Logo Polskiego Radia
Print

24.06.1812 г. пачалося наступленьне Напалеона на Расею

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.06.2017 11:32
  • 25.06.1812.mp3
24 чэрвеня францускія войскі пачалі пераправу праз Нёман.
Сустрэча Напалеона з Аляксандрам I Расіі на плыце пасярод ракі Нёман/Adolphe Roehn Сустрэча Напалеона з Аляксандрам I Расіі на плыце пасярод ракі Нёман/Adolphe Roehn commons.wikimedia.org/By Adolphe Roehn/ Public Domain

Расейска-француская вайна 1812 году атрымала назву ў расейскай гісторыі Айчыннай вайны 1812 году. Яна зьяўляецца часткай напалеонаўскіх войнаў, якія распачаліся яшчэ ў 1799.

Да 1812 году Напалеон здолеў захапіць амаль усю Эўропу, за выключэньнем Англіі і Гішпаніі. У выніку пасьпяховай кампаніі 1807 году супраць Расеі і яе саюзьнікаў, Аляксандр І быў вымушаны пайсьці на мірныя перамовы з Напалеонам. Быў падпісаны Тыльзіцкі мір, згодна з якім Расея далучалася да кантынэнтальнай блякады супраць Англіі, было створана Герцагства Варшаўскае. У замен Расея атрымала Фінляндыю і Беластоцкую вобласьць.

Эканамічная блякада Англіі вельмі хутка адбілася на расейскай гаспадарцы, зьменшыла экспарт збожжа і прывяла да інфляцыі. Таму, каб прадухіліць сур’ёзныя наступствы, Расея распачала гандаль з Англіяй праз пасярэднікаў.

Напалеон двойчы прапанаваў Аляксандру І злучыць іх саюз шлюбам паміж Напалеонам і сёстрамі Аляксандра. Першая прапанова датычылася Кацярыны, а потым Ганны. Цар праігнараваў Напалеона. Такія дзеяньні Аляксандра І не маглі не раззлаваць Напалеона, бо перакрэсьлівалі ягоныя пляны стаць уладаром Эўропы й зламаць Англію.

Ужо ў 1811 годзе Імпэратар Францыі выказаў гатоўнасьць да вайны з Расеяй: «У хуткім часе я стану валадаром сьвету, застаецца толькі Расея. Я раздаўлю яе!»

Да пачатку вайны сілы францускага войска налічвалі амаль 600 тыс., расейскага каля 400 тыс. Аляксандр І ведаў пра пляны Напалеона і Расея рыхтавалася да вайны.

22 чэрвеня 1812 году Напалеон зьвярнуўся да сваіх войскаў з адозвай, у якой абвінаваціў Расею ў невыкананьні дамоўленасьцяў і назваў вайну з Расеяй «Другой польскай вайной».

24 чэрвеня францускія войскі пачалі пераправу праз Нёман і вельмі хутка занялі Коўна. Аляксандр І даведаўся пра пачатак наступленьня, калі ён знаходзіўся ў Вільні на балу ў ягоны гонар. Праз чатыры дні Вільня была ўжо занятая францускімі войскамі.

1 ліпеня Напалеон абвясьціў пра стварэньне Часовага Ўраду ВКЛ. Пачалася мабілізацыя ў францускае войска, у якое ўступіла каля 20 тыс. чалавек.

Фактычна да жніўня 1812 году ўвесь абшар сучаснай Беларусі быў заняты войскамі Напалеона, аднак нягледзячы на гэта, Аляксандр І, чаго чакаў Напалеон, не згадзіўся на мір. Расейскае войска працягвала адступаць, а францускае ўсё глыбей уваходзіла на тэрыторыі Расеі, што й прадумовіла паразу Напалеона.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт