Logo Polskiego Radia
Print

Daimler збудуе ў Польшчы завод рухавікоў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.05.2016 13:24
Для Явара, дзе беспрацоўе перавышае 18%, такая інвэстыцыя – гэта як цуд.
commons.wikimedia.org/UTR NEWS/CC BY-SA 3.0

Невялікі 20-тысячны гарадок Явар у Ніжняй Сілезіі на поўдні Польшчы стаў учора інвэстыцыйнай сталіцай краіны – піша «Puls Biznesu». Кампанія Daimler збудуе там за 500 млн. эўра завод рухавікоў для мэрсэдэсаў. На заводзе будзе працаваць некалькі сотняў чалавек. Гэта першы этап інвэстыцыі.

Учора ў Явар прыехалі прадстаўнікі канцэрну Daimler, дзякавалі мясцовым уладам за супрацоўніцтва. Пасьля ад’езду нямецкіх гасьцей адбылася нарада бургамістра з прадстаўнікамі Міністэрства разьвіцьця. Адной з умоў будаўніцтва заводу ў Польшчы зьяўляецца дапамога з боку польскай дзяржавы, між іншым, вызваленьне ад выплаты падатку на прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Для Явара, дзе беспрацоўе перавышае 18%, такая інвэстыцыя – гэта як цуд. Завод дасьць працу людзям, а муніцыпальныя ўлады атрымаюць даход ад арэнды нерухомасьці. Нават калі фірма атрымлівае падатковыя ільготы, то трэба глядзець на такое капіталаўкладаньне ў пэрспэктыве некалькіх дзесяткаў гадоў, а ня толькі бліжэйшага часу. Акрамя таго, заробяць польскія фірмы, якія супрацоўнічаюць з вытворцам мэрсэдэсаў.

Па словах міністра разьвіцьця Матэвуша Маравецкага, рашэньне нямецкага канцэрну збудаваць завод у Польшчы паказвае, што дзяржава карыстаецца даверам замежных інвэстараў, а яе эканоміка знаходзіцца ў вельмі добра й форме. Ён спадзяецца, што гэта пачатак супрацоўніцтва, якое прынясе чарговыя карысныя для двух бакоў праекты.

Puls Biznesu/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт