Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы некаторыя здаюць на правы дзясяткі разоў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.11.2015 13:26
Цэнтры дарожнага руху зацікаўленыя ў тым, каб курсанты не здавалі хутка, бо кожны іспыт нямала каштуе.
www.pixabay.com

Вышэйшая кантрольная палата прадставіла даклад, прысьвечаны іспытам на правы кіроўцы ў Польшчы – паведамляе Gazeta Wyborcza. Чаму ў Польшчы так цяжка здаць на правы? Некаторыя курсанты здаюць па некалькі дзясяткаў разоў (рэкорд - 82 разы). У дакладзе апісаны паталёгіі, зьвязаныя з экзаменамі на правы. Галоўная прычына – грошы. Справа ў тым, што Ваяводзкія цэнтры дарожнага руху, якія ладзяць іспыты, зарабляюць на кожным з іх. Тэарэтычная частка каштуе 40 злотых, а практычная – 140. Таму ня дзіўна, што курсанты здаюць шмат разоў, калі кожны іспыт каштуе канкрэтныя грошы.

Цяжэй здаць у вялікім горадзе, таму многія курсанты зьмяняюць месца здачы экзаменаў. Напрыклад, варшавяне выбіраюць Ломжу і Астралэнку, меншыя гарады, дзе няма інтэнсіўнага руху, а адсотак здадзеных іспытаў вельмі высокі. У выніку цэнтры ў вялікіх гарадах яшчэ больш ускладняюць іспыты, каб менш людзей іх здало. А калі экзаменатар хоча «праваліць» курсанта, ён заўсёды знойдзе такую магчымасьць.

Ці тое, што многія польскія кіроўцы здаюць іспыты па некалькі разоў, азначае высокі ўзровень бясьпекі на польскіх дарогах? Не. Для параўнаньня – у Ірляндыі ды Швэцыі каля паловы курсантаў здаюць на правы пры першай спробе, а колькасьць ахвяраў дарожна-транспартных здарэньняў у пераліку на тысячу жыхароў у гэтых краінах у 2-3 разы меншая, чым у Польшчы. Справа ў тым, што Ваяводзкія цэнтры дарожнага руху зацікаўленыя ў прыбытку, а не ў бясьпецы.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт