Logo Polskiego Radia
Print

29.04.1923 г. у Маскве адбыўся зьезд «абнаўленцаў»

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 29.04.2017 10:03
  • 29 красавіка 1923 году ў Маскве адбыўся зьезд «абнаўленцаў».mp3
Памесны ўсерасейскі сабор стаў лёсавызначальным для Расейскай праваслаўнай царквы.
Аляксандр УвядзенскіАляксандр Увядзенскіru.wikipedia.org

Пасьля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году Расейская Праваслаўная царква адкрыта паставілася супраць новай бальшавіцкай улады. Важную ролю ў фарміраваньні такога становішча гуляў патрыярх Ціхан. Нягледзячы на тое, што амаль адразу бальшавікі пачалі шырокія рэпрэсіі супраць праваслаўнага духавенства і рабаваньне царкоўнай маёмасьці, яны таксама імкнуліся падпарадкаваць царкву й зрабіць яе інструмэнтам ідэалягічнага ўплыву.

У 20-х гадах ГПУ (Галоўнае палітычнае ўпраўленьне) распачало дзейнасьць па расколу царквы і яе поўнаму палітычнаму кантролю.

Дзеля гэта была выкарыстана група сьвятароў, якія былі гатовыя на кампраміс і супрацу з уладамі й якіх называлі «абнаўленцы». На чале іх стаяў мітрапаліт Аляксандр Увядзенскі, які пазьней атрымаў тытул «першаіерарха праваслаўных цэркваў СССР».

У 1922 годзе «абнаўленцы» пры дапамозе ўладаў пачалі захопліваць царкоўную адміністрацыю. Патрыярх Ціхан, які быў яшчэ раней арыштаваны, быў цалкам ізаляваны.

У 1923 годзе 29 красавіка ў Маскве адбыўся Памесны ўсерасейскі сабор, які стаў лёсавызначальным для Расейскай Праваслаўнай царквы.

Па-першае, Сабор агаласіў пастанову пра падтрымку савецкай улады; па-другое, пазбавіў сану патрыярха Ціхана. Яго абвінавацілі ў служэньні не Хрысту, але «контр-рэвалюцыі»; па-трэцяе, пасада патрыярха была цалкам ліквідавана, як «манархічны і контр-рэвалюцыйны спосаб кіраваньня царквой».

Сабор пастанавіў, што праваслаўная царква пераходзіць на грыгарыянскі каляндар, ліквідаваў манастыры."Абнаўленчая" царква ў сваю чаргу была прызнаная савецкай уладай. Такія «рэформы» прывялі да вельмі хуткай дэградацыі расейскага духавенства.

Фактычна адбыўся ўнутраны раскол царквы на «ціханаўцаў» і «абнаўленцаў».

Савецкія ўлады вельмі моцна раздражняў той факт, што "абнаўленцы" не атрымалі поўнай падтрымкі, таму яны распачалі ціск на «ціханаўцаў». Гэтая частка традыцыйнай царквы засталася па-за правам. Але са сьмерцю Ціхана й прызначэньнем на пасаду Сергія, аднаго з былых актывістаў «абнаўленцаў», сытуацыя памянялася радыкальным чынам.

У 1927 годзе была надрукавана «Дэклярацыя мітрапаліты Сергія», у якой сьцьвярджалася, што царкоўныя дзеячы павінны паказаць, што не зьяўляюцца ворагамі савецкай дзяржавы, а стаяць побач з народам і ўрадам».

Ужо ў 30-х гадах традыцыйная царква аказалася фактычна пад кантролем уладаў і падтрымка дзейнасьці для "абнаўленцаў" спынілася.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт