Logo Polskiego Radia
Print

Каталікі наведваюць батлейкі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 29.12.2013 16:00
  • Багацьце веры.mp3
Калісьці батлейка была Сьвятым Пісаньнем для бедных, якія ня ўмелі чытаць, - нагадвае а. Ян Марыя Шэвэк.
Jana Stępniewicz

Падчас сьвятаў Божага Нараджэньня й наогул у Калядным пэрыядзе вернікі ахвотна наведваюць сьвятыні, ня толькі, каб паўдзельнічаць у набажэнствах, але таксама, каб паглядзець батлейкі.

У Кракаве на наведвальнікаў чакае шмат сьвяточных прываблівасьцяў. Аднак, як і кожны год, найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца: калядная пастаноўка ў храме законьнікаў капуцынаў, батлейка ў Марыяцкай базыліцы, батлейка ў касьцёле бернардынцаў ці жывая батлейка ў касьцёле францысканцаў.

Вернікі: Проста дзіця ўжо старэйшае й мы хочам пазнаёміць яго з нашай культурай, з культурай Божага Нараджэньня. Гаворка ідзе пра тое, каб яно таксама духоўна перажывала гэты сьвяточны пэрыяд.

Вернікі: Мне вельмі падабаюцца кракаўскія батлейкі, паколькі яны не нагадваюць ніякіх іншых батлейкаў. Яны выглядаюць, як нейкія палацы або замкі.

Вернікі: Перш за ўсё, гэта традыцыя. Вельмі прыгожая традыцыя. Дзецям яна таксама вельмі падабаецца.

У манастырах бэрнардынцаў і капуцынаў манахі будавалі батлейкі на працягу многіх гадоў. Як тлумачыць францысканец айцец Ян Марыя Шэвэк, калядныя спэктаклі былі вельмі важныя ў мінулым, але і ў цяперашні час яны не губляюць свайго значэньня.

айцец Ян Марыя Шэвэк: Калісьці батлейка была, можна сказаць, Сьвятым Пісаньнем для бедных, паколькі яны ня ўмелі чытаць. Батлейкай Касьцёл расказваў вернікам пра асноўныя падзеі ў жыцьці Хрыста. Напрыклад, казаў пра яго нараджэньне. У сваю чаргу, цяперашняе пакаленьне - гэта пакаленьне часоў малюнкаў. Нягледзячы на тое, што мы ўмеем чытаць, то глядзець таксама любім.

Батлейкі ў каталіцкіх касьцёлах можна будзе глядзець да 2 лютага.

аз

Папа Францішак ськіраваў пасланьне да ўдзельнікаў сустрэчы моладзі ў Страсбургу

У Эўрапейскай сустрэчы моладзі прымуць удзел каля 30 тыс. чалавек, у тым ліку каля 1 тыс. вернікаў зь Беларусі.

Папа Рымскі Францішак ськіраваў пасланьне да ўдзельнікаў Эўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай экумэнічнай супольнасьцю Тэзэ. Сустрэча пачалася 28 сьнежня бягучага года й будзе працягвацца да 2 студзеня 2014 года ў Страсбургу - горадзе на мяжы паміж Францыяй і Нямеччынай. Нагадваем, у Страсбургу з 1949 года адбываюцца паседжаньні Рады Эўропы.

У Эўрапейскай сустрэчы моладзі прымуць удзел каля 30 тыс. чалавек, у тым ліку каля 1 тыс. вернікаў зь Беларусі. Сьвяты Айцец запэўніў моладзь у сваёй духоўнай блізкасьці й нагадаў, што землі Эльзаса й Лятарынгіі, няглядзечы на тое, што на прагягу гісторыі неаднойчы былі сьведкамі канфліктаў, сталі сымбалям надзеі, даўшы пачатак сям’і эўрапейскіх народаў.

Папа Францішак убачыў вялікі сымбалізм у правядзеньні сустрэчы моладзі адначасова ў дзьвюх краінах - Францыі й Нямеччыне. Эўропа, на думку Сьвятога Айца, мае патрэбу ў дзейнасьці, адвазе й веры моладзі, каб перамагчы складаныя моманты, якія перажывае.

Зьвяртаючыся да тэмы сустрэчы ў Страсбургу – „Шукаць бачнага адзінства паміж усімі, хто любіць Хрыста”, Папа адзначыў: „Вы ўсьведамляеце, што падзелы паміж хрысьціянамі зьяўляюцца вялікай перашкодай для місіі, даверанай Касьцёлу і, што пераканаўчасьць хрысьціянскага пасланьня будзе большай, калі хрысьціяне здолеюць перамагчы падзелы”. Сьвяты Айцец адзначыў, што падзяляе ўпэўненасьць у тым, што ад іншых можна навучыцца многаму, а рэальнасьцяў для аб’яднаньняў шмат.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё/аз

Мітрапаліт Кандрусевіч сустрэўся з хворымі абласнога клінічнага шпіталя

Па словах Мітрапаліта, духоўна здаровы чалавек заўсёды мае надзею й таму лепей паддаецца лячэньню.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з мэдпэрсаналам і хворымі Менскага абласнога клінічнага шпіталя. Іерарх падзякаваў за запрашэньне й падкрэсьліў, што такія сустрэчы сталі традыцыйнымі, што пацьвярджае неабходнасць аб’яднаньня мэдыцыны й рэлігіі для пасьпяховага лячэньня людзей.

Па словах Мітрапаліта, усім вядома, што духоўна здаровы чалавек заўсёды мае надзею й таму лепей паддаецца лячэньню.

„Бог ня мае ні рук, ні ног і таму дзейнічае праз людзей. У выпадку хворых ён дзейнічае праз урачоў і сьвятароў. Урачы лечаць цела чалавека, а сьвятары - душу, каб чалавек быў здаровы душой і целам”, - сказаў Мітрапаліт Кандрусевіч. Таму, паводле яго, вельмі важнае плённае супрацоўніцтва мэдыкаў з Касьцёлам і Царквой.

Мітрапаліт выказаў удзячнасьць адміністрацыі абласнога шпіталя за тое, што сьвятар можа прыходзіць у шпіталь з духоўнай дапамогай хворым.

Таксама арцыпастыр павіншаваў мэдыкаў і хворых са сьвятамі Божага Нараджэньня й наступаючым Новым годам. Урачам арцыбіскуп пажадаў Божай дапамогі ў выконваньні іх вельмі складаных абавязкаў, хворым - хутчэйшага выздараўленьня, а ўсім разам - благаслаўленьня Немаўлятка Езуса, посьпехаў у асабістым жыцьці й працы.

Потым Мітрапаліт падзяліўся аплаткай з урачамі й хворымі.

Сустрэчу ўпрыгожыў сьпеў парафіяльнага хору.

catholic.by/аз



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт