Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве сустрэліся чыноўнікі, дыпляматы, прадстаўнікі бізнэсу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.01.2019 13:58
  • дыпляматыя.mp3
Гэта магчымасьць ня толькі падсумаваць мінулы год, але таксама прадставіць свае пляны на новы пэрыяд.
www.pixabay.com/Gerd Altmann/CC0 Creative Commons

Амаль чатырыста прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу, дзяржаўнай і муніцыпальнай адміністрацыі прынялі ўдзел у гэтак званым «дыпляматычным пачатку году».

Па традыцыі, якая пачалася пяць гадоў таму, такая сустрэча адбываецца кожны год. На ёй можна падсумаваць мінулы год у эканоміцы ды эканамічныя адносіны з замежнымі партнэрамі. Урачыстае спатканьне прайшло ў Алімпійскім цэнтры ў Варшаве. Яго зладзіла Нацыянальная эканамічная палата Польшчы. Старшыня палаты Анджэй Арэндарскі зьвярнуў увагу, што ўдзельнікі спатканьня маюць магчымасьць ня толькі падсумаваць мінулы год, але таксама прадставіць свае пляны на новы пэрыяд, на бліжэйшыя месяцы. Паводле ягоных словаў, 2018 год быў вельмі ўдалым для польскіх бізнэсоўцаў, за мяжу былі прададзеныя тавары за 214 млрд эўра. Гэта на 6% больш, чым годам раней.

А. Арэндарскі: Неабходна зьвярнуць увагу, што на больш чым 8% вырас продаж тавараў у Нямеччыну, якая зьяўляецца нашым самым буйным гандлёвым партнэрам. Гэты рост быў магчыма, нягледзячы на тое, што нямецкая эканоміка разьвіваецца значна павольней, чым раней. Выключна радуе нас таксама хуткі рост продажу польскіх тавараў у ЗША (10-працэнтны рост). Гэта пацьвярджае, што імкненьне польскай эканомікі дывэрсіфікаваць напрамкі продажу закончыліся посьпехам.

Міністар інвэстыцый і разьвіцьця Ежы Квяціньскі адзначыў, што эканамічны рост у мінулым годзе складаў каля 5%. Гэта, па словах міністра, адзін з найлепшых вынікаў за апошнія 30 гадоў. На ягоную думку, гэта рэзультат пасьлядоўнага ажыцьцяўленьня «Стратэгіі ў карысьць адказнага разьвіцьця».

Міністар зьвярнуў увагу таксама на тое, што ў краінах, якія знаходзяцца за заходняй мяжой Польшчы, ужо назіраецца эканамічнае падзеньне. Таму польская дзяржава таксама не пазьбегне эканамічнай дэканьюнктуры.

Е. Квяціньскі: Мы ўсе стараемся, каб гэта было мяккае і кароткае прызямленьне, а не рэзкае пікіраваньне, якое назіралася 10 гадоў таму. Перад намі стаяць таксама іншыя важныя выклікі. Скажам, брэксіт: 10 гадоў таму ніхто не прадбачыў, што такая рацыянальная дзяржава, такі рацыянальны народ, як брытанцы, прымуць такія нерацыянальныя рашэньні, якія мы цяпер бачым. Аднак я спадзяюся, што ў гэтай сфэры таксама ўсё супакоіцца і ўдасца выпрацаваць сумеснае рашэньне, удасца дамовіцца.

Падчас сустрэчы выступіў таксама кіраўнік палітычнага кабінэту прэзыдэнта Анджэя Дуды. Кшыштаф Шчэрскі падсумаваў актыўнасьць Анджэя Дуды на міжнароднай арэне, у галіне эканамічных адносін. Ён казаў, між іншым, пра прасоўваньне Ініцыятывы дзяржаў трох мораў ды эканамічнае супрацоўніцтва, зьвязанае з пытаньнямі бясьпекі. І дадаў, што гэты год таксама будзе вельмі актыўны ў дзейнасьці прэзыдэнта.

К. Шчэрскі: Актыўны год пачынаецца ўжо неўзабаве, прэзыдэнт адпраўляецца ў Давос на эканамічны форум. Я якраз сёньня падпісваў праграму візыту, і трэба сказаць, што даўно не было такой багатай праграмы, калі браць пад увагу колькасьць сустрэч, якія правядзе прэзыдэнт Анджэй Дуда ў Давосе. Гэта сустрэчы з прадстаўнікамі міжнародных кампаній, фінансавых устаноў, а таксама ён будзе ўдзельнічаў у важных палітычных дыскусіях. Нельга не згадаць пра істотныя эканамічныя візыты прэзыдэнта ў гэтым годзе. Я магу ўжо сказаць, што мы плянуем маштабную эканамічную місію прэзыдэнта на заходнім узьбярэжжы ЗША, візыт у цэнтар новых тэхналёгій амэрыканскай эканомікі.

Да ўдзельнікаў дыпляматычнай сустрэчы зьвярнуўся таксама прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі, які прыгадаў, што Нацыянальная эканамічная палата ўдзельнічала ў сьвяткаваньні сотай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці польскай дзяржавы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт