Logo Polskiego Radia
Print

Форум у Давосе: няпэўная будучыня ЭЗ ды НАТО

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 25.01.2019 15:55
У швэйцарскім Давосе завяршаецца Сусьветны эканамічны форум. Апошні дзень саміта быў прысьвечаны палітычным тэмам.
Foto: EPA/LAURENT GILLIERON Dostawca: PAP/EPA

У першую чаргу гучалі пытаньні пра будучыню НАТО да Эўрапейскага Зьвязу.

Сусьветны эканамічны форум у Давосе лічыцца адным з найбольш прэстыжных месцаў сустрэч палітыкаў, бізнэсоўцаў ды журналістаў з усяго сьвету. Штогод менавіта там абмяркоўваюцца найбольш важныя пытаньні са сфэры глябальнай палітыкі ды эканомікі.

Сёлета ў Давосе гучалі галасы пра няпэўную будучыню НАТО ды Эўразьвязу. Сумневы адносна НАТО зьявіліся пасьля нядаўніх паведамленьняў амэрыканскіх СМІ, што прэзыдэнт Дональд Трамп разважаў пра выхад ЗША з Альянсу. Апроч таго за апошні год значна пагоршыліся адносіны Памаж Вашынгтонам ды шэрага эўрапейскіх сталіц. У першую чаргу з Парыжам ды Бэрлінам. Амэрыканскі бок не задаволены тым, што большасьць эўрапейскіх хаўрусьнікаў прызначае замала сродкаў на абарону.

Прысутны ў Давосе генэральны сакратар Альянсу Енс Сталтэнбэрг пераконваў экспэртаў ды журналістаў, што НАТО не пагражае распад, а выдаткі на абарону павялічваюцца.

Енс Сталтэнбэрг: З 2016 года эўрапейскія хаўрусьнікі ды Канада павялічылі выдаткі на абарону на 41 мільярд даляраў. На падставе плянаў асобных краін, за два бліжэйшыя гады абаронныя выдаткі вырастуць на чарговыя 100 мільярдаў, да 2024 года адбудзецца рост на агульную суму 350 мільярдаў даляраў.

Былы дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў у Давосе, што ў ЗША з непакоем глядзяць на растучыя папулісцкія настроі ды дэмагогію ў Эўропе. У сваю чаргу польскі міністар замежных спраў Яцэк Чапутовіч казаў пра тое, што для Заходняй Эўропы – НАТО ня мае настолькі важнага значэньня, як для краін з Цэнтру ды Ўсходу кантынэнту, дзе востра адчуваецца расейская пагроза.

Яцэк Чапутовіч: Дзяржавы з нашай часткі Эўропу – Цэнтральна-Усходняй – больш зацікаўленыя трансатлянтычнымі адносінамі са Злучанымі Штатамі, чым краіны Заходняй Эўропы, якія пачуваюцца бясьпечна. Мы ж адчуваем пагрозу агрэсіі з Усходу. У першую чаргу гэта тычыцца краінаў Балтыі, Польшчы, Румыніі. Краіны Заходняй Эўропы ня маюць такога пачуцьця. Цяжка сабе ўявіць, каб Расея нанесла ўдар па Парыжу або Бэрліну. У іх іншае адчуваньне пагрозу, у першую чаргу гэта тычыцца міграцыйнага ціску з Поўдня. Гэтага баяцца заходнія грамадзтвы і ад гэтага хочуць бараніцца.

У Варшаве спадзяюцца, што напярэдадні 70 гадавіны заснаваньня Паўночнаатлянтычнага пакту дзяржавы-удзельніцы НАТО змогуць вырашыць існуючыя праблемы. Пра гэта ішла размова на сустрэчы прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды з генэральным сакратаром НАТО. Польскі лідар выказаў спадзяваньне, што НАТО прадэманструе сваю жывучасьць як хаўрус.

Анджэй Дуда: НАТО – гэта жывы саюз, які паказаў сваю здольнасьць прымаць рашэньні, дзейнічаць. У першую чаргу ідзецца пра прысутнасьць сіл Альянсу на ўсходнім флянгу: у Польшчы ды краінах Балтыі, і у Румыніі. НАТО паказвае, што дапасоўваецца ўвесь час да зьменлівых умоваў бясьпекі. НАТО жыве, мы абмяркоўвалі праблемы арганізацыі, пра выдаткі на абарону. Польшчы выконвае тут усе свае абавязкі.

Аднак ня толькі будучыня НАТО выклікала непакой сабраных у Давосе палітыкаў ды экспэртаў. Шмат пытаньняў гучала і пра будучыню Эўрапейскага Зьвязу, дзе працягваецца працэс выхаду Вялікабрытаніі з Супольнасьцяў. Прадстаўнікі іншых краін падзяліліся таксама што да далейшай палітыкі ЭЗ. Прадстаўнікі заходнеэўрапейскіх краін казалі пра патрэбу большай салідарнасьці паміж чальцамі ЭЗ. У цяжкія часы нельга ігнараваць падпісаныя дамоўленасьці, казаў у Давосе галяндзкі прэм’ер Марк Рютэ.

Марк Рютэ: Чаму нехта хоча стаць чальцом нейкай арганізацыі? Бо верыць, што ў групе, разам будзе мацнейшы, чым паасобку. Каб належыць да такой групы, трэба трымацца прынцыпаў. Дамоўленасьць – гэта сьвятое. Абяцаньні трэба выконваць. Чаму цяпер у нас ёсьць дзьве падзеленыя Эўропы, бо мы не выконваем абяцаньні.

У сваю чаргу прадстаўнікі Цэнтральнаэўрапейскіх краін кажуць пра тое, што Эўразьвяз павінен даць больш улады краінам-чальцам ды грамадзянам Эўропы. Пра гэта казаў у Давосе польскі прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі.

Матэвуш Маравецкі: Vox populi – гэта не папулізм, як часта крытыкуюць дадзены панятак рухі ў Італіі ды Францыі. Тое, што адбываецца вакол нас ёсьць сыгналам, што людзі хочуць лепш разумець, што адбываецца ў эўрапейскіх установах. Мы павінны адштурхоўвацца ад інтэграцыі зьнізу.

У Давосе эўрапейскія палітыкі дыспутавалі пра тое, што зрабіць, як рэфармаваць Эўразьвяз, каб супольнасьць стала мацнейшай пасьля выхаду Вялікабрытаніі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт