Logo Polskiego Radia
Print

Экалягічны выбар: штучная ці жывая елка?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 18.12.2015 07:00
  • eko1812.mp3
Якую елку выбраць, каб не пашкодзіць прыродзе?
pixabay.com

Набліжаюцца навагоднія сьвяты, у дамах пачынаюць паяўляцца елкі. Якая елка больш экалягічная – сапраўдная ці штучная? Адказ - у экалягічнай рубрыцы.

Навагоднія густы вельмі розныя. Адныя аддаюць перавагу штучным елкам, іншыя натуральным. Мы сёньня ня будзем спрачацца аб густах ці тым, якая ялінка больш практычная. Паглядзім на справу з экалягічнага пункту гледжаньня.

Эколягі й лесьнікі згодныя – экалягічнай зьяўляецца сапраўдная елка. Чаму? Тлумачыць Анна Маліноўска з Генэральнага ўпраўленьня дзяржаўных лясоў Польшчы.

А. Маліноўска: Толькі жывая елка зьяўляецца сапраўды экалягічнай. Напэўня ня трэба баяцца таго, што, купляючы жывуе елку, мы зьнішчаем лес, паколькі гэта няпраўда. Большасьць дрэўцаў паходзіць з прыватных плянтацый. Некаторыя маюць кавалак поля, садзяць на ім дрэўцы, вырубаюць, потым зноў садзяць. Дзяржаўныя лясы ў Польшчы прадаюць ня шмат елак, калі параўнаць іх з запатрабаваньнем. Мы прадаем каля 100 тысяч дрэўцаў. Гэтыя ялінкі паходзяць пераважна з гэтак званых санітарных вырубак. Лясьнік пэрыядычна вымушаны праводзіць гаспадарчыя працы. І ня толькі ў сьвяточны пэрыяд. Некаторыя дрэвы трэба вырубаць, каб іншыя мелі доступ да сьвятла. Таму не ў кожным лясьніцтве штогод прадаюцца елкі. Бо часамі іх няма. А калі ёсьць, то яны значна таньнейшыя, чым у прыватных гандляроў.

Яшчэ цалкам нядаўна штучная елка лічылася больш экалягічнай. Прычынай было найперш імкненьне не падвяргаць лясы празьмернай эксплюатацыі. Не было таксама адмысловых плянтацый, дзе вырошчваліся елкі адмыслова на продаж. Аднак штучная елка перастае быць экалягічнай яшчэ ў моманце вытворчасьці, паколькі дзеля гэтага выкарыстоўваецца неаднаўляльная сыравіна, напрыклад, газ ці нафта. У выніку іх здабычы, пераапрацоўкі й працэсу выпуску самой штучнай елкі выкарыстоўваецца шмат энэргіі, што павялічвае колькасьць выкідаў СО2 у атмасфэру.

Штучнае дрэўца можа ўпрыгожваць нашыя дамы некалькі гадоў, але прыйдзе момант, калі й яго трэба будзе выкінуць. Паколькі такое дрэўца складваецца зь некалькіх сыравін, то іх разьдзяленьне й паўторнае выкарыстаньне амаль немагчымае. Расклад штучнай сыравіны трывае вельмі доўга, часамі нават 1000 гадоў, а іх спальваньне прычыняецца да выкіду ў паветра атрутных дыяксінаў. Штучныя елкі, якія ляжаць на сьмецьцезвалках, атручваюць глебу, грунтовыя воды й паветра. У сувязі з гэтым штучныя елкі пакідаюць значна большы экалягічны сьлед чым сапраўдныя.

Некаторыя маюць яшчэ больш экалягічныя прапановы. Так, у Варшаве адчыніўся першы пракат елак. Такія фірмы ўжо працуюць у Вялікабрытаніі, ЗША й Канадзе. Сёлета таксама варшавяне могуць пазычыць дрэўца на сьвята, замест таго, каб купляць.

“Штогод больш за пяць мільёнаў елак вырубаецца на Каляды. Усё для таго, каб на нядоўгі час упрыгожыць нашыя дамы. А гэтыя дрэўцы маглі б жыць, даваць нам больш кіслароду й радаваць вока аматараў прыроды”, - падкрэсьлівае Тамаш Удовяк з першага ў Варшаве пракату елак.

Там можна ўзяць на пракат дрэўца ў гаршчку. Яго можна нават замовіць па інтэрнэце, тэлефоне ці на месцы пракату. Елку можна забраць асабіста ці замовіць з дастаўкаю да дому.

Як запэўніваюць заснавальнікі пракату, кошт такой паслугі ня будзе вышэйшы, чым пакупка елкі. Цэны вагаюцца ад 36 злотых (найменшая піхта) да 235 злотых (елка вышынёй больш за два мэтры).

“Пракат елкі дае таксама іншыя карысьці. Мы не прычыняемся да бяздумнай вырубкі дрэўцаў і дзейнічаем згодна з натурай. Да дому атрымліваем задбаную елку, якая паходзіць зь легальнай крыніцы. А калі толькі захочаце, то зможаце яе пасадзіць. Традыцыя жывой елкі працягваецца, а мы можам перажыць сьвяты прыгожа й з пахам сапраднай елкі”, - дадае Тамаш Удовяк.

Пасьля 6 студзеня прадстаўнікі фірмы забяруць елку назад.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт