Logo Polskiego Radia
Print

Гданьск разьвітваецца з мэрам ды кажа «не» мове нянавісьці

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 17.01.2019 16:15
  • не мове нянавісьці.mp3
Польскія праваахоўныя органы заяўляюць, што яны ня будуць ігнараваць «мову нянавісьці».
Foto: PAP/Tomasz Waszczuk

Жалобныя ўрачыстасьці будуць мець дзяржаўны характар. Польскія праваахоўныя органы заяўляюць, што яны ня будуць ігнараваць «мову нянавісьці». Забойцы мэра Гданьска пагражае пажыцьцёвае пазбаўленьне свабоды.

Польскі ўрад ды кіраўніцтва горад Гданьска рыхтуецца да разьвітаньня з трагічна загінулым мэрам горада Паўлам Адамовічам. Пахавальныя ўрачыстасьці будуць доўжыцца тры дні: чацьвер, пятніцу ды суботу.Больш падрабязна з Гданьска перадае карэспандэнтка Польскага радыё Агнешка Ясік.

Агнешка Ясік: Разьвітаньне пачалося з урачыстай сэсіі гарадзкой Рады дэпутатаў, у якой узялі ўдзел дэпутаты ўсіх скліканьняў з 1990-га года. Потым цырымонія перанеслася ў Эўрапейскі цэнтар салідарнасьці, дзе а 17 выставілі труну з целам прэзыдэнта. Да суботу разьвітацца з гаспадаром горадам могуць усе жыхары. Гарадзкія ўлады паведамілі, што ў бліжэйшыя два дні грамадзкі транспарт будзе бясплатным, каб кожны жадаючы мог разьвітацца са сваім мэрам цягам бліжэйшых сутак. На знак памяці мэру людзі ўжо вылажылі з запаленых зьнічоў вялікае сэрца.

Мэр Павал Адамовіч будзе пахаваны ў Марыяцкім саборы ў Гданьску. Пахаваньне адбудзецца ў суботу з удзелам прэзыдэнта ды прэм’ера Польшчы Анджэя Дуды ды Матэвуша Маравецкага. Урачыстасьць будзе мець дзяржаўна-прыватны характар. Гаворыць кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык.

Міхал Дворчык: Марскі флёт арганізуе ганаровы каравул падчас урачыстасьці. Падчас пераносу труны з Цэнтра Салідарнасьці ў Базыліку будзе граць вайсковы аркестар, калі захоча сям’я. Элемэнты дзяржаўнага пахаваньня будуць часткай урачыстасьці.

Трагедыя ў Гданьску выклікала шырокі рэзананс у Польшчы. У многіх гарадах краіны прайшлі маршы супраць гвалту ды нянавісьці. Польскія габрэйскія арганізацыі выступілі з дэклярацыяй супраць агрэсіўнасьці ды мове нянавісьці ў грамадзкім жыцьці. Гаворыць вярхоўны рабін Польшчы Міхаэль Шудрых.

Міхаэль Шудрых: Гэта вельмі глыбокая праблема, якая закранае ня толькі Польшчу, але шмат іншых краін у Эўропе, таксама ў ЗША. Гэта вялізарная праблем. Ідзецца пра тое, што калі ў вярхах сварацца, тады людзі ў нізе б'юцца.

Таксама польскі Сэйм зьвярнуўся з дэпутацкім запытаньнем да пракуратуры адносна прадухіленьня злачынстваў на глебе сацыяльнай ды расавай нянавісьці. Намесьнік Генэральнага пракурора Польшчы Кшыштаф Серак заявіў дэпутатам, што пракуратура вельмі сур’ёзна ставіцца да злачынстваў «на глебе нянавісьці».

Кшыштаф Серак: Вядзецца маніторынг спраў «распальваньня нянавісьці» у акружной ды рэгіянальнай пракуратуры, таксама дэпартамэнце сьледчы цэнтральнай пракуратуры вядзе нагляд за такімі справамі. Мы стварылі спэцыяльныя інстытуцыйныя рамкі ды працэдуры для вядзеньня сьледзтва па справай з гэтай катэгорыі. З 4 тысяч пракурораў мы выбралі 105 чалавек, якія цяпер займаюцца выключна справамі «распальваньня нянавісьці» у раённых пракуратарах.

У якасьці прыкладу праводзіцца справа «гэйтара» з Кнурава. Гэта маладзён, які ў Сеціве зьдзекаваўся ды кпіў са сьмерці трагічна загінулага мэра Гданьска. Паліцыя ўжо затрымала яго, яму пагражае некалькі гадоў турмы. Гаворыць прэсавая сакратарка паліцыі Сылескага ваяводзтва Аляксандра Навара.

Аляксандра Навара: Такія камэнтары зьявіліся на адным з парталаў. Паліцэйскія, якія вядуць маніторынг Сеціва з пункту гледжаньня распальваньня нянавісьці, хутка іх выкрылі. Аўтар допісаў затрыманы. Паліцыя канфіскавала ягоны тэлефон ды кампутар.

Што тычыцца забойцы мэра Гданьска, яго накіравалі цяпер на псыхіятрычную экспэртызу. Калі лекары пацьвердзяць ягоную сьвядомасьць, яму можа пагражаць пажыцьцёвае зьняволеньне. З такой ацэнкай выступіў Генэральны пракурор Польшчы Зьбігнеў Зёбра.

Зьбігнеў Зёбра: Калі абвінавачаны будзе прызнаны сьвядомым, яму пагражае 25 год пазбаўленьня свабоды, або пажыцьцёвае пакараньне. Злачынца павінен атрымаць найбольш суровую з магчымых пакараньняў. Аднак, я лічу, што адзінае пакараньне, якое мы павінны патрабаваць – гэта пажыцьцёвае зьняволеньне, у зьвязку з адсутнасьцю ў Польшчы сьмяротнага пакараньня.

Польшча разьвітваецца з трагічна загінулым мэрам Гданьска Паўлам Адамовічам. Палітык загінуў ад нажавых раненьняў, якія ён атрымаў падчас дабрачыннага канцэрту. Злачынцы пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт