Logo Polskiego Radia
Print

Бацьку асудзілі за публікацыю аголенага сына ў Фэйсбуку

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 19.04.2017 14:50
У Польшчы такі прысуд вынесены ўпершыню, але напэўна не ў апошні раз.

Бацьку асудзілі за зьмяшчэньне фота аголенага дзіцяці ў Фэйсбуку. У Польшчы гэта першы такі прысуд, але напэўна не апошні.

Дзіцяці два гады, русыя валасы да плячэй, на шыі бурштынавыя каралі, ручкі занятыя – у адной пісюн, у другой бутэлька з півам. Бацька тлумачыў у судзе, што гэта мастацкая выява. Ён - бацька сына і можа кінуць яго здымак у сацсеткі!

Маці хлопчыка паведаміла ў пракуратуру. Заявіла, што бацька зьмясьціў здымак без яе згоды. Суд разглядаў справу чатыры гады. Урэшце бацька атрымаў тры месяцы пазбаўленьня волі.

- Стаўленьне да дзіцяці як да тавару, які выкладаюць у сацсетках, можа нанесьці дзіцяці вялікую псыхалягічную траўму, – тлумачыць псыхоляг Якуб Кусь. Тым больш, што бацькі бескрытычна кідаюць у сетку сотні здымкаў аголеных, брудных, у кампрамэтуючых сытуацыях.

Чаму бацькі гэта робяць? – Бо хочуць пахваліцца сваім дзіцём. Гэта нармальная зьява. Магчыма, што ў некаторых выпадках дзейнічае яшчэ мэханізм кампэнсацыі, маўляў: "магчыма ў прафэсійным жыцьці ў мяне няма посьпехаў, магчыма я ня надта добра выглядаю, але паглядзіце на маё дзіця! Якое прыгожае, якое таленавітае, якое забаўнае!» Многія людзі такім чынам ствараюць сабе ў сеціве папулярнасьць, – тлумачыць Якуб Кусь.

«Бацькі забываюць, што гэты малыш, якому цяпер робяць здымак, вырасьце. І ў такіх бацькоў могуць зьявіцца праблемы», - кажа адвакат Бавароўскі, які ўдзельнічаў у першым у Польшчы працэсе супраць бацькі за аголенае дзіця ў Фэйсбуку. Юрыст лічыць, што неўзабаве дзеці будуць падаваць у суд на сваіх бацькоў.

У Аўстрыі 18-гадовая дзяўчына ўзбудзіла справу супраць бацькоў за распаўсюджваньне яе здымкаў з розных пэрыядаў яе жыцьця без яе дазволу. Суд у Партугаліі забараніў маці 12-гадовай дзяўчынкі ставіць у сацсетку здымкі дачкі, бо гэта «не Эйфелевая вежа, якую можна адвольна фатаграфаваць і ставіць без яе дазволу ў інтэрнэт».

Newsweek/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт