Logo Polskiego Radia
Print

Палякі завыюць для ваўка

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 04.03.2016 13:00
  • воўк.mp3
Экалягічная арганізацыя WWF Польшча распачала акцыю «Гадзіна для ваўка».
pixabay.com

66% палякаў лічаць ваўкоў небясьпечнымі жывёламі, а 71% баяўся б сустрэчы зь ім у лесе. Адначасова 66% апытаных мяркуюць, што ваўка трэба ахоўваць, а 59% выступаюць супраць іх адстрэлу – інфармуе экалягічная арганізацыя WWF Польшча, якая распачала сваю акцыю «Гадзіна для ваўка». Акцыя зьяўляецца адказам на выпадкі адстрэлу ваўка, якія здарыліся на мінулым тыдні, а таксама на галасы, якія гавораць пра ваўка, як пра пагрозу.

Як штогод, WWF у Польшчы далучаецца да найбуйнейшай экалягічнай акцыі ў сьвеце – «Гадзіна для зямлі». У Польшчы сёлетняя акцыя будзе прысьвечаная ваўку. У яе рамках кожны зможа выказацца супраць ідэі адстрэлу ваўка, якая апошнім часам вяртаецца.

Павал Сьрэдзіньскі з WWF Polska нагадвае, што ў Польшчы воўк ахоўваецца законам.

П. Сьрэдзіньскі: У гэтым пляне мы зьяўляемся выключнай краінай на эўрапейскай мапе. Насамрэч, гэта дзякуючы Польшчы воўк жыве на тэрыторыі Эўразьвязу. Калі паглядзець на паўднёвую мяжу, то ў Славакіі можна паляваць на ваўка. Ва Ўкраіне ваўкоў адстрэльваюць. Страляць да ваўкоў і вымаць шчанят з нораў можна ў Беларусі. У Летуве таксама можна паляваць на ваўка. Таму можна сьмела казаць, што ў Эўропе воўк жыве толькі дзякуючы Польшчы, дзякуючы ўведзенай у 90-х гадах забароне паляваньня на гатунак. У 60-х гадах колькасьць ваўкоў у Польшчы ўпала да некалькіх дзясяткаў штук. Была рэальная пагроза зьнікненьня ваўка. На сёньняшні момант у Польшчы жыве каля тысячы асобнікаў.

Павал Сьрэдзіньскі падкрэсьлівае, што гэта няшмат. І тлумачыць, што з гэтай колькасьці менш за палову ваўкоў здольныя прыводзіць патомства. Астатнія ваўкі альбо ня маюць пары, альбо па розных прычынах не жывуць у зграі.

Калі воўк у Польшчы ахоўваецца, то навошта эколягі арганізуюць акцыю ў падтрымку гатунку? Павал Сьрэдзіньскі адзначае, што апошнім часам гучна было пра выпадкі адстрэлу ваўкоў. Акрамя гэтага, ідэю вярнуцца да часоў, калі ў ваўкоў можна было страляць, аднаўляе частка паляўнічых.

П. Сьрэдзіньскі: Сярод часткі паляўнічых паяўляюцца прыхільнікі адстрэлу ваўкоў. Асяродзьдзе паляўнічых хоча атрымаць магчымасьць самім вырашаць, што зь імі рабіць. Акрамя гэтага, апошнімі тыднямі паявіліся выпадкі адстрэлу ваўкоў паляўнічымі. У абодвух выпадках трывае сьледзтва. І менавіта гэта пераканала нас заняцца справай. Мы зразумелі, што гэта толькі кропля ў моры. Мы ня маем дастатковых зьвестак, каб верагодна ацаніць колькасьць забітых паляўнічымі ваўкоў. Гэта рэальная праблема.

У часы ПНР воўк лічыўся шкоднікам, а за яго адстрэл плацілі грошы. І толькі пасьля 1989 году ўдалося ўвесьці ахову гатунку. Сёньня частка паляўнічых лічыць ваўкоў сваімі канкурэнтамі ў паляваньнях. Цягам апошніх тыдняў былі выяўленыя два выпадкі наўмыснага адстрэлу ваўкоў у Польшчы й адзін выпадак на Славаччыне блізу польскай мяжы.

Экалягічныя арганізацыі падкрэсьліваюць, што воўк праводзіць значна лепшую сэлекцыю сярод парнакапытных жывёл, чым чалавек. А нават сам дасканала справіўся б з гэтай роляй. Воўк палюе толькі на такую колькасьць жывёл, колькі яму трэба для харчаваньня.

Эколягі хочуць, каб як мага больш чалавек стала ў абарону ваўка й стварыла сымбалічную зграю на старонцы акцыі – godzinadlaziemi.pl. У рамках акцыі эколягі хочуць расказваць пра сапраўдны характар гэтага гатунку, з аднаго боку – драпежніка, а зь іншага – зьвера клапатлівага, сямейнага, салідарнага, зьвера, які жыве ў зграі.

П. Сьрэдзіньскі: Падчас акцыі мы хочам паказаць нашую сымпатыю да ваўка. Мы хочам стварыць вялікую візуальную зграю на сайце godzinadlaziemi.pl. Дадаткова, у многіх польскіх гарадах можна будзе ў кожную суботу а 12 гадзіне завыць для ваўка. Можна таксама запісаць сваё выцьцё ці даслаць нам кожны іншы вобраз ваўка, адпаведна падпісаны.

У мінулым годзе акцыя «Гадзіна для зямлі» WWF была прысьвечана марскім сьвіньням. Дзякуючы сабраным 100 тысячам подпісаў удалося паспрыяць прыняцьцю праграмы аховы марскіх сьвіньняў, адзінага гатунку кітападобных у Балтыйскім моры, які знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт