Logo Polskiego Radia
Print

Цэнтар гарадоў толькі для электрамабіляў?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 11.11.2016 09:08
  • Цэнтар гарадоў толькі для электрамабіляў.mp3
Згодна з плянамі польскага ўраду ў 2025 годзе па польскіх дарогах павінен езьдзіць 1 млн такіх аўтамабіляў.
pixabay.com/CC0

Міністэрства энэргіі хоча змагацца з нізкім узроўнем выкідаў, то бок выкідамі пылаў і небясьпечных газаў на вышыні да 40 мэтраў. Крыніца згаданых забруджваньняў – гэта абаграваньне дамоў і кватэр нізкаякасным палівам і выхлапныя газы.

Міністэрства энэргіі падрыхтавала комплексны пакет вырашэньняў на карысьць чыстага транспарту, які павінен абапірацца на распаўсюдзе электрамабіляў – тлумачыць віцэ-міністар па справах энэргіі Міхал Куртыка.

М. Куртыка: Адной з перадумоў узьнікненьня такога пакету зьяўляецца менавіта праблема нізкага ўзроўню выкідаў у гарадах, асабліва ў цэнтрах. У такіх гарадах як Варшава нават 60% забруджаньня паходзіць ад транспарту. Электрамабіль ці электрааўтобус зьяўляюцца вырашэньнем гэтай праблемы. У сувязі з гэтым мы лічым распаўсюджваньне электратранспарту ў гарадах выйсьцем з праблемы, зь якой мы сёньня змагаемся ў нашых гарадах – забруджанае паветра, а таксама празьмерны шум.

У сувязі з гэтым міністэрства хоча, каб у цэнтрах гарадоў узьніклі нізка эмісійныя зоны. У такія зоны маглі б уяжджаць толькі электрамабілі.

М. Куртыка: Ня будзе так, што раптоўна цэнтры гарадоў будуць зачыненыя. Аднак гэта ўсё ж адна з прапановаў, якая будзе абмяркоўвацца паміж міністэрствамі, каб цэнтры гарадоў сталі нізка эмісійнымі зонамі. Гарады мелі б сродак, які заахвочваў бы больш шырока выкарыстоўваць электрамабілі. Можна сабе ўявіць, што таксісты, карпарацыі будуць ахвотней пераходзіць на электрамабілі, маючы магчымасьць перамяшчацца па горадзе ў такіх нізка эмісійных зонах.

«Абмежаваньне руху ў цэнтрах гарадоў – гэта добрае рашэньне», – мяркуе Адрыян Фульгальскі, экспэрт Групы гаспадарчых дарадцаў TOR, але ён дадае, што стаўка толькі й выключна на электрамабілі можа быць праблематычнай.

А. Фульгальскі: Трэба разумець, што сярод 50 найбольш забруджаных гарадоў у Эўразьвязе 33 знаходзяцца ў Польшчы. Таму мы павінны абмяжоўваць рух у цэнтрах гарадоў. Ці стварыць зоны толькі для электрамабіляў? Найперш гэтыя электрамабілі павінны быць. Немцы настроіліся на вытворчасьць электрычных аўтамабіляў, каб у 2030 годзе ўвогуле ў цэлым ЭЗ забараніць рэгістрацыю традыцыйных аўто. Здаецца, што такое рашэньне заўчаснае. У канцы мінулага году ў сьвеце быў 1 млн аўтамабіляў.

Віцэ-міністар па справах энэргіі Міхал Куртыка аднак пераконвае, што пляны польскага ўраду доўгатэрміновыя, паколькі электрамабілі – гэта будучыня аўтамабільнай галіны.

М. Куртыка: Калі на сёньняшні момант на нашых дарогах няма зашмат электрамабіляў, то ўсё ж гэта не азначае, што адначасова не адбываецца вельмі істотная тэхналягічная рэвалюцыя. Падаюць цэны акумулятараў, расьце папулярнасьць электрамабіляў таксама з увагі на рост экалягічнай сьвядомасьці грамадзтваў, асабліва ў багацейшых краінах. Кітай у дадзены момант зьяўляецца бясспрэчным лідарам, калі казаць пра разьвіцьцё электрычнага транспарту, паколькі кітайскія гарады змагаюцца са смогам.

Згодна з плянамі польскага ўраду ў 2025 годзе па польскіх дарогах павінен езьдзіць 1 млн такіх аўтамабіляў. Каб прысьпешыць працэс, урад рыхтуе шматлікія льготы – нулявая стаўка ПДВ, ліквідацыя акцызу, даплата да першых 100 тысяч электрамабіляў. Уладальнікі электрамабіляў маглі б разьлічваць на бясплатную паркоўку на публічных паркінгах, езьдзіць пасамі для аўтобусаў, карыстацца спэцыяльнымі льготамі на падзарадку аўто ноччу.

Як вынікае з плянаў Міністэрства энэргіі, у 2020 годзе ў Польшчы павінна быць зарэгістравана каля 75 тыс. электратранспарту, з чаго 70% у гарадзкіх аглямэрацыях і густанаселеных тэрыторыях. У 2025 годзе палова транспарту публічнай адміністрацыі мае быць на электрычнасьць.

Цяпер кошт электрамабіля ў Польшчы значна вышэйшы, чым традыцыйнага аўто. Ён вагаецца ад 20 да 55 тысяч даляраў. Кошт праезду 100 км складае каля 2,5 даляраў у выпадку, калі аўто будзе спальваць 20 kWh энэргіі на 100 км.

Дзякуючы большаму ўдзелу электрааўто й электрааўтобусаў у транспарце, па-першае, можна будзе палепшыць якасьць паветра ў Польшчы, што ў сваю чаргу паўплывае на стан здароўя палякаў. Па-другое, палепшыцца энэргетычная бясьпека й, па-трэцяе, будзе разьвівацца прамысловасьць і навуковыя дасьледаваньні – пераконваюць у Міністэрстве энэргіі.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт