Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.04.2017 15:51
  • Śpiewam swoje Chojnacki Nowak.mp3
Новак і Хайнацкі сьпяваюць сваё, не зьвяртаючы ўвагі на правілы шоў-бізнэсу.
www.pixabay.com

Сёньня песьня, у якой ідзе гаворка пра адносіны да шоў-бізнэсу. Як вядома, забаўляльная галіна кіруецца сваімі правамі, і той, хто ў яе не ўваходзіць, можа толькі здагадвацца, як выглядаюць адносіны паміж людзьмі ў гэтай сфэры. А песьню, якую я вам прапаную, сьпяваюць асобы, якія добра ведаюць шоў-бізнэс знутры.

На пачатку пра кампазытара кампазыцыі, паколькі ён тут вядучая постаць. Гэта Робэрт Хайнацкі, аўтар песьні і гры на саксафоне. Музыкант нарадзіўся ў 1958 годзе, раней ён быў вядомы як чалец гурту De Mono, пазьней заснаваў уласны гурт, спрабаваў таксама зрабіць музычную кар’еру на Захадзе, але, як сам кажа, трапляліся яму толькі прайдохі і махляры, з-за якіх ледзьве не збанкрутаваў. Вярнуўся ў Польшчу, і нядаўна запісаў сваю чарговую кружэлку, якая называецца «Piątka» (Пяцёрка). Кампазыцыя, якую я вам папаную, уваходзіць у склад гэтага кампакту. Яе загаловак «Śpiewam swoje», а тут Робэрт Хайнайцкі «сьпявае сваё» разам з вакалістам Пятром Новакам, які зьяўляецца даволі вопытным музыкантам, атрымаўшым добрую музычную адукацыю, быў падпявалам у розных гуртах, але ўласнай музычнай кар’еры яму пакуль што не ўдалося зрабіць. Можа, дадзеная кружэлка стане прарывам у яго разьвіцьці і маршы наперад, да славы. Дарэчы, вакалістам зьяўляецца якраз Новак, Хайнацкі толькі крыху сьпявае ў прыпыве.

«Сьпяваюць сваё» Робэрт Хайнацкі і Пётр Новак, а словы напісаў Анджэй Сікароўскі, таксама важнае прозьвішча для польскай музычнай галіны.

Czasem bawi mnie do łez
Festiwalowej gali sznyt
Juror, który wszystko wie
Dyrygent, który nie wie nic
Nie pasuję do tych praw
Nie dla mnie fleszów jasny blask
Z dala trzymam się od sław
Które za chwilę zdmuchnie czas

Bo swoje śpiewam i raduje mnie świat
Ze skórą harleya na grzbiecie
Jak masz te same sny
To jesteś mi brat
I żadna nie grozi nam jesień

Czasem wzrusza mnie do łez
Zwykła piosenka z tamtych lat
Która wciąż zielona jest
I która ma we włosach wiatr
Myślę wtedy, że mam fart
Że dorastałem razem z nią
I że coś tam jestem wart
Bo przeczekałem chwilę złą

Gdy majaczy wam kariera w nocy mgle
Pamiętajcie tu i teraz jedną rzecz...

Часам мяне сьмяшыць да сьлёз элегантнасьць фэстывальных урачыстасьцяў. Журы, якое ўсё ведае, дырыжор, які ня ведае нічога. Гэта не для мяне, не для мяне ўспышак ясны бляск, я здалёк трымаюся ад славутасьцяў, якіх праз момант унясе вецер часу.

Я сьпяваю сваё і цешыць мяне сьвет са скурай Harley’a на сьпіне. Калі ў цябе такія ж сны, то ты мой брат, і ніякая восень нам не пагражае.

Часам кранае мяне да сьлёз звычайная песьня тагачасных гадоў, якая ўсё яшчэ зялёная, і ў якой вецер у валасах. Я тады думаю: мне пашанцавала, што я гадаваўся разам з ёй і што я чагосьці варты, паколькі перачакаў дрэнныя часы.

Калі вы трызьніце пра кар’еру ў тумане ночы, памятайце тут і цяпер пра адну рэч...


Czasem – гэты выраз азначае дакладна тое ж самае, што і па-беларуску – часам, і таксама, як па-беларуску, па-польску можна сказаць як czasami, так і czasem, а значэньне аднолькавае – падзея, якая здараецца толькі час ад часу.

Bawić do łez – сьмяшыць да сьлёз. Калі б хтосьці сказаў па-польску rozśmieszyć do łez, то гэтае словазлучэньне таксама было б зразумелым, але часьцей гаворыцца ўсё ж такі «bawić do łez». Таксама можна напрыклад wzruszać do łez – кранаць да сьлёз.

Kobiety z reguły są bardziej wrażliwe, niektóre filmy wzruszają je do łez – Жанчыны як правіла больш чульлівыя, і некаторыя фільмы іх кранаюць да сьлёз.

Juror – гэта прадстаўнік журы, якое штосьці або кагосьці ацэньвае. Цікава тое, што ў польскай мове няма адпаведніка беларускага журы, ёсьць толькі множны лік ад аднаго чальца журы: jurorzy, у сваю чаргу па-беларуску нельга сказаць адным словам на чальца журы. Вось такі цікавы напрамак разьвіцьця ў розных мовах запазычаных слоў.

Jeden z jurorzy wcisnął czerwony guzik, aby zatrzymać występ piosenkarza – Адзін з чальцоў журы націснуў чырвоную кнопку, каб затрымаць выступленьне музыканта.

Swoje śpiewam – я сьпяваю сваё. Гэта, канешне, даслоўны пераклад. Па-беларуску так не гаворыцца. А што азначаюць такія словазлучэньні: śpiewam swoje, robię swoje (сьпяваю сваё, раблю сваё)? Гэта азначае, што хтосьці працягвае сваю дзейнасьць, нягледзячы на тое, што думаюць іншыя, што трэба рабіць, а чаго ня трэба.

Mam fart – мне шанцуе, мне ўсьміхаецца шчасьце. Гэтае жаргоннае слова можна ўжываць таксама і на беларускай мове – фарт, што азначае дакладна тое ж самае – посьпех, удачу, шанцаваньне.

Ale miałam dzisiaj farta – zdążyłam odebrać ważny list w ostatniej chwili – Ну, мне сёньня і пашанцавала – я пасьпела атрымаць важны ліст у апошні момант.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт