Logo Polskiego Radia
Print

Касмэтыка й тэсты на жывёлах

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 30.10.2015 08:00
  • Касмэтыка й тэсты на жывёлах.mp3
Ці ў Эўропе касмэтыка тэстуецца на жывёле?
flickr.com

З 2013 году ў цэлым Эўразьвязе забаронены імпарт і продаж касмэтыкі, якая тэстуюцца на жывёлах. Ці з пункту гледжаньня людзей, якія змагаюцца за правы жывёл, гэта посьпех? Пра гэта мы запыталіся ў Яанны Андрусевіч з таварыства «Эмпатыя».

Я. Андрусевіч: Гэта крыху абман. Бо ў Польшчы можна купіць касмэтыку, тэставаную на жывёлах. Такая касмэтыка даступная, напрыклад, дзякуючы інтэрнэт-пакупкам, якія цяпер вельмі папулярныя. Вельмі часта здараецца таксама так, што фірма, якая прадае касмэтыку, з аднаго боку нібыта не тэстуе яе на жывёлах, але насамрэч робіць гэта ў іншых краінах, дзе такая практыка дазволеная, напрыклад, у ЗША. Фірмы выкарыстоўваюць такія магчымасьці.

Для тэставаньня касмэтыкі найчасьцей выкарыстоўваюцца мышы, пацукі й трусы. А сцэны з тэставаньня адносяцца не да найпрыемнейшых. Трусы найчасьцей праходзяць тэсты Дрэйза. У чым яны заключаюцца?

Я. Андрусевіч: У вока труса закапваюць розныя субстанцыі, пасьля чаго назіраюць і запісваюць, што адбываецца, якая выступае рэакцыя. Пры гэтым трус цалкам нерухомы. Спэцыяльныя кліпсы трымаюць вочы труса, каб ён ня мог маргаць, каб не было сьлёзаў. Калі нам нешта трапляе ў вока, то мы пачынаем часта маргаць. Трус гэтага зрабіць ня можа.

Гэта толькі адзін з прыкладаў, які выкарыстоўвае касмэтычная прамысловасьць. Адно апісаньне гучыць непрыемна й жахліва. Таму, як казала падчас дэбаты ў рамках грамадзкага дыялёгу зьвязаўскі камісар па справах гандлю Сэсылія Марльштром, у гандлёвых перамовах паміж Эўразьвязам і ЗША шукаюцца такія спосабы правядзеньня тэставаньня, каб не цярпела жывёла.

С. Марльштром: Мы спрабуем цалкам забараніць тэставаньне на жывёлах на карысьць лябараторных мэтадаў. Яны могуць стаць заменай і такіх спосабаў сапраўды шмат.

Гаворка пра тэсты экстракарпаральнага апладненьня, аналізы на клетках ці штучных органах, якія імітуюць сапраўдныя ўнутраныя органы. А што мы, як звычайныя спажыўцы касмэтычнай прамысловасьці, можам зрабіць?

Я. Андрусевіч: Сёньня ў кожнай краме з касмэтыкай ёсьць агромны выбар. Можна правяраць фірмы ў верагодных крыніцах. Мы рыхтуем адмысловыя сьпісы, дзе дзелім фірмы на катэгорыі, у залежнасьці ад таго, як яны тэстуюць сваю касмэтыку. Выбар залежыць ад кожнага з нас і можа ратаваць гэтую жывёлу.

Калі нехта хоча зрабіць правільны выбар, то павінен шукаць касмэтыку з напісам «Cruelty Free» ці значок, дзе намаляваны трус.

У Эўропе абавязвае поўная забарона тэставаньня касмэтыкі й яе складнікаў на жывёле, а таксама продаж касмэтыкі, якая была такім чынам тэставаная. Забарона абавязвае нягледзячы на месца выкананьня тэстаў.

У сеціве ёсьць старонкі, якія прадстаўляюць фірмы, якія прапануюць тэставаную ці нетэставаную на жывёле касмэтыку. Ёсьць таксама сьпіс фірмаў, якія прадаюць свае прадукты ў Кітаі, дзе дзяржаўныя ўлады патрабуюць ад вытворцаў тэсты на жывёлах. На такіх старонках фірмы могуць заняць пазыцыю ў справе вівісэкцыі – правядзеньня хірургічных апэрацый над жывой жывёлам з мэтай дасьледаваньня функцый арганізма (альбо вынятых асобных органаў), вывучэньня мэханізмаў дзеяньня лекавых сродкаў, распрацоўкі мэтадаў хірургічнага лячэньня ці ў адукацыйных мэтах.

У Эўропе замена дасьледаваньняў на жывёлах альтэрнатыўнымі мэтадамі ўводзілася паступова, паколькі альтэрнатыўныя мэтады павінны былі быць дапрацаваныя, каб запэўніць такую ж самую верагоднасьць як мэтады з выкарыстаньнем жывёлы.

Варта памятаць, што амаль не існуе субстанцый, якія ніколі ў гісторыі не тэставаліся на жывёлах. Большасьць хімічных рэчываў была ў мінулым правераная на жывёле, каб ацаніць, ці іх выкарыстоўваньне бясьпечнае для чалавека.

Дзякуючы гэтаму няма патрэбы паўтараць многія дасьледаваньні, паколькі яны ўжо апісаныя ў літаратуры. Шмат гадоў таму ў Эўропе на жывёлах тэставалі нават дыстыляваную ваду. Цяжка сабе ўявіць хоць якую-небудзь касмэтыку, якая не ўтрымлівала ніводнай субстанцыі, якая не тэставалася на жывёле.

Чаму некаторыя фірмы пазначаюць касмэтыку значком «не тэставана на жывёлах», а іншыя не? Гэта вынікае з нізкай сьвядомасьці грамадзтва ў галіне забароны тэставаньняў на жывёле. Але адсутнасьць такой інфармацыі на ўпакоўцы не азначае, што касмэтыка тэстуецца на жывёле. У дадзены момант у ЭЗ гэтага рабіць нельга.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт