Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы існуе прытулак для непатрэбных расьлін

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 09.02.2017 17:38
  • прытулак для непатрэбных расьлін.mp3
Яго ўладальніцы ратуюць выкінутыя ці нікому не патрэбныя расьліны, а потым шукаюць ім новы дом.
pixabay.com

Вельмі часта чуваць пра прытулкі для бяздомных жывёл. А ці ведалі вы, што ёсьць таксама прытулкі для непатрэбных расьлін?

У Гданьску, Быдгашчы, Торуні і Варшаве ўжо год існуе прытулак для непатрэбных расьлін. Яго ўладальніцы ратуюць выкінутыя ці нікому не патрэбныя расьліны, а потым шукаюць ім новы дом.

«Прытулак для расьлін – гэта арганізацыя, якая прадухіляе выкідваньне расьлін, калі яны становяцца непатрэбнымі, ці выглядаюць ня так, як гэтага хочуць іх уладальнікі», – гаворыць Моніка Тужыцка-Патоцка з прытулку для расьлін.

М. Тужыцка-Патоцка: І ў такіх сытуацыях паяўляемся мы, забіраем гэтыя расьліны і аддаём іх далей. Вельмі часта адбываецца так, што людзі ставяцца да расьлін як да прадуктаў. Купляюць у краме гатовы прадукт, які часта пафарбаваны, да якога прыклееная нейкая штучная кветка, які выглядае прыгожа для той ці іншай нагоды. Але яны нават ня ведаюць, як гэтая расьліна называецца, як пра яе клапаціцца. А калі расьліна перастае адпавядаць іх чаканьням, то яны яе выкідваюць на сьметніцу. То бок, ставяцца да яе як да прадмету, а такі чарговы прадмет зноў купляюць у краме.

Другая ўладальніца прытулку для расьлін Мілена Банашэўская гаворыць, што ў яе разрываецца сэрца, калі яна бачыць кінутыя на сьметніку расьліны.

М. Банашэўская: Расьліны ў нашым жыцьці вельмі важныя. Чалавек адразу лепш сябе адчувае ў акружэньні кветак.

Моніка Тужыцка-Патоцка расказвае, што яны аказваюць таксама інфармацыйную падтрымку.

М. Тужыцка-Патоцка: Вельмі часта людзі купляюць расьліны, паколькі яны прыгожа выглядаюць, паколькі лічаць, што гэта будзе ўпрыгожаньне дому, не разумеючы, якія для дадзенай расьліны неабходныя ўмовы. Вельмі часта адбываецца так, што расьлінам, выстаўленым на падаконьніках, патрэбны цень. Уладальнікі ня ведаюць, як часта трэба іх паліваць. Нашая арганізацыя аказвае інфармацыйную падтрымку. Мы таксама абменьваем расьліны на іншыя, якія больш падыходзяць да канкрэтных кватэр ці дамоў.

У прытулак можна зьвярнуцца ў выпадку, калі расьліна знаходзіцца ў вельмі занядбаным стане.

М. Банашэўская: Да нас трапляюць вельмі розныя расьліны, найчасьцей самыя папулярныя – фікусы, кактусы, алоэ. Гэтыя расьліны трапляюць да нас у розным стане. Мы папросту баімся, што іншыя асобы зь імі ня справяцца.

«Многія з кветак цалкам высахлыя, цалкам зьнішчаныя», – гаворыць Моніка Тужыцка-Патоцка.

М. Тужыцка-Патоцка: Тады на рэабілітацыю яны трапляюць да нас. Здараецца так, што нам потым цяжка разьвітвацца з такой расьлінай. Напрыклад, нядаўна я атрымала язьмін. Ён быў у вельмі кепскім стане, ня меў ніякіх кветак, а цяпер цудоўна цьвіце, пускае новыя галінкі і я не ў стане зь ім разьвітацца, язьмін застаўся ў мяне дома.

Прытулкі для расьлін ёсьць у Гданьску, Быдгашчы, Торуні і Варшаве.

М. Банашэўская: Мы маем у сваіх гарадах сядзібы, але гэта выглядае ня так, як у выпадку прытулкаў для жывёл – вялікія будынкі, дзе мы зьбіраем расьліны, так, як можна сабе ўявіць батанічныя сады. Усё адбываецца так хутка, а ахвотных забраць такую расьліну настолькі вялікая, што мы часамі зьяўляемся толькі пасярэднікам, а забіраюць расьліну непасрэдна ад асобы, якая яе аддае.

Людзі пазбаўляюцца ад расьлін па розных прычынах, напрыклад, нехта мае на іх алергію, альбо кветка зьяўляецца ядавітай для хатніх жывёл. У такім выпадку можна напісаць да, напрыклад, Монікі Тужыцкай-Патоцкай.

М. Тужыцка-Патоцка: Тады трэба да нас напісаць, што вы маеце такую расьліну, якую хочаце аддаць. Лепш за ўсё выслаць таксама здымак. Мы выстаўляем такую расьліну на старонцы на Фэйсбуку і практычна праз некалькі хвілін паяўляецца шмат жадаючых яе забраць.

Нашы суразмоўцы адзначаюць, што вельмі прыемна, калі праз нейкі час новыя ўладальнікі расьлін прысылаюць здымкі, на якіх бачныя кветкі. У гэты момант мы бачым, што нашая праца мае сэнс – гавораць нашы госьці – Моніка Тужыцка-Патоцка і Мілена Банашэўская.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт