Logo Polskiego Radia
Print

У горадзе можна атрымаць смачны і карысны мёд

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.12.2016 13:59
Законы былі зьмененыя і цяпер вульлі можна ставіць нават у 10 мэтрах ад сьцен і вокнаў дамоў.
www.pixabay.com

У варшаўскіх парках, а нават на дахах будынкаў, можна ўбачыць пчаліныя вульлі. Агнешка і Каміль Бай заснавалі фірму Пчалярый (Pszczelarium), якая вырашыла стварыць нешта, чаго раней у Польшчы не было, але існавала ўжо ў іншых краінах – гарадзкія пасекі – чытаем у выданьні „Puls Biznesu”.

Тры гады таму яны пачалі працу з таго, што пераканалі гарадзкія ўлады зьмяніць законы. Раней паводле нарматыўных правіл, вульлі нельга было разьмяшчаць у адлегласьці меншай, чым адзін кілямэтар ад жылых дамоў. Гарадзкія дэпутаты прагаласавалі за перагляд законаў. І цяпер вульлі можна ставіць нават у 10 мэтрах ад сьцен і вокнаў дамоў.

Навошта пчаляры пераносяць вульлі ў горад? Яны перакананыя, што такім чынам яны памагаюць пчолам і адначасова будуюць здаровае асяродзьдзе для жыцьця людзей. Гэтыя карысныя насякомыя масава выміраюць, таму трэба рабіць усё магчымае, каб арэал іх дзейнасьці пашыраць. Акрамя таго, хто мае пчол, той мае мёд. Фірма ўтрымліваецца з продажу мёду, хаця спачатку трэба пераканаць кліентаў, што мёд чысты і смачны (гэта пацьвярджаюць лябараторныя аналізы).

Гарадзкія пчолы жывуць на дахах многіх варшаўскіх гандлёвых цэнтраў. У плянах фірмы – разьвіцьцё пчалярства таксама ў іншых гарадах Польшчы.

Puls Biznesu/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт