Logo Polskiego Radia
Print

25.01.1831: Сэйм Польшчы дэтранізаваў Мікалая І

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 25.01.2014 08:00
  • 25.01.1831.mp3
Гэта быў адзін з элемэнтаў Лістападаўскага паўстаньня 1831 году.
foto:dziennikipowstania.pl foto:dziennikipowstania.pl

Згодна з пастановамі Венскага кангрэсу 1815 году, Каралеўства Польскае знаходзілася ў пэрсанальнай уніі з Расеяй. Галавой дзяржавы быў імпэратар Расеі Мікалай І. Падчас паўстаньня часовы ўрад Каралеўства Польскага, які быў створаны 4 сьнежня 1830 г., выслаў у Санкт-Пецярбург дэлегацыю з шэрагам патрабаваньняў, сярод якіх было: вяртаньне васьмі ваяводстваў, выкананьне Канстытуцыі, урэгуляваньне пытаньня з падаткамі, выкананьне гарантый свабоды й галоснасьці, галоснасьць паседжаньняў Сэйму, ахова Каралеўства выключна ўласнымі войскамі.

Мікалай І адхіліў усе патрабаваньні й прапанаваў толькі адно: амністыю ўсім удзельнікам паўстаньня.

З гэтым адказам дэлегаты вярнуліся ў Варшаву, дзе й было Сэймам прынятае рашэньне пра дэтранізацыю Мікалая І. У пастанове казалася, што яна прымаецца па прычыне таго, што імпэратар не выконвае сваіх канстытуцыйных абавязкаў, і такім чынам “народ польскі заяўляе, што ён зьяўляецца незалежнай нацыяй і мае права аддаць польскую карону таму, хто будзе яе годны й хто будзе выконваць абяцаныя прысягай свабоды”.

Прыняцьцё гэтага дакумэнту азначала пераход ад мірных перамоваў да адкрытага ўзброенага супрацьстаяньня з Расеяй.

Адам-Ежы Чартарыйскі, які быў прыхільнікам памяркоўнага руху, калі падпісаў дакумэнт, сказаў: “Згубілі Польшчу”.

З пункту гледжаньня польскага боку, спадкаемцы Мікалая І не маглі быць каралямі Польшчы і ўсё далейшае кіраваньне лічылася пазапраўным і ўзурпатарскім. Разам з гэтым расейскі бок лічыў, што Канстытуцыя Каралеўства Польскага была дадзена з волі Расейскага манарха на Кангрэсе 1815 году, і толькі манарх меў права яе зьмяняць.

Афіцыйна лічыцца, што пасьля падпісаньня дакумэнту пачалася польска-расейская вайна 1831 году.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт