Logo Polskiego Radia
Print

Футбол - фэнамэнальны спорт

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.06.2016 09:27
  • футбол.mp3
Ніводзін іншы від спартыўных змаганьняў не дае столькі эмоцый такой вялікай колькасьці людзей.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Для польскіх аматараў футболу апошнія дні былі эмацыйнымі. Зборная Польшчы выйгралі свой першы матч на Чэмпіянаце Эўропы па футболе «Эўра 2016». Гэта першы пераможны матч палякаў на чэмпіянаце такога тыпу. Першая перамога, але для палякаў яна вельмі важная, дае ім пачуцьцё ўласнай каштоўнасьці.

Палякі, і ня толькі аматары футболу, даволі доўга пакутавалі ад таго, што іх каманда ня ўмее выграваць на чэмпіянатах. Агулам, польскай зборнай вельмі рэдка ўдаецца хаця б атрымаць права ўдзельнічаць у такіх імпрэзах. Праўда, чатыры гады таму яны гралі на «Эўра 2012», але толькі дзякуючы таму, што самі ладзілі спаборніцтвы ў сваёй краіне разам з Украінай. Аднак не ўдалося ім нават выйсьці з групы. На гэты раз яны самастойна заваявалі права гуляць на чэмпіянаце, і нават перамаглі ў першым матчы. Сапернік, праўда, быў ня з тых самых моцных – Паўночная Ірляндыя лічыцца адной са слабейшых зборных, але і яна змагалася як магла.

Яшчэ на гэтым тыдні палякаў чакае гульня з чэмпіёнамі сьвету – камандай Нямеччыны. Гэты матч яны могуць нават прайграць, каб выйсьці з групы – а такую менавіта мэту паставіў перад сваімі футбалістамі трэнэр зборнай Адам Навалка.

Футбол – гэта фэнамэнальны спорт. Ніводзін іншы від спартыўных змаганьняў не дае столькі эмоцый такой вялікай колькасьці людзей. Пра фэномэн футболу гаворыць доктар псыхалягічных навук Анна Пыцка.

А. Пыцка: Гэта спорт, які прыцягвае вялікую колькасьць заўзятараў. Зьвярніце ўвагу, колькі людзей прыходзіць на стадыёны. Так, як у старажытных тэатрах людзі глядзелі спэктаклі – гэта прыгожае, старанна падрыхтаванае відовішча. Гледачы праводзяць 90 хвілін перад тэлевізарам, але спэцыялісты працуюць намнога даўжэй, каб ідэальна ўсё падрыхтаваць. Прасьцей зрабіць з футбаліста вялікую зорку, чым з іншага спартоўца. Ніводзін іншы від спорту не зьяўляецца такім відовішчным, як футбол.

Госьць Польскага радыё дадае, што заўзятарам патрэбныя супэргероі, а імі могуць стаць футбалісты, а таксама ўсяму народу патрэбныя посьпехі ў спорце.

А. Пыцка: Здараецца так, што некаторыя аматары футболу глядзяць ня ўвесь матч, а толькі фрагмэнты, калі былі забітыя галы. Гэта гол, посьпех прыцягвае нашу ўвагу. Мы забываемся на тое, што за гэты посьпех маса людзей плаціць вялізную цану. Гэта вельмі складаны шлях да зорак.

Большасьць палякаў глядзела ў нядзелю першы матч польскай зборнай па тэлебачаньні, а некаторыя сочаць за ўсімі гульнямі спартоўцаў. Аднак ня ўсе цікавяцца футболам. Людзей, якія абыякава ставяцца да спорту, раздражняе ўсеагульная прысутнасьць футбольнай тэматыкі. Найгорш, калі ў адной сям’і частка людзей цікавіцца спортам і глядзіць матчы, а іншыя зусім не хацелі б нічога пра гэта чуць. Тым ня менш, нічога страшнага ў гэтым няма, у тых, хто не цікавіцца спортам, ёсьць шмат магчымасьцяў інакш праводзіць час, – адзначае пэдагог і мэдыятар Дарота Дамінік.

Д. Дамінік: Я прапаную лічыць гэта водпускам ад розных праблем. Калі нас не цікавіць чэмпіянат, як, напрыклад, мяне, то ў нас ёсьць час, каб сустрэцца зь сябрамі, якія таксама не цікавяцца футболам, заняцца сабою. Праблема футболу, на маю думку, зусім не зьяўляецца праблемай. Аднак спорт патрэбны людзям, як спартоўцам, так і гледачам. Спакон вякоў людзі глядзяць спорт, каб выразіць свае эмоцыі. У старажытнасьці таксама былі відовішчы, людзям гэта неабходна. І часам трэба гэтаму проста паддацца. Канешне, гаворка ідзе пра тых, каму гэта падабаецца.

На думку псыхолягаў, варта ўкласьці крыху працы ў арганізацыю сумеснага прагляду матчаў са сваімі блізкімі і сябрамі, калі хтосьці любіць футбол. Эмоцыі, якія перажываюць чальцы сям’і, яднаюць у такім выпадку людзей.

Нагадаем, што чарговы матч польскай зборнай на чэмпіянаце Эўропы па футболе адбудзецца ў бліжэйшы чацьвер. На гэты раз палякі згуляюць з чэмпіёнамі сьвету, нямецкай камандай. З імі цяжка будзе здабыць перамогу. Але посьпех першай гульні абудзіў вялізныя надзеі сярод аматараў футболу ў Польшчы і дадаў веры ва ўласныя сілы самім футбалістам. Паглядзім, ці яны апраўдаюць надзеі. Посьпехам была б нават нічыя.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт