Logo Polskiego Radia
Print

Ці Валэнсу шантажавалі? У ЗША знойдзеныя невядомыя раней дакумэнты

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.12.2018 15:03
  • Ліст Кішчака.mp3
Гэта між іншым ліст былога міністра ўнутраных спраў Польшчы Чэслава Кішчака тагачаснаму прэзыдэнту Леху Валэнсе.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаPhoto: pixabay.com

Журналісты Польскага радыё і выданьня «Rzeczpospolita» выявілі невядомыя раней у Польшчы дакумэнты, знойдзеныя ў амэрыканскіх архівах. Гэта між іншым ліст былога міністра ўнутраных спраў Польшчы Чэслава Кішчака тагачаснаму прэзыдэнту Леху Валэнсе, напісаны ў траўні 1993 году.

Чэслаў Кішчак быў кіраўніком разьведкі, пазьней міністрам унутраных спраў Польскай Народнай Рэспублікі. Пасьля ягонай сьмерці тры гады таму стала вядома, што многія тайныя дакумэнты, якія маглі кампрамэтаваць польскіх палітыкаў, ён трымаў у хатнім архіве. Падчас ператрусу варшаўскай вілы Кішчакаў у лютым 2016 году ўдава генэрала добраахвотна перадала ў дзяржаўныя органы дакумэнты мужа. З гэтае прычыны пракурор Інстытуту нацыянальнай памяці адмовіўся ад выдачы ордэру на дакладны вобшук усіх памяшканьняў вілы. Цяпер аказалася, што ня ўсе гістарычныя паперы трапілі ў дзяржаўныя архівы.

Дакумэнты з прыватнага архіву генэрала Кішчака журналісты Польскага радыё і выданьня «Rzeczpospolita» знайшлі ў ЗША. Іх захоўвае гэтак званы Архіў Гувэра ў Стэнфардзе (Hoover Institution Library & Archives). Знойдзеныя паперы – гэта ліст Кішчака Валэнсе – чатыры друкаваныя картачкі, напісаныя на пішучай машынцы. Яны знаходзіліся сярод газэтных публікацый пра Валэнсу, якія зьбіраў Кішчык. Зьмест лісту сьведчыць аб тым, што генэрал Кішчак у 1993 годзе хацеў аказваць уплыў на тагачаснага прэзыдэнта Леха Валэнсу, пры нагодзе ён таксама прызнаўся, што многія важныя гістарычныя акты былі зьнішчаныя.

Ліст Кішчака да гэтага часу ня быў вядомы польскім гісторыкам. Ён пралівае новае сьвятло на гісторыю Польшчы апошніх некалькіх дзясяткаў гадоў, паказвае, што Кішчак спрабаваў націскаць на Валэнсу, – кажа адзін з журналістаў, якія знайшлі ліст, Пётр Літка.

П. Літка: Ён спрабаваў паўплываць на тагачаснага прэзыдэнта Леха Валэнсу, пішучы, што стараецца ляяльна і з пашанай ставіцца да агентуры, згадваючы, што няма неабходнасьці выяўляць агентаў ПНР. Ён таксама занепакоены сытуацыяй у Польшчы, дзе паявіўся гэтак званы «Сьпіс Мацярэвіча».

Сьпіс Мацярэвіча – гэта 64 прозьвішчы чальцоў ураду, дэпутатаў і сэнатараў свабоднай Польшчы, якія, па інфармацыі міністра ўнутраных спраў Антоні Мацярэвіча, былі тайнымі супрацоўнікамі спэцслужбаў ПНР.

Іншы журналіст Віктар Сьветлік дадае, што сям’я Кішчакаў у пэўным моманце хацела прадаць папку тайнага супрацоўніка " Болька" (Леха Валэнсы) амэрыканцам, але тыя не пагадзіліся.

В. Сьветлік: Амэрыканцы адмовіліся купляць. Адмова выходзіла ад крыніцы, якой быў сам прэзыдэнт Барак Абама. У вышэйшых уладных колах Амэрыкі вырашылі, што гэта можа пашкодзіць адносінам двух дзяржаў-хаўрусьніц. Зьвярніце ўвагу, на якім высокім узроўні палітыкі, а нават геапалітыкі гэтая справа адыгрывала ролю.

Дырэктар Вайсковага гістарычнага бюро Славамір Цэнцкевіч гаворыць, што на сьвеце супрацоўніцтва Леха Валэнсы з тайнымі спэцслужбамі не зьяўляецца таямніцай. Дарэчы, адзначае гісторык, амэрыканцы ніколі не зьбіраліся накласьці грыф «сакрэтна» на дакумэнты, якія трапілі ў амэрыканскія архівы.

С. Цэнцкевіч: Калі мы ўвойдзем на інтэрнэт-сайт Інстытуту Гувэра, то знойдзем пэрсанальную пачку тайных супрацоўнікаў. У тым ліку копію папкі Валэнсы, арыгінал якой захоўваецца ў польскіх архівах. Так што амэрыканцы дазваляюць карыстацца дакумэнтамі ўсім гісторыкам. Знойдзеныя дакумэнты паказваюць, што ў вілі Кішчака не было падрабязнага ператрусу, удава Кішчака гандлявала дакумэнтамі. Яна іх прадавала пасьля сьмерці Чэслава Кішчака, дарэчы, гандаль дакумэнтамі меў месца і перад яго сьмерцю. У перамовах з амэрыканцамі ўдзельнічаў сам Чэслаў Кішчак.

Колішнія тайныя дакумэнты, якія датычаць важных старонак польскай гісторыі, былі знойдзеныя журналістамі ў часе дасьледчай экспэдыцыі ў амэрыканскія архівы. Томаш Кшыжак (Tomasz Krzyżak), Віктар Сьветлік (Wiktor Świetlik) і Пётр Літка (Piotr Litka) прагледзелі тысячы дакумэнтаў, якія трапілі ў архівы ў горад Стэнфард.

Доказы на тое, што Валэнса быў «сексотам», зьявіліся некалькі гадоў таму. Былы прэзыдэнт да нашых часоў адмаўляе факт супрацоўніцтва.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт