Logo Polskiego Radia
Print

Польшча чакае 20 мільёнаў турыстаў у 2019 г.

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.12.2018 17:17
  • 20 мільёнаў турыстаў.mp3
Турызм становіцца дынамічным рухавіком для эканомік краін Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы.
Foto: pixabay.com/CC0

Польшча імкнецца ў лідары па турызьме ў рэгіёне. Польскі прыклад прываблівае й суседнюю Беларусь. Менск адмяняе візы ды адкрываецца на замежных турыстаў.

Польшча зрабілася моднай у Эўропе. Колькасьць турыстаў з-за мяжы, што прыяжджаюць у краіну ля берагоў Віслы, з года ў год прырастае двухзначнымі лічбамі. Так, у 2015-м годзе было 15 мільёнах прыездаў, у 2017 – амаль 18 мільёнаў. Турызм дае краіне амаль 7% ВУП. У адной толькі Варшаве турысты пакінулі 15 мільярдаў злотых. Ёсьць усе падставы для аптымізму, перакананы старшыня Польскай турыстычнай палаты Павал Невядомскі.

Павал Невядомскі: Чарговы выдатны год для польскай турыстычнай галіны. Сэктар імкліва разьвіваецца. Гэта тычыцца як выязнога турызму, так і ўнутранага ды прыязнога турызму. Колькасьць турыстаў расьце, нягледзячы на праблемную геапалітычную сытуацыю ў сьвеце. Турысты з-за мяжы ў Польшчу прыяжджаюць. З года ў год колькасьць прыежджых расьце ў тэмпе 10% на год.

Гэта адбываецца дзякуючы паляпшэньню якасьці паслуг, разьвіцьцю гатэльнай базы, наяўнасьці турыстычнай інфраструктуры, паляпшэньні транспарту. У зьвязку з гэтым польскае міністэрства спорту і турызму ставіць перад сабой амбітную мэту – дасягнуць 20 мільёнаў замежных турыстаў. Пра гэта казаў польскі міністар спорту Вітальд Банька.

Вітальд Банька: Толькі летась у Польшчу прыехала 18,4 мільёна замежных турыстаў. Паводле нашых падлікаў, сёлета было больш за 19 мільёнаў турыстаў. Наша мэта на будучы год – перайсьці мяжу 20 мільёнаў замежных турыстаў. Нам нельга цяпер супакойвацца, трэба наадварот шмат працаваць, каб гэтая галіна дынамічна разьвівалася.

Польскія ўлады плянуюць выйсьці на гэты ўзровень дзякуючы шырокай рэклямнай кампаніі ў сьвеце, праз кантакты зь міжнароднымі турыстычнымі арганізацыямі ды прэстыжнымі даведнікамі. Польшча падкрэсьлівае, што зьяўляецца бясьпечнай краінай, дзе ёсьць шмат цікавага ды якасны сэрвіс.

На турызм ставіць таксама і Беларусь. Беларускія ўлады ўвялі магчымасьці бязьвізавага ўезду ў Менск (праз аэрапорт), у Горадню ды Берасьце. Гэта паспрыяла росту прыездаў турыстаў з-за мяжы. Гэтая палітыка будзе працягвацца, кажа галоўны спэцыяліст Дэпартамэнта турызму Гарадзенскай вобласьці Мацей Сьвяркоў.

Мацей Сьвяркоў: Напрыклад, толькі ў Гарадзенскую вобласьць прыехала больш за 350 тысяч замежных турыстаў. Зь бязьвізавага ўезду скарысталася каля 80 тысяч турыстаў, зь іх 40 тысяч з Польшчы. Бязьвізавы ўезд у любым выпадку будзе разьвівацца ў Беларусі. На новы турыстычны сэзон будуць цікавыя прапановы ў гэтай сфэры.

Летась у Беларусі было каля 2 мільёнаў турыстаў. Экспарт турыстычных паслуг склаў амаль 127 мільёнаў даляраў. У параўнаньні з 2017-м годам, гэта адчувальны прырост - на 17,5%. У сваю чаргу прадстаўнікі Сусьветнай турыстычнай арганізацыі перакананыя, што гэта далёка не канец. Беларусь можа прыцягваць па 25 мільёнаў турыстаў у год.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт