказ на пытаньне, як вызваліць патэнцыял польскай эканомікі? Якія бар’еры стрымліваюць разьвіцьцё польскіх прадпрымальнікаў? Што можа стаць махавіком польскай эканомікі?

Тым больш, што вартасьць польскага экспарту за 2017 год перавысіла 200 млрд эўра і была большай, чым у 2016 г. амаль на 10%. Выклікам на наступныя гады зьяўляецца захаваньне дынамікі росту, а таксама пашырэньне і ўваход на новыя рынкі.

У прэс-рэлізе кангрэсу пазначаецца, што ўжо 10 гадоў лідэрам польскага экспарту зьяўляецца аўтамабільны сэктар: запчасткі й аксэсуары для аўтамабіляў, легкавыя й грузавыя аўтамабілі.

Акрамя аўтамабільнага сэктара, добрыя вынікі продажу за мяжой атрымлівае польская мэбля, тэлевізары, маніторы, машыны й прылады аўтаматычнай апрацоўкі дадзеных, мэдыкамэнты, тытунёвыя вырабы й кабелі.

Моцнай галіной польскага экспарту зьяўляюцца таксама харчовыя прадукты, якія прадаюцца ў асноўным у краіны Эўрапейскага Зьвязу.

На думку экспэртаў, далейшае разьвіцьцё польскага экспарту патрабуе пашырэньня й дывэрсыфікацыі геаграфічных напрамкаў.

Для многіх польскіх тавараў прывабнымі, хоць зачыненымі па-розных прычынах, зьяўляюцца рынкі краін Азіі, Блізкага Ўсходу і Амэрыкі. У Азіі найбольшы патэнцыял захоўваецца на велізарным кітайскім рынку, але польскія прадпрымальнікі павінны таксама зьвярнуць сваю ўвагу на Іран, Індыю і Віетнам.

Як здабываць новыя рынкі і гэтым самым разьвіваць польскую эканоміку будуць разважаць удзельнікі Кангрэсу 590 у Ясёнцы, які пачнецца ў бліжэйшы чацьвер.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт