Logo Polskiego Radia
Print

Польскі мэтад атрыманьня графэна запатэнтаваны

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 07.04.2016 15:28
Польскія навукоўцы здольныя вырабляць графэн у квадратных мэтрах, што дазваляе вытворчасьць у прамысловым маштабе.
foto: AlexanderAlUS/wikipediafoto: AlexanderAlUS/wikipedia

Мэтад атрыманьня графэна, распрацаваны ў Лодзінскім тэхнічным унівэрсытэце, атрымаў патэнтавую абарону ў ЗША і Эўрапейскім Зьвязе.

Графэн, які вырабляе фірма Advanced Graphene Products, сярод усіх даступных на рынку, больш за ўсё нагадвае тую мадэль, якой была прысуджана Нобэлеўская прэмія.

Спосаб атрыманьня мэталюргічнага графэна высокай трываласьці – HSMG распрацавалі навукоўцы з Інстытута матэрыялазнаўства і інжынэрна-тэхнічнага аддзяленьня Лодзінскага ўнівэрсытэта (Instytutu Inżynierii Materiałowej Politechniki Łódzkiej ) пад кіраўніцтвам прафэсара Пётра Кулі (Piotr Kula).

"Распрацаваны намі мэтад адрозьніваецца ад усіх, якія вядомыя на дадзены момант у галіне сусьветнай навукі і тэхнікі. Мы вырабляем графэн на вадкім мэтале, і такім чынам атрымліваем амаль ідэальны графэн", – сказаў прафэсар Куля.

Польскія навукоўцы здольныя вырабляць графэн у квадратных мэтрах, што дазваляе вытворчасьць у прамысловым маштабе.

"Лодзінскі тэхнічны ўнівэрсытэт працуе над выкарыстаньнем шматслойнага графэна для захоўваньня вадароду ў якасьці паліва, але таксама для вытворчасьці фільтраў вады", – паведаміў прафэсар Куля.

Устаноўка, якая дазволіць запуск вытворчасьці графэна HSMG у поўным прамысловым маштабе, будзе разьмешчана ў Навукова-тэхналягічным парку Зялёнагурскага ўнівэрсытэта, дзе знаходзіцца новы цэнтар фірмы Advanced Graphene Products.

За адкрыцьцё графэна ў 2010 годзе Нобэлеўскую прэмію па фізыцы атрымалі Андрэй Гейм і Канстанцін Навасёлаў. Гэта празрысты матэрыял, які мае таўшчыню аднаго атама. Яго выкарыстаньне ахоплівае практычна ўсе сфэры жыцьця. Графэн у сто разоў мацнейшы чым сталь, пры гэтым гнуткі ды адзначаецца вялікай расьцяжымасьцю. Здольны адштурхоўваць малекулы вады і валодае бактэрыцыднымі ўласьцівасьцямі, праводзіць электрычнасьць лепш, чым медзь або срэбра, перадае электроны ў сто разоў хутчэй, чым крэмній.

Такім чынам графэн выкарыстоўваецца ў многіх галінах прамысловасьці, такіх як аўтамабілебудаваньне, авіяцыя, касьмічная галіна, энэргетычная прамысловасьць (для вытворчасьці акумулятараў, супэркандэнсатараў), і нават можа быць выкарыстаны для распрацоўкі інавацыйных рашэньняў для апрасьненьня марской вады.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт