Logo Polskiego Radia
Print

Эўропа ў ліхаманцы, Беларусь мілітарызуецца

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.11.2011 07:30
  • Эўропа ў ліхаманцы.mp3
На мінулым тыдні ўся Эўропа сачыла з хвалавяньнем за падзеямі ў Грэцыі.

/

У небясьпецы апынулася эўрапейская валюта “эўра”. У Беларусі ўлады вынайшлі свой рэцэпт барацьбы з эканамічнымі цяжкасьцямі – мілітарызацыю.

Пару дзён таму грэцкі прэм’ер-міністар Георгас Папандрэў нечакана выступіў зь ініцыятывай вынесьці на рэфэрэндум другі пакет фінансавай дапамогі з ЭЗ. Умовы прызнаньня гэтай дапамогі падаліся грэкам вельмі жорсткімі, бо ЭЗ патрабаваў ад грэкаў вялікіх ашчаднасьцяў ды зьніжэньня ўзроўню жыцьця.

Ідэя рэфэрэндуму выклікала паніку на міжнародных фінансавых рынках ды сярод эўрапейскіх палітыкаў. Кіраўнікі Францыі й Нямеччыны нават прыгразілі Грэцыі выдаленьнем з эўразоны ды нават з Эўрапейскага Зьвязу. Пад ціскам заходніх палітыкаў Папандрэў адмовіўся ад рэфэрэндуму, аднак гэта выклікала крытыку з боку апазыцыі ў самой Грэцыі. Гэтаксама далёка да стабільнасьці й ва ўсёй эўразоне. На думку галоўнага эканаміста банку Societe Generale Яраслава Янэцкага, сытуацыя ў Эўропе супакоіцца, калі грэцкія палітыкі змогуць дамовіцца ды правесьці неабходныя рэформы.

Яраслаў Янэцкі: Далейшая дапамога краінаў эўразоны для Грэцыі сёньня ня мае значэньня. Грэцыя сёньня ня мусіць заплаціць асноўную частку даўгоў. Галоўныя аплаты Грэцыя павінна правесьці ў сакавіку будучага году. Да гэтага часу грэцкі ўрад павінен пазытыўна вырашыць увесь гэты крызыс.

Насамрэч выхад Грэцыі з эўразоны – гэта азначае глыбокі крызыс для ўсяго Эўразьвязу, бо перашкодзіў бы рэалізацыі стабілізацыйнага пляну, які быў прыняты на апошнім саміце ЭЗ у Брусэлі. Больш падрабязна тлумачыць польскі эканаміст Марцін Мруз.

Марцін Мруз: Калі грэкі не праявяць ахвоты ды рашучасьці ў ажыцьцяўленьні падатковых рэформаў, адмовяцца ад рэалізацыі пляну ашчаднасьцяў, у такім выпадку фінансавая дапамога робіцца беспрадметнай. Галоўныя эканомікі ЭЗ: Францыя й Нямеччына, якія дагэтуль спансаравалі грэцкі дэфіцыт, пачнуць сумнявацца ў мэтазгоднасьці такой палітыкі. Тады ня будзе іншага сцэнара апроч банкруцтва Грэцыі, пасьля чаго наступіць выхад гэтай дзяржавы з эўразоны. Гэта спародзіць мноства складанасьцяў: тэхнічнага й фінансавага характару, што азначае высокую рызыку ды месяцы нэрвовай атмасфэры на фінансавых рынках.

Пакуль Эўропа тушыць „фінансавы пажар”, выкліканы ініцыятывамі грэцкага ўраду, беларускае кіраўніцтва мілітарызуецца. Аляксандар Лукашэнка заявіў на днях, што ў Беларусі будзе створана новае войска на базе структураў тэрытарыяльнай абароны. Яно будзе налічваць 120 тысяч чалавек. Беларускія ўлады ствараюць атмасфэру аблогі ў Беларусі, лічыць палітоляг Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч: Такія вучэньні тэрытарыяльнай абароны азначаюць кантроль над цывільным насельніцтвам, асабліва мужчынамі. Такая мілітарызацыя стварае глебу, якая перашкаджае сацыяльным пратэстам. Адначасова гэта запалохвае людзей ды дае ім занятак. Тыповая сытуацыя крэпасьці ў аблозе.

Такая атмасфэра ствараецца невыпадкова. Гэта лукашэнкаўскі рэцэпт на барацьбу з эканамічнымі цяжкасьцямі ды новая крыніца ягонай легітымнасьці, лічыць палітоляг Андрэй Ляховіч.

Андрэй Ляховіч: З апошніх выказваньняў Лукашэнкі вынікае, што ён зацікаўлены ў стварэньні вобразу зьнешняга ворага. Сёньняшнія эканамічныя праблемы Беларусі тлумачацца ўзьдзеяньнем зьнешніх ворагаў: Захаду ды Расеі. Гэта штурхае Лукашэнку ў бок мілітарызацыі. Людзі будуць адчуваць зьнешнюю пагрозу, небясьпеку захопу як з боку Расеі, так і з боку Захаду. Ён бачыць у гэтым дадатковую крыніцу легітымізацыі.

Ад сапраўднай абароназдольнасьці краіны лукашэнкаўская тэрытарыяльная абарона знаходзіцца вельмі далёка, лічыць расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў.

Андрэй Суздальцаў: Мілітарызацыя зьяўляецца складанай часткай аўтарытарных рэжымаў. Мноства сілавых структураў, размаітых спэцслужбаў. Гэтаму надаюць сакральнае значэньне. Вядома, што на абароназдольнасьць тэрытарыяльныя сілы не паўплываюць. У сучасным сьвеце, пры глябальнай вайне на ўсю Беларусь пойдзе 15 хвілінаў.

У сучаснай глябальнай вайне на зьнішчэньне абароны Беларусі спатрэбіцца 15 хвілін. Ня меншыя зьнішчэньні можа прынесьці й фінансавы крысыз, як гэта адбываецца ў Эўропе. У такой сытуацыі тэрытарыяльная абарона не дапаможа, затое яна дапаможа трымаць пад кантролем грамадзтва.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт