Logo Polskiego Radia
Print

Польскі робат „Крот” паляціць на Марс з NASA

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.04.2017 15:39
«Крот» будзе першай поўнай сыстэмай, пастаўленай польскай прамысловасьцю для так важнай місіі.
pixabay.com

Польскі робат „Крот” паляціць на Марс у рамках місіі NASA InSight у 2018 годзе, - паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў сераду д-р Ежы Грыгорчук (Jerzy Grygorczuk), віцэ-прэзыдэнт прадпрыемства „Astronika”. «Крот» будзе першай поўнай сыстэмай, пастаўленай польскай прамысловасьцю для так важнай місіі.

„Astronika” зьяўляецца стваральнікам робата, які прасьвідруе паверхню Марса і будзе дасьледаваць уласьцівасьці марсіянскай глебы. Місія InSight, у рамках якой «Крот» паляціць на Марс, будзе доўжыцца два гады.

„Крот” выйграў зь нямецкімі канкурэнтнымі прыладамі, ён лепш справіўся з параўнальнымі тэстамі. “Фінансаваць праект будзе Нямецкае касьмічнае агенцтва. Гэта 600-700 тысяч эўра”, - сказаў віцэ-прэзыдэнт „Astronika”.

„Astronika” выйграла тэндэр на выкананьне падсыстэмы для місіі NASA, якая будзе заключацца ў бурэньні паверхні Марса на глыбіню 5 мэтраў.

“Касьмічны сэктар зьяўляецца галіной, у якой самы нізкі цэнавы крытэрый не існуе. Існуе крытэрый якасьці, хуткасьці і стандарту. І нашыя малыя прадпрыемствы гэтыя стандарты ўжо выконваюць”, - заявіла ў сераду на прэс-канфэрэнцыі намесьнік міністра разьвіцьця Ядвіга Эмілевіч.

Польскія фірмы падалі 10 заявак на ўдзел у буйных міжнародных праектах у Эўрапейскае касьмічнае агенцтва, 8 зь іх прайшлі.

Калі ў 2012 годзе Польшча ўступала ў Эўрапейскае касьмічнае агенцтва (ЭКА) на адмысловым інтэрнэт-партале Агенцтва было зарэгістравана менш за 50 польскіх кампаній, зацікаўленых ва ўдзеле ў тэндэрах ЭКА. Цяпер іx больш за 300.

Робат „Крот” таўшчынёй у 25 мм выраблены з тытанавых сплаваў, сталі і вальфраму. Ён важыць каля паўкіляграма.

Прадпрыемства „Astronika” было заснавана ў 2013 годзе па ініцыятыве групы польскіх інжынераў, якія працуюць у галіне дакладнага машынабудаваньня для касьмічных мэтаў.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт