Logo Polskiego Radia
Print

Робэр Шуман

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 10.10.2012 18:30
  • Шуман.mp3
Робэр Шуман зьяўляецца адной з ключовых фігураў, якая паспрыяла стварэньню Эўрапейскага Зьвязу.

/

Яго можна без сумневу назваць бацькам аб’яднанай Эўропы.

Напэўна, разьвіццю філясофіі й думак аб неабходнасці аб’яднаньня Эўропу спрыяла ягонае дзяцінства й жыцьцёвы шлях.

Шуман быў чалавекам, які выйшаў зь некалькіх культур. Нарадзіўся Шуман у 1886 годзе ў Люксембурзе. Ягоны бацька быў грамадзянінам Францыі, нарадзіўся ў Лятарынгіі. Пасьля нямецка-францускай вайны 1863 году Лятарынгія была далучана да Нямеччыны й ён стаў грамадзянінам Нямеччыны, як і маці Шумана. Яна нарадзілася ў Люксембурзе. Такім чынам Робэр ужо зь дзяцінства валодаў дзьвюма мовамі - нямецкай і францускай. Шуман паступіў ва ўнівэрсытэт у Нямеччыне ў Мецы, дзе вывучаў права й палітычную філясофію. Таксама ён меў магчымасьць вучыцца ў Боне, Мюнхене, Бэрліне.

Пасьля Першай сусьветнай вайны ў 1919 г. Шуман стаў грамадзянінам Францыі й там пачалася ягоная палітычная кар’ера.

Эльзас і Лятарынгія зноў увайшлі ў склад Францыі. Гэта спрыяла таму, што Шуман пачаў актыўна ўдзельнічаць у францускай палітыцы. Ён стаў дэпутатам ў францускі парламэнт.

Пасьля таго, як Францыя была занята гітлераўцамі ў 1940 годзе, Шуман адмовіўся супрацоўнічаць з новай адміністрацыяй, за што быў арыштаваны й прасядзеў некалькі месяцаў у гестапа. Яго нават зьбіраліся выслаць ў лягер сьмерці Дахаў, але дзякуючы таму, што за яго заступіліся нямецкія праўнікі, ён стаўся вязьнем гаўляйтэра Лятарынгіі Брукера. У 1942 годзе ён змог зьбегчы й далучыцца да Руху Супраціву.

Ячшэ падчас вайны Шуман адстойваў ідэю ўзмацненьня добрых адносінаў паміж Францыяй і Нямеччынай.

Пасьля вайны Шуман займаў розныя міністэрскія пасады. У 1948 годзе ён стаўся міністрам замежных справаў. Ідэя аб’яднаньня Эўропы пачала набываць свае формы.

Шуман быў першым, хто ініцыяваў стварэньне Рады Эўропы.

Шуман стаў вядомы, як адзін з аўтараў “Пляну Шумана”, які быў ім прапанаваны ў 1950 годзе і прадугледжваў аб’яднаньне мэталургічнай і вуглездабываючай прамысловасьці Францыі й Заходняй Нямеччыны. 9 траўня 1950 года Шуман выступіў з Дэклярацыяй па стварэньню Эўрапейскага Аб’яднаньня Вугалю і Сталі.

“Эўропу не атрымаецца стварыць у адзін момант, ці на падставе аднаго пляну. Яна будзе будавацца на канкрэтных дасягненьнях, зь якіх пачнецца пабудова фактычнай салідарнасьці. Аб’яднаньне народаў Эўропы патрабуе ліквідацыі супрацьстаяньня Францыі й Нямеччыны. Усе дзеяньні павінны закранаць ў першаю чаргу гэтыя дзьве краіны. З гэтай мэтай урад Францыі прапануе зрабіць крокі ў адной вузкай, але вельмі важнай вобласьці”, - гаворыцца ў Дэклярацыі.

Дэклярацыя, якая была агалошана Шуманам 9 траўня 1950 году стала першым крокам на шляху да стварэньня аб'яднанай Эўропы й адзначаецца як Дзень Эўропы.

Шуман быў упэўнены ў тым, што аб'яднаная Эўропа, яе тэхналягічнае разьвіцьцё будзе ня толькі вялікім шанцам на будучыню для краін Заходняй Эўропы, але таксама надзеяй для тых краінаў, якія апынуліся пад савецкім кантролем.

18 красавіка 1951 году ўрадамі ФРГ, Францыі, Італіі, Бэльгіі, Нідэрляндаў і Люксембургу былі падпісаны пагадненьні аб стварэньні Эўрапейскага Аб’яднаньня Вугалю й Сталі.

Шуман стаў першым прэзыдэнтам Эўрапейскага Парлямэнту.

Памёр Робэр Шуман ў 1963 годзе. Ягоная папулярнасьць як палітыка й чалавека была настолькі вялікай, што ў 2004 годзе каталіцкі касьцёл распачаў працэс, які можа прывесьці да бэатыфікацыі Шумана.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт