Logo Polskiego Radia
Print

Як робяць торбы са скуры вярблюда?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 08.03.2014 07:01
  • Як зрабіць торбу са скуры вярблюда.mp3
Экскурсія па гарбарных майстэрнях Маракеша – падарожжа ў прасторы й часе.

Маракеш – адзін з самых вялікіх гарадоў Марока й самых старажытных гандлёвых цэнтраў Паўночнай Афрыкі. Тысячы турыстаў прыязджаюць сюды, каб убачыць шумныя стракатыя базары, мячэці, паркі. Аднак адну са славутасьцяў Маракеша турысты наведваюць ня так часта. Гэта гарбарні - месцы, дзе апрацоўваюць скуры. Тэхналёгія іх выдзелкі засталася дакладна такой, якой была ў Сярэднявеччы. Пра сакрэты афрыканскіх скураных майстроў расказвае Аляксандар Папко.

Рабочыя сьцякаюцца ў гарбарні Маракеша зь першымі прамянямі сонца. Пляцоўкі, дзе апрацоўваюць скуры, схаваныя у лябірынце вузкіх вулачак старога горада. Турысты ходзяць сюды ня так часта – можа, з-за таго, што знайсьці гэтае месца ня так проста, а можа таму, што ня кожны можа вытрымаць едкі пах гною, скураў і вапны. Ад смуроду ратуе пучок дзікай мяты, які прыходзіцца нюхаць раз-пораз.

На пляцоўцы памерам каля 60 на 100 мэтраў месьцяцца дзясяткі выкладзеных керамікай ямаў, напоўненых едкімі рэчывамі й фарбамі. Перад тым, як скура вярблюда ці барана ператворыцца ў экзатычную торбу, праходзіць ня менш за паўтара месяца – тлумачыць мараканскі гарбар Мустафа:

/

Мустафа: 10 дзён скуры вымочваюць у аміяку ці гашанай вапне, каб растварыць тлушч і выдаліць поўсьць. Два тыдні скуры вымочваюць у гною галубоў, каб зрабіць іх больш мяккімі. І яшчэ каля 30 дзён іх вымочваюць у фарбе, каб зафіксаваць колер. Затым скуры высушваюць і скрабуць. І нарэшце – выгладжваюць і даводзяць да патрэбнай якасьці.

Прама ў цыстэрнах з гноем, аміякам ды фарбай завіхаюцца людзі ў рыбацкіх ботах і гумавых рукавіцах. На цэмэнтных пляцоўках побач падлеткі саскрабаюць з вымачаных скураў тлушч і поўсьць. Пад навесамі майстры вострымі нажамі вычэсваюць і гладзяць скуры. Запрэжаныя ў павозкі аслы падвозяць на гарбарні неапрацаваныя скуры й мяшкі з натуральнымі фарбавальнікамі. Праца ў гарбарні – ня зь лёгкіх, кажа Мустафа.

Мустафа: Людзі працуюць выключна рукамі – у ботах і рукавіцах. Ніякіх машынаў не выкарыстоўваецца. І вапна, і гной галубоў вельмі едкія. Так што праца цяжкая й небясьпечная. Працы ў гарбарні вядуцца толькі з раніцы да абеду – калі ня так горача.

У Маракешы тры гарбарні – арабская, бэрбэрская і гарбарня туарэгаў. Непадалёк знаходзяцца лаўкі, дзе можна купіць сумку, пас ці кашалёк. Адну з такіх лавак трымае пажылы рамесьнік Саід. Твару свайго фатаграфаваць не дазваляе – з рэлігійных меркаваньняў.

Саід: Мы працуем са скурамі козаў, авечак, арабскіх вярблюдаў і кароваў. Каб скура, якую вы трымаеце ў руках, была такая мяккая, яе трэба апрацоўваць 45 дзён. Скура апрацоўваецца толькі натуральнымі рэчывамі – вымочваецца ў гною галубоў. Аднак, як самі адчуваеце, экскрэмэнтамі скура ня пахне.

Майстры робяць скураныя пуфікі для сядзеньня, пасы, сумкі, а таксама рознакаляровыя скураныя шлёпанцы, якія называюцца “бабуш”. З вострымі насамі носяць жыхары раўніны, а з закругленымі – жыхары гораў. Усе вырабы маюць неверагодна яркія колеры. Цяжка паверыць, што ўсе фарбавальнікі, якія выкарыстоўваюць майстры – натуральныя. Саід раскрывае нам іх сакрэты.

Саід: Карычневы колер мы робім, вымочваючы скуры ў хне. Жоўтую фарбу мы робім на падставе шафрану. А каб зрабіць аранжавую фарбу – зьмешваем шафран зь зернямі гранату. Чырвоную фарбу мы робім зь дзікага маку, які зьбіраюць вясной нашыя жанчыны. Блакітную фарбу мы робім зь мінэралу індзіга. Зялёны колер – зь дзікай мяты. Белы колер – гэта колер натуральнай нефарбаванай скуры. Праўда, з часам яна цямнее. Скура вярблюда больш сухая й жорсткая, чым скура каровы. На ёй пры дапамозе малатка й долата мы выбіваем розныя ўзоры.

Лаўку рамесьніка вы наўрад ці пакінеце з пустымі рукамі. Вас незаўважна прымусяць нешта купіць. Аднак, каб не застацца бяз грошай, трэба ўмець жорстка гандлявацца. Цана, якую вам запрапануюць першай, будзе завышаная як мінімум у пяць разоў.

Апоўдні, калі гарачае ўсходняе сонца ўстае з-за Атляскіх гораў, гарбарні пусьцеюць. Затое паволі напаўняюцца народам вузкія сярэднявечныя вуліцы, адчыняюцца рамесныя майстэрні й крамы. А бліжэй да вечара тысячы турыстаў прыходзяць на мясцовыя базары, каб набыць слодычы, спэцыі, каляровыя хусткі, вырабы зь медзі, а таксама усё тыя ж пасы, сумкі ды скураныя пуфікі. Тэхналёгія іх вырабу, якая не зьмянілася за сотні гадоў, служыць адзнакай якасьці й надае вырабам мараканскіх гарбароў непаўторны шарм.

Аляксандар Папко

Знайсьці
Знайсьці квартал гарбароў у лябірынце вуліцаў старога Маракеша ня так лёгка.

Брама
Брама адной з гарбарняў.

На
На гэтай пляцоўцы знаходзіцца некалькі дзясяткаў рэзэрвуараў з гашанай вапнай, гноем і фарбавальнікамі.

Усе
Усе працы выконваюцца ўручную. Гарбар замочвае скуры ў гашанай вапне.

А
А Гэты майстар фарбуе скуру - вымочвае яе ў растворы хны.

Пафарбаваныя
Пафарбаваныя скуры скрабуць спэцыяльнымі паўкруглымі нажамі.

Такія
Такія восьлікі падвозяць да гарбарні мяшкі з фарбавальнікамі.

Вынік
Вынік працы - ярка расфарбаваныя скураныя пуфікі (падушкі для сядзеньня).

Пасы,
Пасы, сумкі, кашалькі са скуры мясцовых вярблюдаў, козаў ды кароваў можна набыць на шумных мараканскіх рынках.


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт