Logo Polskiego Radia
Print

Хатнія яйкі забруджаныя дыяксінамі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 19.02.2016 07:37
  • экалёгія 1902.mp3
Небясьпечныя рэчывы паходзяць з забруджанага дымам з комінаў паветра.
pixabay.com

Грамадзкі рух «Польская смогавая трывога» й Кракаўскі палітэхнічны ўнівэрсытэт дасьледавалі курыныя яйкі ад мясцовых жыхароў і фэрмэраў, якія гадуюць курэй для ўласных патрэбаў ці прадаюць невялікія партыі на мясцовых рынках. Такія яйкі ніхто не правярае. Аказалася, што яны вельмі моцна атручаныя дыяксінамі, небясьпечнымі для здароўя рэчывамі, якія паходзяць з забруджанага дымам з комінаў паветра.

Мы запрасілі Якуба Ендрака з «Польскай смогавай трывогі». Гэты грамадзкі рух дзейнічае на карысьць абмежаваньня выкідаў небясьпечных рэчываў у паветра.
Скажыце, якія яйкі былі абраныя для кантролю?

Я. Ендрак: Мы ня кажам пра экалягічныя яйкі, а пра яйкі ад кураў, якія гадуюцца ў хатніх умовах, ня ў клетках. Ці яны будуць экалягічныя, ці яны маюць адпаведныя сэртыфікаты – гэта неістотна. Галоўнае, як харчуюцца куры. Аказалася, што ў яйках, якія мы дасьледавалі (яны паходзяць з паўднёвай Польшчы – Малапольшчы й Сілезіі), звыш норма дыяксінаў. Гэта група хімічных рэчываў, шкодных для арганізму чалавека. Норма Эўразьвязу складае 2,5 пікаграмы на адзін грам тлушчу ў яйку. Ніводнае яйка ня выканала гэтай нормы, а ў некаторых яна была перавышана ў чатыры разы. Такое яйко не магло б трапіць на продаж у ЭЗ.

«Польская смогавая трывога» сьцьвярджае, што дыяксіны ў яйках – гэта вынік паветра, забруджанага ад спальваньня ў печках і катлах кепскай якасьці паліва й сьмецьця. Адкуль такая ўпэўненасьць?

Я. Ендрак: Гэта вядома напэўна. Дыяксіны ўзьнікаюць у вельмі розных працэсах, таксама натуральных – падчас пажараў лясоў і палёў, вывяржэньня вульканаў, у прамысловасьці. У часы камунізму большасьць забруджаньня дыяксінамі паходзіла з прамысловасьці. Цяпер роля прамысловасьці зьменшылася. Асноўная частка дыяксінаў паходзіць з хатніх печак і катлоў. Гэта вынік спальваньня вугалю кепскай якасьці. Гэта таксама вынік таго, што гэта старыя катлы, якія спрыяюць узьнікненьню дыяксінаў. Асабліва шмат дыяксінаў паяўляецца падчас спальваньня сьмецьця, пераважна плястыку, пакрытага лакам дрэва. У Польшчы гэта робіцца паўсюдна, палякі спальваюць плястык па ўсёй Польшчы. Гэта вельмі-вельмі шкодзіць нашаму здароўю.

Калі дыяксіны з паветра апынуліся ў яйках, то можна выказаць здагадку, што яны таксама ёсьць у садавіне й агародніне, малочных прадуктах і мясе.

Я. Ендрак: Так. Яны напэўна ёсьць у малочных прадуктах, у агародніне. Але зь яйкамі справа выглядае наступным чынам. Куры жывуць каля дому, попел зь печак выкідваецца на агарод, куры там грэбаюцца. Акрамя таго, гэтыя рэчывы складзіруюцца ў жывых арганізмах. Таму ў мясе, яйках і малочных прадуктах дыяксінаў будзе значна больш, чым у садавіне. Таксама дыяксіны раствараюцца ў тлушчах, таму шкодныя рэчывы прысутныя ў жаўтку, а не бялку.

Ці мы, звычайныя людзі, можам нешта зрабіць?

Я. Ендрак: Мы, звычайныя грамадзяне, ад якіх няшмат залежыць, можам падчас абагравальнага сэзону не паліць у печках ці камінах сьмецьцем. Нельга паліць нічога акрамя дрэва ці вугалю добрай якасьці. Нельга спальваць ДСП ці дошкі пакрытыя лакам. Гэта першы крок, які мы можам зрабіць. Калі казаць пра спажываньне яек, то, сапраўды, ёсьць пагроза для здароўя, але найперш для цяжарных жанчын. Але калі гэта здаровы малады мужчына, то ня трэба гэтым пераймацца, хоць гэта рэальная праблема.

Як адзначаюць актывісты «Польскай смогавай трывогі», людзі, якія гадавалі курэй і былі ўпэўненыя, што яйкі ад іх найлепшай якасьці, нават не падазравалі, што яны не адпавядаюць ніякім нормам.

Дасьледаваньні праводзіў прафэсар Адам Грахавальскі з Кракаўскага палітэхнічнага ўнівэрсытэта. Ён расказвае, што ўсе дыяксіны вельмі доўга ўтрымліваюцца ў арганізьме. Яны лічацца трывалымі арганічнымі забруджваньнямі і ў арганізьме чалавека застаюцца дзесяць гадоў. Яны паглынаюцца й складзіруюцца ў арганізьме. Чым старэйшы чалавек, тым у яго больш дыяксінаў – тлумачыць прафэсар Адам Грахавальскі.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт