Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы актывізуюць барацьбу з карупцыяй

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 29.01.2019 15:40
  • барацьбa з карупцыяй.mp3
Польшча заняла 36 месца ў Індэксе ўспрыняцьця карупцыі (Corruption Perceptions Index).
www.pixabay.com/RJA1988/CC0 Creative Commons

Другі год запар польскі паказьнік не пагаршаецца. Гэтаму спрыяе кампанія супрацьдзеяньня карупцыі, што вядзе Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро краіны.

Індэкс успрыняцьця карупцыі – гэта гадавы рэйтынг найбольш карумпаваных краін сьвету, які з 1985-га года рыхтуе міжнародная арганізацыя Transparency International.

Індэкс рыхтуецца праз апытаньні экспэртаў ды прадпрымальнікаў з розных краін. У выніку кожная краіна атрымлівае ацэнку ад 0 да 100, дзе нуль азначае найбольшы ўзровень карупцыі, а 100 – найменшы.

Сёлета Польшча заняла 36 месца з ацэнкай 60 са 100. Летась быў такі самы вынік. У рэгіёне Польшча стала найменш карумпаванай дзяржавай, апярэдзіўшы Летуву, Латвію, Чэхію ды Вугоршчыну. Менш карумпаваная ў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропе толькі Эстонія. Гэтая краіна атрымала ацэнку 73/100 ды займае 18 месца ў сьвеце. Суседняя Беларусь названа больш карумпаванай дзяржавай. Ацэнка 44/100, што дало адпаведна 70 месца са 180 дзяржаў.

Лідарам з найменшым узроўнем карупцыі стала Данія з ацэнкай 88/100, Новая Зэляндыя (87/100) ды Сынгапур (85/100). Найбольш карумпаванымі краінамі названыя Самалі, Сырыя ды Судан.

Польскі вынік зьвязваюць з тым, што ў апошнія гады ўрад абвясьціў палітыку жорсткага супрацьдзеяньня карупцыі, пра што сьведчаць апошнія акцыі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро Польшчы.

Толькі нядаўна бюро правяло дзьве буйныя апэрацыі ў дзяржаўных ды бізнэс структураў. Затрыманыя 10 асобаў, якіх падазраюць у карупцыі ды злоўжываньні ўладай. Першая апэрацыя тычыцца групы чыноўнікаў ды палітыкаў, якія імкнуліся вывесьці грошы з Польскай групы ўзбраеньняў, абапіраючыся на свае сувязі ў Міністэрстве абароны. Сярод затрыманых былы кіраўнік палітычнага кабінэту міністра абароны ды былы дэпутат.

Гэта даказ таго, што ў Польшчы праваахоўныя органы дзейнічаюць як належыць, заявіў Польскаму радыё эўрадэпутат Рышард Чарнэцкі.

Рышард Чарнэцкі: Згодна з тым, што казаў старшыня кіруючай партыі Яраслаў Качыньскі, праваахоўныя органы ня будуць дзяліць на сваіх ды чужых. Бачна, што яны працуюць. Нам застаецца толькі чакаць на далейшую інфармацыю, як будзе сытуацыя разьвівацца.

У Польшчы ўсе роўныя перад законам, незалежна ад палітычнай прыналежнасьці, зазначыў віцэ-міністар унутраных спраў ды адміністрацыі Польшчы Павал Шэфэрнакэр.

Павал Шэфэрнакэр: Калі нехта робіць такія рэчы, якія праводзяць да злачынства, гэтым займаюцца адпаведныя дзяржаўныя службы. Ня важна, з якой вы партыі, з палітычнага асяродзьдзя, падчас кіраваньня партыі «Права і справядлівасьць» дзяржава дзейнічае так, што няма некранальных.

Міністэрства абароны выступіла з заявай, што будзе адкрыта супрацоўнічаць са сьледчымі органамі ў гэтай справе. Гэта не адзіны прыклад антыкарупцыйнай барацьбы.

На днях апэратыўнікі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро затрымалі 4 асобы ў зьвязку з злоўжываньнем уладай у канцэрне «Grupа Lotos» (дзяржава - галоўны акцыянэр). Сярод затрыманых таксама высокапастаўленыя асобы, зазначыў прэсавы сакратар міністра-каардынатара спэцыяльных службаў Станіслаў Жарын.

Станіслаў Жарын: Сярод затрыманых былі старшыня праўленьня групы Лотас, былы дырэктар ды прадпрымальнік, які супрацоўнічаў з кампаніяй. З сабраных матэрыялаў вынікае, што дадзеныя асобы прынялі рашэньне пра замову дарадчых паслуг, пры гэтым, насамрэч дамова была фіктыўнай. Дакумэнт быў падпісаны толькі дзеля таго, каб выцягнуць грошы з кампаніі. Нанесеная шкода вымяраецца ў сотнях тысяч злотых. Вядзецца сьледзтва.

Іншы прыклад антыкарупцыйнай кампаніі ў Польшчы – гэта дзейнасьць парлямэнцкай сьледчай камісіі, якая займаецца справай падатковых махінацый з ПДВ. На допыт камісія вызывае былых і дзейсных высокапастаўленых палітыкаў. Адным зь іх на днях стаў былы міністар юстыцыі і цяперашні міністар навукі Яраслаў Говін.

Яраслаў Говін: Мае кантакты з пракуратурай абмяжоўваліся сустрэчамі з генэральным пракурорам. Падчас тых сустрэч не абмяркоўваліся тэмы падатковых махінацый, у тым ліку з ПДВ, як і прапановы заканадаўчых зьменаў, каб з гэтым змагацца.

Польшча займае 36-ае месца ў сьвеце ў рэйтынгу 180 найбольш карумпаваных дзяржаў. У краіне вядзецца барацьба з карупцыяй у дзяржаўнай адміністрацыі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт