Logo Polskiego Radia
Print

«Крамбамбуля» выдала разьвітальны альбом

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 14.10.2015 13:36
Канцэртная прэзэнтацыя адбудзеца 7 лістапада ў Вільні.
прэс-матэрыялы

На сайце мультылэйбла «Пяршак» адбыўся рэліз разьвітальнага альбома «Крамбамбулі» «Чырвоны штраль». Канцэртная прэзэнтацыя адбудзеца 7 лістапада ў Вільні.

“Вось і зьдзейсьнілася. Мы ў лясах. У гушчарах, сатканых імглою. Сярод бярозаў ды соснаў. Бо ўжо ніяк не атрымліваецца трываць усіх гэтых прэдседацеляў, міліцыянтаў, капітанаў Ягоравых і іншых савецкіх нячысьцікаў, якія, нібы тараканы, распаўзьліся па нашай зямлі, жаруць наш хлеб, п’юць нашае малако й хочуць, каб мы былі іхнімі служкамі. Дык вось не атрымаецца! Мы ведаем нашыя пушчы, бары й лясы. Адсюль мы дастанем кожнага акупанта. І кожны атрымае тое, чаго заслугоўвае. І нашая перамога непазьбежная, бо з намі старадаўні покліч «Гэй, ліцьвіны, Бог нам радзіць!», — адзначаюць музыкі ў заяве з нагоды выхаду альбома.

Адначасова з альбомам выйшла відэа на песьню «Каб мы калі каму чаго», у якой галоўныя вакальныя партыі выконваюць амаль усе ўдзельнікі «Крамбамбулі». Атмасфэрны ролік зьняў рэжысэр і даўні сябра гурта Мацьвей Сабураў.

Канцэрт у Вільні будзе складацца з дзьвюх частак: у першай прагучыць «Чырвоны штраль», у другой — лепшыя песьні ад пачатку існаваньня праекта, у тым ліку «Госьці», «Абсэнт», «Турысты», «Без цябе», «Карчомка» ды іншыя. Новы альбом атрымаў назву ў гонар віленскай кавярні пачатка XX стагодзьдзя, дзе сустракаліся дзеячы беларускага адраджэньня. Спампаваць яго можна на сайце мультылэйбла «Пяршак».

Бясплатная віза (без консульскага збору) з тэрмінам з 6 да 8 лістапада ўключна выдаецца на падставе набытых у Беларусі квіткоў на мерапрыемства.

tut.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт