Logo Polskiego Radia
Print

Як плянаваць адпачынак, каб добра адпачыць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.07.2016 15:08
Часам трэба ісьці на кампраміс або разьдзяліць сям'ю, калі ў яе чальцоў розныя пляны на водпуск.
www.pixabay.com

Ліпень, жнівень – гарачыя месяцы, у якія мы як правіла плянуем узяць на працы водпуск, выехаць кудысьці, папрацаваць на дачы. Адным словам, адпачыць. Канешне, для розных людзей адпачынак азначае нешта іншае. Адны любяць ляжаць на пляжы і загараць, іншыя аддаюць перавагу актыўнаму водпуску, без якога не ўяўляюць сабе лета. Горш, калі ў адной сям’і погляды на адпачынак зусім розныя.

Працуючы цэлы год, мы часта проста марым аб летніх месяцах, калі можна будзе ўзяць водпуск, аб якім думалі ўсю восень-зіму-вясну. У нашых думках гэтыя некалькі тыдняў стануць ідэальным часам, праведзеным зь сямʼёй, спакойным, калі мы ня будзем думаць пра нейкія непрыемныя рэчы, набярэм сілу на працу і далейшае жыцьцё. Аднак не заўсёды бывае так, што нашы мары да канца спаўняюцца. Здараецца, што мы праводзім адпачынак ня так, як хацелі б. І тады мы вінавацім як правіла не сябе, а іншых у такой сытуацыi. А вось як лепш не адпачываць – прадставім меркаваньні жыхароў Варшавы.

Жыхары: Лежачы на пледзе, загараючы і п'ючы алькагольныя напоі. Лепш кудысьці паехаць, дзе можна паезьдзіць на ровары, мець кантакт з прыродай.

Дрэнны спосаб адпачынку – калі няма руху. Нельга таксама пастаянна памятаць пра работу. Водпуск дзеля таго нам дадзены, каб адпачыць, забыць пра працу. Таму ўсе праблемы, зьвязаныя з працай, лепш пакінуць за дзьвярыма.

Лепш не заставацца дома на вакацыі. Тады будзем толькі ляжаць на канапе, глядзець тэлевізар, а гэта зусім не адпачынак. Нельга таксама праводзіць адпачынак пры піве і цыгарэтах.

Нагадаем – пытаньне было – як лепш не адпачываць. Пераважна людзі згаджаюцца, што добры адпачынак такі, калі мы можам правесьці яго на сьвежым паветры і займаючыся любімым спортам. Але ёсьць людзі, якія не ўяўляюць сабе адпачынку без карычневага загару, які магчыма атрымаць толькі на гарачым пляжы, лежачы шмат гадзін пластом амаль бяз руху. Часта ў адной сямʼі адзін чалавек хацеў бы паехаць у горы, іншы на мора, а дзеці на возера. У такой сытуацыі лепш разьдзяліцца і паехаць у розныя месцы, чым хтосьці меў бы адмовіцца ад свайго спосабу праводзіць свабоды час і будзе мучыцца на пляжы або лазячы па гарах.

На думку акторкі Малгажаты Астроўскай-Крулікоўскай, нельга ставіцца да адпачынку як да нейкага важнага праекту, задачы.

М. Астроўска-Крулікоўска: Я вельмі люблю ляжаць на пляжы, а мой муж гэтага ня церпіць, для яго гэта пакараньне. Ён любіць горы, лазіць па іх. І таму нам прыходзіцца шукаць нейкі кампраміс на гэты свабодны час. Я даўно ўжо зразумела, што нельга ставіцца да адпачынку як да чарговай задачы, якую неабходна выканаць. Я абажаю спакой, таму для мяне найлепшы час – калі дзеці выяжджаюць у лягеры адпачынку. Канешне, разам таксама адпачываем, але часам гэта проста жах – пастаянна нехта ад мяне нешта хоча, нешта трэба рабіць, плянаваць. Не, я хачу астацца адна і адпачыць ад абавязкаў.

Гэта гаворыць жанчына, у якой пяцёра дзяцей, і якая сваіх дзяцей абажае, распавядае пра іх зь вялікай любоўю. Тым ня менш, не баіцца прызнацца, што дзеці – гэта вялікі абавязак, які часта вельмі стамляе, і што маці таксама марыць пабыць сам-насам са сваімі думкамі, а ня толькі займацца дзецьмі, чаго патрабуе ад іх грамадзтва.

Наконт плянаваньня водпуску існуюць таксама самыя розныя меркаваньні. Адны ставяць на дакладны плян, які ёсьць заўсёды, як у славутага Паспарту зь вядомай казкі, іншыя хацелі б адпачыць ня толькі ад штодзённай працы і абавязкаў, але таксама ад плянаваньня дня. Зразумела, абодва спосабы праводзіць адпачынак могуць мець свае як добрыя, так і дрэнныя бакі. Але кожная сытуацыя чамусьці нас вучыць, і таму варта хаця б раз спрабаваць і такі, і іншы спосаб адпачынку, каб мы ведалі на будучае, якім чынам найлепш не праводзіць або праводзіць свабодны час.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт