Logo Polskiego Radia
Print

Замак у Ліве – месца пакуты Жоўтай дамы (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.10.2016 15:17
  • Замак у Ліве.mp3
Падчас Другой сусьветнай вайны гэтае месца асабліва зацікавіла гітлераўцаў.
Photo: Bladyniec/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0Photo: Bladyniec/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0Photo: Bladyniec/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Сёньня запрашаю наведаць руіны гатычнага князёўскага замка ў вёсцы Ліў (Liw). Вёска распаложана на рацэ Лівец (Liwiec), якая падзяляе два гістарычныя рэгіёны Польшчы – Падляшша й Мазовію.

Замак у Ліве быў пабудаваны ў XV стагодзьдзі ў якасьці вартавой вежы па даручэньні мазавецкага князя Януша І Старэйшага. Крэпасьць была ўзьведзеная на левым беразе ракі Лівец, на ўсход ад заснаванага ў 1421 годзе гораду, з мэтай кантраляваць пераправу праз раку і ўсходнюю мяжы Мазавецкага княства.

На штучным узгорку плошчай у тысячу квадратных мэтраў была ўзьведзяная невялікая цагляная крэпасьць. Першапачаткова яна была заснаваная на квадратным пляне, а перад ёй разьмяшчаўся драўляны, умацаваны прыгародак з надворнымі пабудовамі. Замак і горад спалучала вузкая дамба пракладзеная на навакольных балотах у прырэчнай даліне Ліўца.

Першая перабудова замка адбылася ў 1526-1536 гадах, калі крэпасьць была ўласнасьцю кнагіні Анны Мазавецкай. Гэтак званы Вялікі дом, у якім жыў бургграф, быў павышаны на адзін паверх, каб мог ён выконваць функцыю князёўскага двору.

Чарговая перабудова была праведзеная па загаду каралевы Боны Сфорцы ў 1549-1570 гадах. Між іншым, вароты былі павышаныя на некалькі паверхаў, а на мурах крэпасьці былі наладжаныя агнястрэльныя становішчы. У гэткім выглядзе замак існаваў да Швэдзкага патопу (1655-1660).

Photo:
Photo: I,Marcellus/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

У 1657 годзе швэды абстралялі замак з гарматаў, а пасьля здабыцьця - спалілі. Чарговы раз крэпасьць была зьнішчаная швэдамі ў 1700 і 1703 гадах. Пасьля ваенных зьнішчэньняў гатычна-рэнэсансавая крэпасьць ужо не была адбудаваная. На склепе й фундамэнтах згарэлага Вялікага дому быў узьведзены драўляны будынак канцылярыі, які служыў ліўскім старастам да канца XVIII стагодзьдзя.

У канцы XVIII стагодзьдзя па рашэньні старасты Тадэвуш Грабянкі (Tadeusz Grabianka) насупраць драўлянай канцылярыі быў пабудаваны цагляны замак у стылі барока. Пазьней там разьмяшчаліся канцылярыя старасты й зямельны суд. Пасьля перанясеньня адміністрацыйных уладаў у непадалёкі горад Седльцэ (Siedlce) замак стаяў пусты, а затым быў спустошаны й разбураны. Канчатковае зьнішчэньне адбылося ў 1846-1855 гадах. Некаторы час у вежы, якая захавалася, разьмяшчалася кузьня.

Пасьля Першай сусьветнай вайны на тэрыторыі замку прайшлі археалягічныя працы й руіны былі забясьпечаныя. Аднак ніякай буйной рэканструкцыі не было. Толькі падчас Другой сусьветнай вайны руінамі зацікавіліся нямецкія акупацыйныя ўлады, якія памылкова лічылі, што аб’ект мае тэўтонскія карані. Дзякуючы гэтаму ў 1943-1944 гадах цэглы са сьцен замка, якія першапачаткова немцы плянавалi выкарыстаць пры будаўніцтве гітлераўскага канцлягера ў Трэблінцы (Treblinka), вярнуліся на сваё месца. Гітлераўцы забясьпечылі аб’ект і пачалі працу па рэканструкцыі вежы. Аднак праца была спынена неадкладна, калі яны даведаліся праўду пра гісторыю крэпасьці.

У 1944 годзе замак зноў пацярпеў падчас ваенных дзеяньняў. Пасьля вайны гатычныя сьцены й руіны былі забясьпечаныя й завершаная рэканструкцыя вежы.

У 1957-1961 гадах намаганьнямі мясцовых актывістаў будынак канцылярыі старасты быў адбудаваны й прызначаны на сядзібу гмінных уладаў і бібліятэкі. У 1963 годзе ў будынку быў заснаваны Музэй-збраёўня.

Photo:Nikolaus
Photo:Nikolaus von Nathusius/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

У цяперашні час можна наведаць памяшканьні адрэстаўраванага замка й вежу-вароты, у якіх разьмяшчаецца сядзіба гістарычнага музэя. Ад былога Вялікага дому па сёньняшні час захаваліся толькі гатычныя падвалы й частка навакольных сьценаў.

У музэі можна пазнаёміцца зь гісторыяй замка, прадстаўленай, між іншым, на фотакопіях малюнкаў і на вобразах, а таксама паглядзець зброю з розных эпохаў.

Летам музэйная ўстанова арганізоўвае на замку розныя мерапрыемствы пад адкрытым небам, у тым ліку рыцарскія турніры.

Photo:
Photo: Jerzy Strzelecki/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

З замкам у Ліве зьвязаныя некалькі легендаў. Адна зь іх гаворыць пра сьпячых рыцараў. Маўляў, на непадалёкіх пагорках сьпяць польскія рыцары й чакаюць караля Швэцыі, які вернецца па свой згублены ў баі капялюш. Калі швэд зноў паявіцца, рыцары прачнуцца й пачнецца бой такі страшны, што ў суседнім гарадку Вэнграў (Węgrów) шкло павыпадае з вокнаў, а ў рацэ Лівец замест вады пацячэ кроў.

Іншая легенда расказвае пра Жоўтую даму – Людвіку Кучыньскую (Ludwika Kuczyńska), жонку літоўскага кашталяна Марціна Кучыньскага (Marcin Kuczyński). Раўнівы муж абвінаваціў жанчыну ў нявернасьці й загадаў абезгаловіць на панадворку замку. З тых часоў дама ў жоўтай вуалі паяўляецца на досьвітку на дзядзінцу і ў памяшканьнях замка, ды пераконвае людзей, якіх сустрэне, у сваёй невінаватасьці.

pl.wikipedia.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт