Logo Polskiego Radia
Print

Больш за 10% часу кіроўца не глядзіць на дарогу

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 18.01.2014 06:06
За кіраўніцай мы не глядзім на дарогу, бо ямо, пішам смс-кі або адказваем на званкі.


Усё, што адцягвае ўвагу кіроўцы ад дарогі, можа быць небясьпечным, аднак дасьледаваньне паказвае, што пабочныя заняткі асабліва рызыкоўныя для пачаткоўцаў.

Дасьледаваньне было праведзенае ў акрузе Калумбія і Паўднёва-заходняй Вірджыніі.

Дасьведчаныя дарослыя ўдвая часьцей выклікалі або ледзь пазьбягалі аварыі з-за тэлефоннага званка (у параўнаньні з сытуацыяй, калі яны ня мусілі выконваць дзьвюх апэрацый адначасна). Іншыя другасныя заняткі не павышалі рызыкі.

Амэрыканскія дасьледнікі заўважылі, аднак, што ў выпадку недасьведчаных кіроўцаў-падлеткаў званок у 8 разоў павялічваў рызыку ДТЗ. Прычым небясьпечным у гэтай групе паддосьледных было таксама спажываньне ежы падчас кіраваньня.

У межах дасьледаваньня навукоўцы прааналізавалі запісы камэр, устаноўленых у аўтамабілях амаль 150 чалавек. Пачаткоўцы, якія атрымалі правы кіроўцы да 3 тыдняў перад досьледам, складалі прыкладна чвэрць пробы. Астатнія былі дасьведчанымі кіроўцамі ва ўзросьце 18-72 гадоў. На працягу года запіс уключаўся кожны раз, калі заводзіўся аўтамабіль. Датчыкі рэгістравалі паскарэньне, раптоўнае тармажэньне, раптоўныя павароты і г.д.

Кожны раз, калі здаралася аварыя або калі ледзь-ледзь удалося яе пазьбенуць, дасьледнікі правяралі на запісах, ці кіроўца ня быў уцягнуты ў пабочнае дзеяньне. Яны выбіралі эпізоды, калі кіроўца размаўляў па тэлефоне, прымаў тэлэфанаваньне, набіраў нумар, працягваў руку да нейкага іншага аб'екта - напр. прыборнай панэлі, рэгуляваў тэмпэратуру або радыё, калі еў або піў падчас язды, глядзеў у бок, мінаючы няшчасны выпадак на дарозе, калі папраўляў люстэрка, рэгуляваў рамяні або адкрываў фортачку.

Сама па сабе размова па мабільным тэлефоне не павялічвала рызыка ні ў дарослых, ні ў падлеткаў. Аднак найбольш небясьпечным быў момант, калі кіроўца выцягваў руку па тэлефон, глядзеў, хто звоніць, прымаў званок або сам набіраў нумар. Надзвычай небясьпечным аказалася смс-аваньне.

Аўтары дасьледаваньня лічаць, што ў сьвятле атрыманых вынікаў неабходна ўкараняць праграмы, якія будуць абмяжоўваць выкарыстаньне электронных прылад, асабліва сярод пачаткоўцаў. Апроч таго, варта было б таксама пераасэнсаваць адукацыю ў пытаньнях небясьпекі дзеяньняў, якія адцягваюць увагу падчас кіраваньня.

эб/kopalniawiedzy.pl

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт