Logo Polskiego Radia
Print

Выбаршчыкі часта галасуюць на фоне пратэстных настрояў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.06.2017 14:03
Асабліва вялікія пратэсты выклікае кантраст паміж беднымі ды багатымі і сацыяльная несправядлівасьць.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Тыднёвае выданьне «Do Rzeczy» вяртаецца яшчэ да парлямэнцкіх выбараў у Вялікабрытаніі, якія, на думку аўтара артыкулу Шэваха Вайса, прайшлі на фоне пратэстных настрояў. Гэта этап пэўнага працэсу – амаль усе людзі, якім менш за 45 гадоў, на кожных выбарах галасуюць за іншыя партыі, чым раней. У выніку групоўкі хутка паяўляюцца і хутка зьнікаюць. Выбары сталі нагодай сказаць «Не!».

Для выбаршчыкаў самыя важныя два пытаньні: унутраная бясьпека грамадзян, якім пагражае тэрарызм, і ўзровень жыцьця. Гэта вынік пратэстаў супраць дзікага капіталізму, вяртаньня людзей да сацыяльнай палітыкі. Расьце група асоб, для якіх важнай зьяўляецца сацыяльная, эканамічная ці адукацыйная справядлівасьць.

Калісьці багацьце было далёка ад звычайнага плебсу. Багацеі жылі ў сваіх энклявах. Цяпер жа беднякі штодзённа бачаць багатых, багацьце кідаецца ў вочы – дарагія машыны, фэшэнэбэльныя крамы і дамы. Багацьце паказваюць СМІ, яно цікавіць бедных. У людзях нарастае адмоўная энэргія незадаволенасьці.

Палітычныя партыі будуць вяртацца да сацыяльнай палітыкі. Праблема сацыяльнай няроўнасьці ня зьнікла, яна нават абвастраецца. Дэмакратычная сыстэма стала адзіным шляхам дасягненьня большай сацыяльнай справядлівасьці без адмовы ад выгоднага жыцьця і свабоды адзінкі.

Do Rzeczy/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт