Logo Polskiego Radia
Print

Палякі прынялі ўдзел у місіі «ЭкзаМарс»

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.10.2016 18:02
Польскі цэнтар касьмічных дасьледаваньняў удзельнічаў у падрыхтоўцы аднае з прылад.
Foto: pixabay.com

У сераду ў рамках місіі «ЭкзаМарс» на паверхні чырвонай плянэты зьдзейсьніў пасадку модуль Schaparelli. Місію ажыцьцяўляюць Эўрапейскае касьмічнае агенцтва й расейскае Раскосмас. Дасьледаваньні Марса павінны наблізіць нас да адказу на пытаньне аб наяўнасьці пазаземнага жыцьця.

У будаўніцтва элемэнтаў, якімі абсталяваны модуль, зрабілі свой унёсак польскія фірмы й інстытуты.

Складаная пасадка пачалася з разьдзяленьня арбітальнага і пасадачнага модуляў.

Павал Ваер з Цэнтра касьмічных дасьледаваньняў Польскай акадэміі навук: Модуль увайшоў у атмасфэру з хуткасьцю больш за 20 тысяч кілямэтраў у гадзіну. Ён мусіў скінуць хуткасьць, але перад гэтым разагрэўся да 1500 градусаў Цэльсія. Адчыніўся парашут, які яшчэ больш зьбіў хуткасьць і над паверхняй Марса запусьціліся рухавікі тармазоў, каб модуль не разьбіўся аб паверхню і бясьпечна зьдзейсьніў пасадку.

Марк МакКафрын з Эўрапейскага касьмічнага агенцтва: «Гэта цудоўны першы крок. Задачай наступнай місіі будзе дасьледаваньне паверхні Марса. Мы мусім узяць матэрыял для дасьледаваньняў і даставіць яго на зямлю. Бо ж справа ў тым, каб урэшце рэшт на Марс паляцелі людзі».

Матэўш Барковіч з плянэтарыя «Неба Капэрніка» падкрэсьлівае ролю, якую ў гэтым праекце адыгралі польскія фірмы і польскія інстытуты.

М.Барковіч: Польшча зьяўляецца чальцом Эўрапейскага касьмічнага агенцтва. Праўда, працэнтны ўдзел невялікі, бо складае менш за адзін працэнт. Польскі цэнтар касьмічных дасьледаваньняў удзельнічаў у падрыхтоўцы аднае з прылад, якая называецца «Kasis» – гэта відэакамэра, якая будзе рабіць здымкі 3Д паверхні Марса.

Фірма «Vigo System» выканала для «ЭкзаМарс» радыёмэтар, – кажа старшыня фірмы Адам Пятроўскі.

А.Пятроўскі: Радыёмэтар – гэта прылада, якая вымярае тэмпэратуру. Ён мерае тэмпэратуру цеплаахоўнага слою. Для чарговых марсіянскіх палётаў радыёмэтар павінен акрэсьліць якой таўшчыні павінен быць гэты слой.

Расьце значэньне Польшчы ў касьмічным сэктары. Ёсьць мноства фірмаў, якія займаюцца будаўніцтвам кампанэнтаў, вымяральнай тэхнікі для спадарожнікаў. Займаюцца гэтым таксама палітэхнічныя ўнівэрсытэты, між іншым, Варшаўскі палітэхнічны ўнівэрсытэт пабудаваў свой спадарожнік, які ўвайшоў на калязямную арбіту і цяпер будуе наступны.

Ядвіга Эмілевіч з Міністэрства разьвіцьця падкрэсьлівае значэньне спадарожнікаў у штодзённым жыцьці.

Я. Эміліэвіч: Сёньня цяжка ўявіць сучасную дзяржаву без уліку спадарожнікавых дадзеных. Найбольш істотныя, пра якіх мы часта ня ведаем, гэта дадзеныя, зьвязаныя з абароназдольнасьцю ў розных аспэктах. У тым ліку гаворка ідзе пра грамадзянскую абарону зьвязаную з кліматам, з чысьцінёй паветра, чысьцінёй вадаёмаў. Гэтыя дадзеныя дапамагаюць нам спраўна назіраць і прадугледжваць пэўныя кліматычныя працэсы. Таксама спадарожнікі кіраваць транспартам: цягнікамі, суднамі, разьмяркоўваць працу хуткай дапамогі.

Экспэрты кажуць, што неўзабаве спадарожнікі будуць дапамагаць разьвіваць бізнэс. Гэтак лічыць Гжэгаж Брона, старшыня фірмы «Creotech Instruments»

Г.Брона: Пачынаецца эпоха, калі спадарожнік становіцца даступным амаль для кожнага, яшчэ не для кожнага чалавека, але для кожнай буйной фірмы. Я думаю, што на працягу дзесяці, а мо і пяці бліжэйшых гадоў пераважная частка буйных кампаній, у тым ліку і польскіх, будзе мець свой спадарожнік. Напрыклад, можна паглядзець, якія віды збожжа на якім полі вырошчваюць сяляне і такім чынам прадугледзець кошт збожжа ў наступным годзе ці праз два гады, але таксама можна падабраць адпаведнае ўгнаеньне. А яшчэ хачу сказаць пра падаткі. Мне стала вядома, пра цікавы праект у Грэцыі. Аказваецца, што там існуе падатковае правіла, паводле якога данінай абкладаюцца басэйны. Дагэтуль грэкі хавалі свае басэйны, не пускалі на панадворак падаткавікоў і не плацілі падаткаў. Цяпер усё стала вядома якраз з дапамогай спадарожнікавых дадзеных. Басэйны вельмі добра відаць зьверху. У Польшчы таксама можна падобна выкарыстаць спадарожнікі. Не ў справе басэйнаў, але, напрыклад, велічыні палёў, што мае значэньне для эўразьвязаўскіх датацый ці ў іншай сытуацыі, калі гэтыя дадзеныя маюць значэньне для фінансавых разьлікаў.

Сёньня вартасьць польскага касьмічнага рынку складае некалькі дзесяткаў мільёнаў злотых. Паводле спэцыялістаў, праз некалькі гадоў вартасьць вырасьце нават у дзесяць разоў.

Міністэрства разьвіцьця распрацоўвае Польскую касьмічную стратэгію, якая павінна палепшыць супрацоўніцтва паміж навуковымі коламі і бізнэсам.

ПР3/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт