Logo Polskiego Radia
Print

Польская эканоміка працягвае расьці

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 30.11.2018 15:55
  • Польская эканоміка.mp3
ВУП вырас на 5,1%, але не вырашанай застаецца праблема зьнешняга гандлю.
Foto: pixabay.com/CC0

У Польшчы працяглы час застаецца адмоўны гандлёвы балянс, імпарт пераважае.

Галоўнае статыстычнае ўпраўленьне Польшчы прадставіла дадзеныя на тэму ВУП Польшчы за ІІІ квартал. З дадзеных вынікае, што польская эканоміка надалей застаецца ў добрым становішчы.

У трэцім квартале ВУП Польшчы павялічыўся на 5,1%, таксама як і ў ІІ квартале бягучага года. Спажываньне прыватных асобаў вырасла на 4,5%, агульнанацыянальны попыт павялічыўся на 6,2%, а інвэстыцыі ў апошнім квартале вырасьлі на 9,9%.

Гэта добры вынік, лічаць эканамісты і спадзяюцца, што ён утрымаецца ў бліжэйшыя месяцы. Гаворыць Лукаш Бугай з маклерскага дому BOŚ.

Лукаш Бугай: Спажываньне застаецца галоўнай рухаючай сілай польскай эканомікі. Гэта не зьменіцца ў бліжэйшыя часы. Яшчэ больш цікавыя інфармацыі тычацца інвэстыцыі, валютных рэзэрваў. Самае важнае, якая будзе сытуацыя з экспартам. Таму што, калі ў нас і будзе запаволеньне, мы яго самі імпартуем звонку.

Таксама Галоўнае статыстычнае ўпраўленьне Польшчы апублікавала апошнія дадзеныя пра ўзровень інфляцыі ў Польшчы. У лістападзе інфляцыя змалелала да 1,2%. Тэмп росту цэн запаволіўся (у кастрычніку было 1,8%), што зьдзівіла спэцыялістаў. Гаворыць галоўны эканаміст Паштовага банку Моніка Курэк.

Моніка Курэк: Дадзеныя пра ўзровень інфляцыі ў лістападзе сталі неспадзяванкай. За апошні месяц інфляцыя скарацілася да найменшага ўзроўню ў гэтым годзе. Адначасова інфляцыя ўтрымліваецца ніжэй за парог прагназаваны Нацыянальным банкам Польшчы.

Нацыянальны банк Польшчы вызначыў сабе мэту ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні 2,5%. Галоўнай прычынай цэнавага запаволеньня сталі нізкія тэмпы росту коштаў на харчы.

Моніка Курэк: Паводле ўступных дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўленьне асноўным фактарам, які меў уплыў на скарачэньне інфляцыі, сталі цэны харчаваньня ды безалькагольных напояў. Там цэны змалелі на адну дзясятую.Таксама трэба падкрэсьліць, што летась была найвышэйшая інфляцыя ў Польшчы за апошнія гады – 2,5%.

Прыведзеныя дадзеныя, асабліва тэмпы росту ВУП, сьведчаць пра тое, што Польшча на дадзены момант зьяўляецца найхутчэй растучай эканомікай у Эўразьвязе. Такую ацэнку дала міністар прадпрымальніцтва ды тэхналёгій Польшчы Ядвіга Эмілевіч.

Ядвіга Эмілевіч: У нас вельмі моцны фундамэнт: узровень унутранага спажываньня застаецца стабільна на высокім ўзроўні звыш 4%, адначасова з гэтым мы назіраем за ростам інвэстыцый. Інвэстыцыйныя дынаміка пазытыўная. Гэта важна асабліва ў цяперашні пэрыяд, які не лічыцца спрыяючым для інвэстыцый.

Гэта дазваляе ўраду глядзець з аптымізмам на будучы год.

Ядвіга Эмілевіч: Мы спадзяемся, што інвэстыцыі будуць працягваць расьці. Менавіта на гэты паказьнік мы глядзім найбольш уважліва цяпер.

Галоўным нэгатыўным фактарам для польскай эканомікі зьяўляецца захаваньне адмоўнага сальда ў зьнешнім гандлі. За 6 апошніх месяцаў года Польшчы экспартавала тавараў ды паслу на 107,6 мільярдаў эўра, што на 5,7% больш чым летась. У сваю чаргу імпарт склаў 108,8 мільярдаў эўра, што на 7,9% больш чым у мінулым годзе. Зьнешнегандлёвы дэфіцыт склаў 1,2 мільярды эўра. Гэты дэфіцыт каштуе Польшчы 1,2% росту ВУП.

Асноўныя чыньнікі тут рост коштаў на нафту ў сьвеце, высокі ўнутраны попыт ды запаволеньне эканамічнай актыўнасьці ў Нямеччыне – галоўнага гандлёвага партнэра Польшчы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт