Logo Polskiego Radia
Print

У выходныя сотні тысяч выехалі на адпачынак

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 04.04.2017 15:10
Другі раз у Польшчы ладзіцца акцыя пад назовам "Выходныя за палову цаны".
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixaby.com

На фоне неспакойнага сьвету Польшча здаецца вельмі бясьпечнай краінай, чым стараюцца сквапна карыстацца ня толькі кіруючыя сілы ў мэтах прапаганды, але таксама турыстычныя арганізацыі, каб заахвоціць палякаў застацца ў краіне, а не выяжджаць на адпачынак за мяжу. Аднак палякі ахвотна падарожнічаюць па сваёй дзяржаве ў сэзонныя месяцы, а цяжка іх выцягнуць з дома ў сакавік, красавік або верасень. Тураб’екты вырашылі гэта мяняць.

У Польшчы існуе прымаўка, якую можна перакласьці як «чужое хваліце, свайго ня ведаеце». І сапраўды, калі некалькі дзесяткаў гадоў таму палякі атрымалі магчымасьць выяжджаць у заходнія краіны, падарожнічаць па сьвеце, яны вельмі ахвотна гэтым карысталіся, лічылася прэстыжным праводзіць водпуск ці хаця б выходныя дзесьці ў цёплых краінах, на экзатычных пляжах. Аднак гэтае стаўленьне паступова мяняецца, і жыхары Польшчы ўсё больш цэняць свае ўласныя краявіды і помнікі.

У мінулым годзе ўзьбярэжжа Балтыйскага мора наведала летам рэкордная колькасьць турыстаў, нягледзячы на тое, што няма гарантыі добрага надвор’я, а цэны паступова набліжаюцца да заходнеэўрапейскіх. Тым ня менш, у пэрыяд паміж сэзонамі – вясной і восеньню, наведвальнікаў няшмат, асабліва ў пэрыяд перад Велікоднымі сьвятамі. Таму арганізацыі, якія займаюцца турызмам, прыдумалі спосаб, як прыцягнуць турыстаў у непапулярны для выездаў пэрыяд. Два разы ў год у Польшчы арганізуюць акцыю, якая называецца «Выходныя за палову цаны». У ёй удзельнічаюць сотні аб’ектаў і ўстаноў, якія прапануюць свае паслугі на палову таньней, чым звычайная цана.

Па ўсёй Польшчы ў акцыі, якая адбылася ў мінулыя выходныя, удзельнічала амаль 500 аб’ектаў, скарысталася прапановай каля 100 тыс. чалавек, чаму спрыяла цудоўнае, па-сапраўднаму летняе надвор’е. Міністар спорту і турызму Вітальд Банька спадзяецца, што дзякуючы такім акцыям палякі лепш пазнаюць і палюбяць сваю краіну.

В. Банька: У сакавіку, красавіку – гэта значыць, у тыя месяцы, якія называюцца нізкім сэзонам, мы пастараемся прыцягнуць турыстаў на адпачынак у акрэсьленыя тэрміны. У рамках акцыі цэны на турыстычныя паслугі – начлег, наведваньне – значна паніжаныя, імі могуць скарыстацца і горш забясьпечаныя асобы. Я спадзяюся, што гэта стане новай польскай турыстычнай традыцыяй – адпачываць таксама не ў сэзон, карыстацца прапановамі польскіх тураб’ектаў.

Адпачываць можна ня толькі летам на моры ці зімой у гарах на лыжах. У Польшчы вельмі многа месцаў, якія можна наведваць таксама ў сакавіку, красавіку, верасьні ці кастрычніку. Меркаваньнем Міхала Ныкоўскага з Польскай турыстычнай арганізацыі, акцыя «Выходныя за палову цаны» павінна даць штуршок для разьвіцьця ўсёй галіны.

М. Ныкоўскі: Гэтая акцыя ладзіцца з мэтаю пашырыць пэрыяд продажу турпаслуг польскімі прадпрымальнікамі. З іншага боку, мы б хацелі навучыць кліентаў, патэнцыйных турыстаў карыстацца паслугамі розных аб’ектаў з галіны турызму ня толькі ў сэзоне, але таксама ў іншы час, калі надвор’е ўжо на столькі добрае, што дазваляе адправіцца ў падарожжа. Ня толькі летам можна паехаць на адпачынак.

Першыя «Выходныя за палову цаны» Польская турыстычная арганізацыя наладзіла ў верасьні мінулага году. Акцыя аказалася вялікім посьпехам, якога нават не спадзяваліся аўтары. Гаворыць Міхал Ныкоўскі.

М. Ныкоўскі: У мінулым годзе каля 400 аб’ектаў панізілі цэны сваіх паслуг. Гэтым скарысталася 60 тыс. турыстаў. Цяпер у акцыю ўключылася 470 аб’ектаў, мы спадзяемся, што скарысталася ёй каля 100 тыс. турыстаў. Але падвесьці вынікі акцыі і прадставіць дакладныя дадзеныя мы зможам толькі праз 2-3 тыдні пасьля яе.

Так склалася, што ў апошнія выходныя турыстаў, бадай, ня трэба было заахвочваць выехаць з дому і падарожнічаць па Польшчы. А ўсё дзякуючы надвор’ю, якое як спэцыяльна на гэтыя два дні было проста цудоўным. Тысячы турыстаў адправіліся, напрыклад, у горы, асабліва ў тыя месцы, дзе зацьвілі горныя крокусы і пакрылі даліны прыгожым фіялетавым дываном. У Даліне Хахалоўскай, якая знаходзіцца ў Татрах, было так многа турыстаў, што шмат кветак проста растапталі, а ў корку на пад’езьдзе да стаянак трэба было чакаць гадзінамі. Некаторыя кіроўцы зрабілі сабе стаянку на тых жа крокусах, якія вельмі хацелі ўбачыць. Відаць, хтосьці разрэклямаваў менавіта гэтае месца, хаця кветкі можна ўбачыць у гэты пэрыяд у розных месцах Татраў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт