Logo Polskiego Radia
Print

Здароўе залежыць ад якасьці харчаваньня

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 25.11.2016 15:50
  • экалёгія 2511.mp3
Чалавек зьядае цягам свайго жыцьця каля 210 тон прадуктаў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Чалавек зьядае цягам свайго жыцьця каля 210 тон прадуктаў харчаваньня. Калі гэтыя прадукты складаюцца з кансэрвантаў, фарбавальнікаў і харчовых дабавак, то арганізм павінен гэта пераварыць, што адмоўна ўплывае на яго стан – гаворыць дыетоляг, папулярызатар здароўя, аўтарка кнігі «Што мне баліць? Даведнік эфэктыўнага лекаваньня дыетай» прафэсар Бажэна Кропка.

Здаецца, што ў сёньняшніх часах вельмі складана знайсьці прадукты, у якіх не было б згаданых кансэрвантаў, фарбавальнікаў і харчовых дабавак. Ці такія прадукты яшчэ існуюць?

Б. Кропка: Так, і такіх прадуктаў ёсьць шмат. На жаль, у крамах яны знаходзіцца на самых непрыкметных месцах – гэта бабовыя, кашы, насеньне, арэхі, неперапрацаваныя, натуральныя прадукты. Яны, на шчасьце, вяртаюць нам здароўе. Некаторыя могуць сабе дазволіць не любіць такія прадукты. Гэта закончыцца тым, што празь нейкі час яны адчуюць праблемы стрававальнай сыстэмы, які потым уплываюць на нэрвовую сыстэму, на шчытападобную залозу. Некаторыя пацыенты ўжо ня маюць выбару.

Вы зьяўляецеся ня толькі дыетолягам, але й папулярызатарам здароўя. Вельмі рэдкае акрэсьленьне, што ў вашым выпадку яно азначае?

Б. Кропка: Тое, што я займаюся пацыентам у цэлым. То бок, калі да мяне прыходзіць пацыент, я павінна ацаніць усё. Я мушу ацаніць стан здароўя, зрабіць лябараторныя аналізы, ацаніць спосаб харчаваньня, тое, як ён функцыянуе дома, у грамадзтве, якую працу выконвае, колькі сьпіць, а каторай кладзецца спаць. Пад увагу трэба ўзяць усё. І гэта называецца папулярызацыя здароўя.

Вы пераконваеце, што ў вельмі значнай ступені за стан здароўя адказвае стрававальная сыстэма, а на яе ўплыў мае тое, што мы ямо. Ці можна сказаць, што здаровая стрававальная сыстэма зьяўляецца гарантам нашага здароўя?

Б. Кропка: Так. Таксама вельмі важным зьяўляецца склад бактэрыяльнай флёры. Паколькі парушаная бактэрыяльная флёра генэруе таксіны, якія ўплываюць нэгатыўна на працу мозгу. Ад таго, як функцыянуе нашая стрававальная сыстэма, залежыць тое, як працуюць усе іншыя сыстэмы ў арганізьме. Усё гэта вельмі моцна зьвязана. І кожную хваробу трэба пачынаць лячыць ад кішэчніка, ад адбудоўваньня бактэрыйнай флёры. Аказалася, што флёра вельмі моцна рэагуе на працяглы стрэс, яна вельмі моцна рэагуе на лекі. Людзі цяпер прымаюць вельмі шмат лекаў, паколькі ня дбаюць пра сваё здароўе, перанагружаюць свой арганізм. Усё гэта парушае бактэрыйную флёру. Канешне, адной з галоўных прычын зьяўляецца няправільнае харчаваньне.

Вельмі распаўсюджанай праблемай у цяперашні час зьяўляюцца шматлікія алергіі й непераноснасьць глютэна. Часта чуваць «аргумэнт», што раней такіх праблем не было, і што алергіі й непераноснасьць глютэну – гэта выдумка дыетолягаў.

Б. Кропка: Неабходна памятаць, што нашы продкі ня елі піццу, ня елі фастфудаў. На іх сталах пераважалі такія прадукты як хлеб з непрасеянай мукі, з полбы. Макароны паявіліся вельмі позна. Цяпер у нас белыя, ачышчаныя макароны. Яны зробленыя з мукі, у якой вельмі шмат бялка, якога нашы дзяды ня елі. Нашы продкі елі прадукты з іншай пшаніцы. Акрамя таго дадалася праблема з бактэрыйнай флёрай, а ў выніку паявілася праблема з глютэнам.

Ці пры дапамозе прадуктаў харчаваньня можна аднавіць бактэрыйную флёру?

Б. Кропка: Тут ёсьць пэўная праблема. Звычайна, бактэрыйную флёру аднаўляюць кіслымі малочнымі прадуктамі й квашанай агароднінай. Гэта натуральныя ёгурты без цукру й садавіны, натуральны тварог, без харчовых дадаткаў, квашаная капуста, квашаныя буракі. Аднак тут ёсьць праблема. Звычайна алергікі не прымаюць гэтыя прадукты.

Дзякуй за размову. Сёньняшняя гутарка пацьвердзіла паўсюдна вядомую ісьціну – арганізм чалавека складаецца з таго, што ён есьць. Няправільнае харчаваньне прыводзіць да шэрагу цывілізацыйных хвароб, як цукровы дыябэт, алергія, атлусьценьне. Цяпер людзі паміраюць не ад голаду, але ад празьмернага спажываньня ежы, асабліва шкодных тлушчоў, цукру, солі, кансэрвантаў, перапрацаваных страваў.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт