Logo Polskiego Radia
Print

Ці прагулка на слане зьяўляецца этычнай?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 04.09.2015 09:00
  • Ці прагулка на слане зьяўляецца этычнай.mp3
Тэма выкарыстоўваньня жывёл зьяўляецца нялёгкай і выклікае крайнія меркаваньні.
flickr.com

У мінулай перадачы мы расказвалі, што ў Польшчы ня будзе згоды на дэльфінарый. Сёньня мы працягнем тэматыку камэрцыялізацыі жывёл у Польшчы й іншых краінах.

Тэма выкарыстоўваньня жывёл, назавем гэта турыстычнай прамысловасьцю, зьяўляецца нялёгкай і выклікае крайнія меркаваньні. Многія асобы зарабляюць дзякуючы выкарыстоўваньню жывёл у турызьме.

У Польшчы адным з канфліктных пунктаў зьяўляюцца коні, якія ў гарах возяць турыстаў. Эколягі й грамадзкія актывісты шматразова пратэставалі ў Закапанэ, дзе перавозка турыстаў брычкамі зьяўляецца традыцыяй і штодзённасьцю. Галоўны закід тычыцца таго, што брычкі перагружаныя пасажырамі. Былі прыклады, калі коні здыхалі ад перанагружанасьці на вачах у турыстаў. Эколягі пераконваюць, што коней можна пасьпяхова замяніць электрычнымі гольф-картамі.

Наш госьць – вядомая польская вандроўніца Анна Алей-Кабус – адзначае, што яна супраць празьмернай перагрузкі брычак, якія цягнуць коні.

А. Алей-Кабус: Я сама шматразова ў розных месцах сьвету езьдзіла такімі брычкамі. Але кожны павінен мець элемэнтарнае пачуцьцё спачуваньня. А мы бачым двух коней, якія цягнуць дзесяць і больш чалавек. Кожная асоба ў сярэднім важыць каля 70 кіляграмаў. Калі гэта адбываецца раз у дзень, то няма праблемы, паколькі конь напэўна з гэтым справіцца. Але калі коні павінны некалькі разоў везьці пасажыраў такой трасай уверх і ўніз... А паездка ўніз не зьяўляецца больш лёгкай справай, як бы гэта здавалася.

Вандроўніца адзначае, што кожны выпадак трэба ацэньваць інакш. Напрыклад, адно тычыцца паездак на конях, іншая справа з прапановамі пракаціцца на слане ці вярблюдзе.

А. Алей-Кабус: З аднаго боку, мы маем дачыненьне з жывёламі, якія стагодзьдзямі прыручаліся чалавекам, напрыклад, вярблюд. Я ня бачу нічога дрэннага ў тым, каб праехацца на вярблюдзе. Гэтая жывёла здаўна суісную з чалавекам, зь дзяцінства да гэтага прыстасаваная, як коні ў нашым рэгіёне. У выпадку сланоў гэта ня так ясна. Каб слон пачаў вазіць турыстаў, трэба было забіць яго бацькоў, якія абаранялі малое сланя ад захопу. Потым такога слана трэба «зламаць». Гэта робіцца пры дапамозе цесных клетак, у якіх такое малое сланя стаіць пазбаўленае ежы й сну, яго б’юць, у гэтым токам. Тут можна дапісаць усе катаваньні, якія толькі можна зрабіць слану, каб ён прызнаў чалавека сваім уладаром, якога ён будзе слухаць. І толькі пасьля гэтага сланы пачынаюць вазіць турыстаў.

Вандроўніца кажа, што павінен наступіць момант, калі людзі пачнуць падарожнічаць больш сьвядома.

А. Алей-Кабус: Значная частка турыстычнай прамысловасьці прапануе турыстам заменьнікі. Нас пераконваюць, што менавіта гэта сапраўдная прыгода. У моманце, калі мы пачынаем з гэтым не пагаджацца й сьвядома рабіць выбар, мы пачынаем больш бачыць і больш разумець. І аказваецца, што галоўным у падарожжы было нешта іншае. Я заўсёды пераконваю, каб турысты не ішлі найпрасьцейшым шляхам. Турыстычная прамысловасьць выкарыстоўвае нашу любоў да жывёл. Усе гэтыя прапановы заключаецца ў хуткім кантакце зь дзікай жывёлай на нашых умовах. Але ўсё гэта адбываецца коштам прыроды й гэтых жывёл.

Іншым аспэктам вандровак зьяўляюцца сувэніры, якія турысты прывозяць з экзатычных вакацый. У мінулым годзе польскія мытнікі канфіскавалі на межах 10 тысяч асобнікаў жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, і якіх ахоўваюць міжнародныя канвэнцыі. Зь іх жывымі аказаліся больш за 8 тысяч. Гэта былі папугаі, чарапахі, зьмеі, схаваныя ў розных месцах багажу. У мінулым годзе польскія мытнікі канфіскавалі 600 кг каралаў.

А. Алей-Кабус: Трэба мець сьвядомасьць, што мы, як турысты, самыя накручваем гэтую зьяву. Мясцовыя жыхары павінны зарабляць. Замест таго, каб працаваць на полі, яны зразумелі, што можна прадаваць сваю традыцыю ці гісторыю турыстам. У Лаосе ёсьць вёска, дзе можна купіць бутэлькі са зьмеямі, якія залітыя гарэлкай. Так, гэта частка іх традыцыі. І ўсё было ў парадку, калі туды прыяжджала невялікая колькасьць турыстаў. Гэта не ўяўляла пагрозы для раўнавагі ў прыродзе. Але цяперашнія часы вельмі моцна памяняліся.

У 50-х гадах па сьвеце падарожнічала 25 мільёнаў чалавек. У 2000 годзе гэта быў амаль мільярд. У 2020 годзе турыстаў будзе 1,5 мільярда. Калі кожны з турыстаў зробіць прынамсі адну этычна сумнеўную рэч, то праблема набірае агромнага маштабу.

«Абкрадаючы нашу плянэту ў імя сваёй прыватнай прыемнасьці, мы не пакідаем шанцаў наступным пакаленьням, каб яны маглі ацаніць яе прыгажосьць», – падсумоўвае нашу размову вандроўніца Анна Алей-Кабус.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт