Logo Polskiego Radia
Print

Лепш недасаліць, чым перасаліць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.03.2016 14:43
Ад празьмернай колькасьці солі ў рацыёне людзі таўсьцеюць і становяцца дурнымі.
pixabay.com

15 сакавіка пад эгідай ААН адзначаецца Дзень спажыўцоў. У краінах СНД, у тым ліку ў Беларусі, вырашана Дзень спажыўца праводзіць сёлета пад дэвізам «Здаровае харчаваньне – выбар сучаснага спажыўца». А мы прапануем пагаварыць, як здорава харчавацца без празьмернай колькасьці солі ў дыеце.

Сёньня – Дзень спажыўца, а мінулы тыдзень прайшоў пад дэвізам барацьбы з сольлю ў дыеце. Экспэрты, дактары прыгадвалі, наколькі важна абмяжоўваць соль у нашым рацыёне. Існуе нават сусьветная кааліцыя звыш паўтысячы лекараў, навукоўцаў з усяго сьвету, якія абʼядналіся дзеля гэтай мэты.

Спэцыялісты па харчаваньні кажуць, што чалавек хутка прывыкае да салёнага смаку, і яму пачынае солі не хапаць. Таму ён соліць усё больш і больш. У выніку мы цяпер спажываем нават у 50 разоў больш солі, чым калісьці. Гаворыць тэхноляг харчаваньня Анна Вайтасік.

А. Вайтасік: Сапраўды, мы спажываем вялікую колкасьць солі – у два-тры разы больш, чым максымальна бясьпечная норма, якую прыняла Сусьветная арганізацыя здароўя. Яна рэкамэндуе спажываць ня больш за 5 грам солі ў дзень. Аднак нельга забываць, што 5 гр. – гэта ня толькі тое, чым мы самі солім. Гэта таксама прыхаваная соль, якую дадаюць у розныя гатовыя прадукты харчаваньня, і натуральны натрый, які ўтрымліваецца ў розных прадуктах.

Разьвітыя дзяржавы сьвету становяцца ўсё больш цяжкімі – у даслоўным значэньні гэтага слова. Лекары вельмі занепакоеныя ростам колькасьці людзей з празьмернай вагай і атлусьценьнем, што стала ўжо сусьветнай эпідэміяй. У тым ліку ў Польшчы вага як дарослага насельніцтва, так і дзяцей хутка павялічваецца. Тым часам існуе гіпотэза, што празьмернае спажываньне солі спрыяе таўшчыні. Чаму так адбываецца, і як соль уплывае на наш арганізм, тлумачыць доктар Агнешка Яраш.

А. Яраш: Калі мы ядзім салёную ежу, нам хочацца піць. Прагу мы ўталяем часьцей за ўсё не чыстай вадой, а салодкімі напоямі. А цукар, як вядома, гэта пустыя калёрыі. А наш арганізм пакутуе ад празьмернай колькасьці солі. Нашы ныркі ня любяць натрыя, які зьяўляецца адным з інгрэдыентаў харчовай солі. Асабліва асобы, у якіх назіраюцца ўжо хібы ў працы нырак, пажылыя і надта поўныя людзі не павінны злоўжываць салёнымі стравамі. Натрый уплывае таксама нэгатыўна на нашу сыстэму кровазвароту, сьценкі крывяносных сасудаў становяцца слабейшыя, менш элястычныя. Соль выклікае таксама рост крывянога ціску, аб чым ведаюць усе гіпэртонікі. У выніку павышанага ціску можа здарыцца інсульт, разьвіцца сардэчная недастатковасьць. Соль дрэнна ўплывае таксама на працу мозгу, мы становімся менш разумнымі.

Нельга забываць, што соль знаходзіцца амаль ва ўсіх гатовых прадуктах харчаваньня, нават там, дзе, як нам здаецца, як не павінна быць, напрыклад, салодкіх сырках, гатовых кукурузных шматках, якімі так любяць сьнедаць нашы дзеці. Вельмі шмат натрыя таксама ў гатовых прыправах, нават тых, у назове якіх прысутнічае слова «зёлкавая» і «гароднінная». І таму, калі карыстаемся пры гатаваньні такімі прыправамі, нельга саліць ежу, паколькі яна і так будзе салёнай.

Дасьледаваньні, праведзеныя ў Польшчы, сьведчаць аб тым, што прыкладна адна трэцяя людзей соліць гатовую ежу, нават не спрабаваўшы яе, напрыклад, калі абедае ў сталоўцы або рэстаране. Можна пастарацца адмовіцца хаця б ад гэтай прывычкі. У сваю чаргу, калі мы гатуем ежу самастойна, дома, то трэба памятаць, што гатаваньне на пары дазваляе захоўваць натуральны натрый, які ўтрымліваецца ў прадуктах, тады ня трэба ўжо дадаваць шмат солі.

Многія людзі кажуць, што яны ня змогуць прывыкнуць да несалёных страваў. Канешне, немагчыма адразу, рэзка адмовіцца ад солі. Неабходна гэта рабіць паступова, пакрысе зьмяншаць колькасьць солі, якую мы сыплем у ежу, старацца выбіраць у краме такія гатовыя прадукты, якія ўтрымліваюць мала солі або натрыя (такія дадзены ёсьць на этыкетцы). Варта гэта рабіць для ўласнага здароўя і добрага самаадчуваньня.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт