Logo Polskiego Radia
Print

Ці карміць птушак зімой?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 01.12.2017 15:35
  • eko25 12.mp3
Так, але пры пэўных умовах.
pixabay.com

Прыйшла зіма. Пакуль яна сапраўды лагодная, марозы й сьнег яшчэ перад намі. Усё ж гэта складаны час для птушак. Ці мы можам ім дапамагчы й ці павінны гэта рабіць?

Сёньня нашым госьцем зьяўляецца вэтэрынар Марта Войтчак. Яна дасьць некалькі парадаў, як паклапаціцца пра птушак, каб іх не пакрыўдзіць.

М. Войтчак: Кармушка павінна быць прыкладна на вышыні двух мэтраў ад зямлі, калі мы ня хочам, каб птушкі сталі кормам для катоў. І зноў жа – нельга ў кармушкі класьці што папала. Калі ў нас застаецца хлеб, то гэта ня значыць, што ім трэба карміць птушак. На жаль, людзі вельмі часта робяць такую памылку. У гэтым выпадку найлепшымі будуць проса й сланечнік, найлепш нялушчаны. Асноваю таксама зьяўляецца сланіна. Тлушч зьяўляецца галоўнай крыніцай энэргіі для птушак. Але салёная сланіна – гэта забойства. Даем сланіну, але не салёную. Калі дзьме вецер, то можна зрабіць такую кулю з тлушчу й насеньня, таго ж проса ці сланечніка. Найлепш у падвешаным стане. Ну й абавязкова вада. Калі гаварыць пра хлеб, то павінен гэта быць сапраўды мінімум, паколькі ён вельмі шкодзіць птушкам.

Да задачы трэба падыходзіць вельмі адказна, каб не прычыніць прыродзе больш шкоды, чым дабра, падкрэсьлівае Віктар Фянчук зь беларускага таварыства «Ахова птушак Бацькаўшчына».

В. Фянчук: Калі браць звычайных жыхароў, гараджан, напрыклад, то тыя птушкі, зь якімі яны сутыкаюцца штодзень, для іх зіма, для гэтых птушак, – найбольш складаны пэрыяд. Бо горад, як месца жыцьця для птушак, ня мае ўсіх тых мажлівасьцяў для здабычы корму ўзімку, як, напр. вёска або лес. Таму для жыхароў, для людзей, якія хочуць зрабіць свой унёсак, для людзей, якія адчуваюць адказнасьць за тых, хто жыве побач зь імі, зіма – той пэрыяд, калі гэтую адказнасьць трэба праяўляць. Мы прасоўваем праз сродкі масавай інфармацыі, празь інтэрнэт-рэсурсы неабходнасьць карміць узімку тых птушак, якія для нас зьяўляюцца зімуючымі, і адначасова вельмі адказна ставіцца да кармленьня тых птушак, якія зьяўляюцца мігруючымі, якія павінны ад нас адлятаць. У першую чаргу гэта птушкі, якія зімуюць на вадаёмах. Праз падкормку людзі могуць стварыць уражаньне для мігруючых птушак, што можа ня трэба нікуды адлятаць. Яны застаюцца ў нас на вадаёмах, а пасьля зь імі ў нас шмат праблем. Таму ўзімку мы прапагандуем кармленьне дробных птушак, вераб’іных, якія прылятаюць на кармушкі да дому, а таксама вельмі адказна карміць тых птушак, якія засталіся на вадаёмах, што не замярзаюць. Тыx птушак, якія павінны адлятаць ад нас, але па пэўных прычынах яны гэтага не зрабілі – гэта качкі і лебедзі. Гэтым птушкам з нашага боку таксама патрэбная падтрымка, але вельмі адказная, каб гэтай падтрымкай не зьмяніць міграцыйных звычак птушак і не зрабіць зь іх замест міграцыйных – птушак, якія ў нас зімуюць.

Птушак нельга карміць чорным хлебам, салёным салам, просам, абсмажанымі семкамі, хлебам з плесняй і іншымі сапсаванымі прадуктамі. Проса небясьпечнае для птушак таму, што на яго шліфаванай паверхні зьбіраецца шмат таксычных рэчываў.

І самы галоўны прынцып, якога напэўна трэба прытрымлівацца: Прырода здольная паклапаціцца сама пра сябе. Таму нават у добрых справах заўсёды павінен захоўвацца разумны падыход.

Клопат пра птушак акупіцца вам захапляльным відовішчам: кармушка, поўная мітусьлівых і шумных сініц і вераб’ёў – найлепшы антыдэпрэсант у шэрую зімовую пару.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт