Logo Polskiego Radia
Print

У Баку запалілі факел першых Эўрапейскіх гульняў

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 28.04.2015 13:12
У сталіцы Азэрбайджану, Баку, адбылася цырымонія запальваньня факела першых Эўрапейскіх гульняў.
bisanz.plbisanz.pl


Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў у суправаджэньні старшыні Арганізацыйнага камітэту першых Эўрапейскіх гульняў Мехрыбан Аліевай і прэыдэнта Эўрапейскага Алімпійскага камітэту Патрыка Хікі запаліў факел Гульняў. Ільхам Аліеў перадаў факел першаму факеланосцу Эўрапейскіх гульняў "Баку-2015", алімпійскай чэмпіёнцы Рафізе Шабанавай.

Азэрбайджан часта называюць Краінай Агню, таму лягічна, што эстафэта першых Эўрапейскіх гульняў пачала свой шлях зь зямлі Атэшгях - старажытнага сьвяцілішча вогнепаклоньнікаў. Факел першых Эўрапейскіх гульняў на працягу 47 дзён будзе пранесены па ўсіх кутках Азэрбайджану і 12 чэрвеня дастаўленыя на цырымонію адкрыцьця Гульняў, якая адбудзецца на Бакінскім Алімпійскім стадыёне.

Да эстафэты агню першых Эўрапейскіх гульняў прыцягнутыя больш як 1000 факеланосцаў, і ў кожным рэгіёне прадугледжваецца правядзеньне "Фэсту агню". Па зямлі факел будзе перавозіцца аўтобусам, фунікулёрам, роварам, пад зямлёй - у бакінскім мэтро, па вадзе - на катэры, а ў паветры - самалётам. 8 чэрвеня факел будзе пранесены па спартовых арэнах Баку, пераадолеўшы амаль 5500 кілямэтраў па Азербайджане. Аснова факела складае 660 мілімэтраў і нагадвае гранатавае дрэва, якое прысутнічае ў брэндзе "Баку-2015". Медны наканечнік, які засьцерагае агонь, мае форму граната. 50 яго зярнят сымбалізуюць колькасьць краін, што ўдзельнічаюць у Гульнях.


Канчатковы склад беларускай каманды на першыя Еўрапейскія гульні ў Баку будзе вызначаны ў пачатку траўня, а 9 чэрвеня першыя беларускія спартоўцы накіруюцца ў Баку. Паводле прагнозаў спэцыялістаў, беларускім атлетам пад сілу змагацца за 35 мэдалёў.

Рашэньне аб правядзеньні гульняў было прынятае ў сьнежні 2012 году на 41-й Генэральнай асамблеі Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Тады 84 адсоткі краін падтрымалі гэтае рашэньне. Турнір стане традыцыйным і будзе арганізоўвацца кожныя 4 гады. Першыя Эўрапейскія гульні пройдуць у Баку (Азэрбайджан) з 12 па 28 чэрвеня 2015 году.

Больш як 6000 атлетаў на працягу 17 дзён будуць спаборнічаць у 20 відах спорту, сярод якіх 16 алімпійскіх. У праграму ўключаны таксама баскетбол 3х3 і пляжны футбол. У 11 відах будуць разыграныя ліцэнзіі на Алімпіяду-2016. Найбольшая колькасьць мэдалёў будзе ў наступных відах: плаваньне (42), стральба кулявая (19), дзюдо (18). Па аднаму камплекту мэдалёў уручаць у камандных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы і пляжным футболе. Усяго барацьба будзе ісьці за 253 камплекты мэдалёў.

БЕЛТА/ эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт