Logo Polskiego Radia
Print

Варшаўская бітва 1920

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.08.2015 10:01
  • Варшаўская бітва 1920.mp3
15 жніўня 1920 пераломны момант польска-бальшавіцкай вайны. З таго дня закончыўся паход Чырвонай арміі на Захад.
Kadr z filmu "Bitwa Warszawska"

Савецка-польская вайна пачалася ў 1919 годзе, а скончылася ў 1921 падпісаньнем Рыскай дамовы, якая падзяліла Беларусь і Ўкраіну на савецкую і польскую часткі.

Наступленьне на Варшаву пачалося пасьля пасьпяховай Кіеўскай апэрацыі, калі былі разьбітыя асноўныя сілы польскай арміі. Пасьля гэтага, Чырвоная армія пачала хутка перамяшчацца ў бок Рэчы Паспалітай у напрамку Варшавы.

Асноўнай мэтай быў поўны разгром Польшчы, усталяваньне там савецкай улады і далейшае наступленьне на Захад, перш за ўсё ў Нямеччыну.

Пераўтварэньне Нямеччыны ў камуністычную дзяржаву магло спрыяць глябальным мэтам бальшавікоў – сусьветнай рэвалюцыі.

Варшаўская бітва лічыцца адной з 18 пераломных у гісторыі сьвету. Польшча супрацьстаяла ня толькі новаму пакарэньню з боку Расеі, але і камуністычнай навале, якая б магла зьмяніць гісторыю і сьвет.

У загадзе камандуючага Заходнім фронтам Міхаіла Тухачэўскага гучалі наступныя заклікі: «Байцы працоўнай рэвалюцыі. Накіруйце свае позіркі на захад. На захадзе вырашаецца лёс сусьветнай рэвалюцыі. Праз труп белай Польшчы ляжыць шлях дасусьветнага пажару. На багнетах панясём шчасьце і спакой працоўнаму чалавецтву. На Захад!»

Бальшавіцкае кіраўніцтва таксама адмовілася ад заключэньня міру, які прапанаваў ангельскі міністр замежных справаў лорд Керзон і ўсталяваньня межаў паміж Польшчай і Савецкай Расеяй па этнаграфічных прынцыпах.

Ужо 1 жніўня ў Беластоку бальшавікі сфармавалі новы Польскі ўрад, у які ўвайшлі Мархлеўскі, Дзяржынскі, Уншліхт і іншыя.

12 жніўня пачалося наступленьне на Варшаву. Адным з важнейшых эпізодаў варшаўскай бітвы было здабыцьцё штабкватэры 4-савецкай арміі і яе ваенных складоў, у тым ліку і радыёстанцыі. Гэта адбылося якраз 15 жніўня.

15 жніўня дзякуючы добра расплянаванаму наступленьню польскага войска дывізіі генэрала Жэлігоўскага і Беларуска-літоўскай дывізіі генэрала Яна Жандкоўскага, наступленьне бальшывікоў удалося спыніць і прарваць савецкі фронт.

У выніку далейшых удараў польскага войска, савецкае войска было амаль цалкам разьбіта. Адзначым, што Польшча была ў ізаляцыі ад міжнароднай падртымкі, бо Немцы, Аўстрыя і Чэхаславакія блякавалі пастаўкі зброі з Францыі, таксама ІІ Камінтэрн угаварыў маракоў не прапускаць пастаўкі марскім шляхам.

Якія былі страты Чырвонай арміі і па сёньняшні дзень не вядомы. Па розных дадзеных, у бітве за Варшаву загінула каля 25 тысячаў чалавек, у польскі палон патрапіла каля 60 тысячаў. Палякі страцілі забітымі, параненымі і прапаўшымі бяз вестак да 37 тысячаў чалавек.

Варшаўская бітва была названа «Цудам над Віслай».

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт