Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.03.2017 18:35
  • Шчэсьняк.mp3
М. Шчэсьняк запісаў кружэлку зь песьнямі на словы кс. Яна Твардоўскага.
www.pixabay.com

Сёньня ў нашай перадачы песьня, дзе аднолькава важны як выканаўца, так і аўтар словаў. Нават, можна адважыцца сказаць, што аўтар тэксту тут больш важны, паколькі словы песьні нясуць з сабою глыбокі сэнс. Я прапаную кампазыцыю пад назваю «Няроўныя» (Nierówni). Напісаў яе вядомы ў Польшчы паэт ксёндз Ян Твардоўскі (Jan Twardowski), сьпявае Мечыслаў Шчэсьняк (Mieczysław Szcześniak).

Ксёндз Ян Твардоўскі нарадзіўся ў Варшаве ў 1915 годзе, пражыў доўгае жыцьцё – памёр ва ўзросьце 90 гадоў. За гэты час быў рыма-каталіцкім сьвятаром, але палякі ведаюць яго таксама, а можа перш за ўсё ў ролі паэта, які пісаў вельмі кранаючыя вершы, мудрыя, з пачуцьцём гумару, якія расказвалі людзкія гісторыі зь вялікай дозай гуманнасьці і ўражлівасьці. Гэта менавіта ён зьяўляецца аўтарам словаў «Давайце сьпяшацца кахаць людзей, яны так хутка паміраюць». Гэтая цытата часта гучыць пры розных нагодах. Твардоўскі быў чалавекам, які хацеў зрабіць гэты сьвет крыху лепшым.

Восеньню мінулага году выйшаў альбом вядомага польскага музыканта Метэка Шчэсьняка зь песьнямі, запісанымі на словы вершаў Яна Твардоўскага. Мечыслаў Шчэсьняк нарадзіўся ў 1964 годзе ў горадзе Каліш. Ён ня толькі сьпявае, але таксама сам піша музыку і тэксты песьняў. Адна з самых вядомых яго кампазыцый – песьня «Dumka na dwa serca» з фільму «Агнём і мячом», якую ён прасьпяваў разам з Эдытай Гурняк. Альбом «Няроўныя» выйшаў некалькі месяцаў таму, а ўжо заваяваў званьне залатой кружэлкі за вялікую колькасьць прададзеных паасобнікаў.

Як кажа сам выканаўца, сьпяваць вершы Яна Твардоўскага – гэта для яго вялікая радасьць. А я прапаную кампазыцыю пад аднайменным загалоўкам, як і ўвесь дыск – «Няроўныя».

Gdyby wszyscy mieli po cztery jabłka
Gdyby wszyscy byli silni jak konie
Gdyby wszyscy byli jednakowo bezbronni w miłości
Gdyby każdy miał to samo
Gdyby każdy miał to samo
Nikt nikomu nie byłby potrzebny.

To co mam i to czego nie mam
Nawet to czego nie mam komu dać
Zawsze jest komuś potrzebne
Nierówni potrzebują siebie.
To co mam i to czego nie mam
Nawet to czego nie mam komu dać
Zawsze jest komuś potrzebne.
Nierówni potrzebują siebie..
Nierówni potrzebują siebie.

Jest noc żeby był dzień
Ciemność żeby świeciła gwiazda
Jest ostatnie rozstanie i rozłąka pierwsza.
Kochamy bo innym serce wychłódło.
Kochamy bo innym serce wychłódło.
List przybliża, bo inny oddala.

Калі б усе мелі па чатыры яблыкі, калі б усе былі моцныя як коні. Калі б усе былі аднолькава безабаронныя ў каханьні, калі б кожны меў тое самае, ніхто нікому ня быў бы патрэбны.

Тое, што я маю, і тое, чаго не маю. Нават тое, чаго ня маю каму даць, заўсёды будзе камусьці патрэбнае. Няроўныя патрэбныя адзін аднаму.

Ёсьць ноч, каб быў дзень. Цемра, каб сьвяціла зорка. Ёсьць апошняе расстаньне і першае разлучэньне. Мы кахаем, бо іншым сэрца пахаладзела. Ліст набліжае, бо іншы аддаляе.


Сам тэкст просты, але вельмі кранальны відэаролік да гэтай кампазыцыі, на якім паказанае дзіця, хворае на рак, якое ня можа гуляць з іншымі дзецьмі, толькі глядзіць праз акно, як іншыя бавяцца. Але адзін з хлопчыкаў падыходзіць да акна, і прыкладвае сваю руку да рукі хворага праз шкло.

А цяпер падрабязнасьці тэксту. Вельмі няшмат у ім словаў, і гэтая ляканічнасьць дзейнічае на нашае ўяўленьне.

Gdyby – калі б. У прынцыпе, усё зразумела, толькі нагадваю, магчыма, ня першы раз, што на польскай мове выразы з часьцінкай б, бы пішуцца разам, а не асобна, як па-беларуску.

Nierówni potrzebują siebie – няроўныя патрэбныя адзін аднаму. Калі б я пераклала гэты сказ як няроўныя патрэбныя сабе, то значэньне было б крыху зьмененае, паколькі тут якраз гаворка ідзе пра тое, што адзін чалавек патрэбны іншаму, яны неабходныя адзін аднаму.

Proszę, zostań, potrzebujemy siebie – Калі ласка, застанься, мы патрэбныя адзін аднаму.

Rozstanie i rozłąka – гэтыя два словы маюць практычна аднолькавае значэньне, хаця можна дашукацца крыху іншай сэмантыкі, таксама, дарэчы, як і ў беларускай мове расстацца і разлучыцца, расстаньне і разлука. Першае больш рашучае, азначае канчатковае разыход, напрыклад, развод пары людзей, а rozłąka часта бывае насуперак волі людзей, яна як правіла часовая. Хаця ў прынцыпе можна ўжываць гэтыя два словы сынанімічна.

Wychłódło – слова, якое вельмі рэдка ўжываецца ў польскай мове. Яно азначае «пахаладзела, стала халодным». Большасьць палякаў у дадзеным значэньні хутчэй за ўсё выкарысталі б выраз oziębło, stało się zimnym.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт