Logo Polskiego Radia
Print

17.06.1953 савецкія войскі падавілі масавыя забастоўкі ў ГДР

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 17.06.2017 11:56
  • 17.06.1956_ГДР.mp3
У выніку загінула больш за 70 чалавек, 1200 грамадзян трапіла пад суд.
By Bundesarchiv, B 285 Bild-14676 / nieznany / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=5338538

17 чэрвеня 1953 савецкія войскі падавілі масавыя забастоўкі ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы.

Пасьля заканчэньня Другой Сусьветнай вайны ўсходняя частка Нямеччыны і Бэрлін сталі савецкай акупацыйнай зонай, дзе Савецкі Саюз пачаў праводзіць інтэнсіўную палітыку «пабудаваньня камунізму». Пачалася нацыяналізацыя прадпрыемстваў, абмежаваньне прыватнай фэрмэрскай дзейнасьці (ствараліся сельскагаспадарчыя каапэратывы), пашырыўся ціск на прадпрымальнікаў, шмат каго проста арыштоўвалі. Агульная лічба зьняволеных з 1952 па 1953 павялічылася ўдвая, з 31 да 66 тысячаў чалавек.

Усходняя Нямеччына яшчэ не ачуняла ад вайны, але СССР настойваў на фарміраваньні нямецкага войска і службы бясьпекі, у выніку чаго на вайсковыя справы ішло 11% бюджэту дзяржавы, дадатковых 19% уключалі ў сябе рэпарацыі для СССР.

На гэтым фоне, камуністычныя ўлады ГДР на чале з Вальтэрам Ульбрыхтам запатрабавала рашучых дзеяньняў у сфэры вытворчасьці і палітыцы папаўненьня бюджэту. Павялічыліся нормы выпрацоўкі для працоўных, у сваю чаргу заробкі не павялічваліся, а часам скарачаліся. Пачаўся таксама рост на харчовыя прадукты, шмат з якіх выдаваліся толькі па харчовых картках.

Эканамічныя цяжкасьці прымушалі людзей да эміграцыі. З 1951 па 1953 год у Заходнюю Нямеччыну выехала больш за 300 тыс. чалавек, многія зь іх добра кваліфікаваныя спэцыялісты, што паглыбляла праблемы ў гаспадарцы. Да лета 1953 году сацыяльна-эканамічная напружанасьць ва Ўсходняй Нямеччыне павялічылася, але партыйнае кіраўніцтва ніяк не рэагавала на гэтыя працэсы, спадзеючыся на СССР. А наадварот, павышала эканамічны ціск на грамадзянаў, павялічваючы нормы выпрацоўкі на 10% напрыканцы траўня.

Гэтыя рашэньні прывялі да страйкаў у нямецкіх гарадах. Да сярэдзіны чэрвеня хваля страйкаў ахапіла больш за 300 малых і буйных гарадоў і мястэчак. Пратэстоўцы захоплівалі адміністрацыйныя будынкі і вязьніцы, раніцай 17 чэрвеня ў Бэрліне сабралася 150 тыс. дэманстрацыя.

Уначы з 16 па 17 чэрвеня нямецкія кіраўнікі схаваліся ў савецкай вайсковай штаб-кватэры ў Карлхорсьце. Савецкім вярхоўным камісарам і кіраўніком Савецкай групы войск у Нямеччыне было прынятае рашэньне «навесьці парадак».

17 чэрвеня ў цэнтральныя раёны Бэрліна ды іншыя буйныя гарады былі ўведзены савецкія танкі. Колькасьць савецкіх вайскоўцаў у сталіцы ГДР налічвала 35 тыс. чалавек, у краіне ўводзілася надзвычайнае становішча. У выніку падаўленьня незадавальненьня загінула больш за 70 чалавек. Пачаліся палітычныя працэсы, было асуджана болей за 1200 грамадзян Нямеччыны.

З аднаго боку, масавыя забастоўкі змусілі ўрад пайсьці на саступкі, з іншага боку павялічыўся палітычны ціск і кантроль, што прысьпешыла эміграцыю на захад і пабудаваньне Брлінскай сьцяны.

яс

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт