Logo Polskiego Radia
Print

1 ліпеня 1569 году была падпісана Люблінская вунія

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 01.07.2017 09:28
  • лісток календара_люблінская вунія.mp3
Люблінская вунія адна з важнейшых гістарычных падзеяў сярэднявечнай Эўропы.
Jan Matejko, Unia Lubelska, 1869, крыніца: pl.wikipedia.orgJan Matejko, Unia Lubelska, 1869, крыніца: pl.wikipedia.org

Вунія ў значнай меры паўплывала ня толькі на лёсы польскага, беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў, але й на суседнія дзяржавы.

Люблінская вунія стала вынікам доўгатэрміновага працэсу ўтварэньня палітычнага саюзу паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім. Пачатак гэтаму паклаў Вялікі Князь Ягайла ў 1383 годзе, калі ажаніўся з польскай каралеве Ядвізе пасьля таго як у 1385 годзе была падпісаная Крэўская вунія.

Тым ня менш, незалежніцкая палітыка літоўскай шляхты не давала магчымасьцяў стварэньня адзінай дзяржавы. Варта таксама ўлічваць і той факт, што ВКЛ была ў тры разы большай па тэрыторыі, чым Каралеўства Польскае. Аднак Лівонская вайна, якую распачаў Маскоўскі князь Іван ІV Жахлівы, была няўдалай для ВКЛ і сталася адным з ключавых фактараў падпісаньня Люблінскай вуніі.

За рэалізацыю вуніі выступаў Жыгімот Другі Аўгуст, Вялікі Князь Літоўскі і Кароль Польскі. Фактычна, заключэньне вуніі было ягоным рашэньнем.

Праца над заключэньнем вуніі пачалася яшчэ ў студзені 1569 годзе, калі адмысловы польска-літоўскі Сэйм намагаўся знайсьці кампраміс.

Літоўскі бок прапанаваў, каб абраньне караля адбывалася на польска-літоўскай мяжы, а прысягу каб ён прымаў у Вільні. Таксама прызначэньне на адміністрацыйныя пасады ў Літве толькі грамадзянаў ВКЛ. Гэтыя ўмовы былі адкінутыя польскім бокам, тады літоўская дэлегацыя пакінула Люблін.

Але частка дробнай рускай шляхты, пераважна з Валыні, якая спадзявалася атрымаць «залатыя прывілеі» польскай шляхты – засталася.

Абапіраючыся на яе Жыгімот Другі Аўгуст выдаў унівэрсал, паводле якога ўся тэрыторыя сучаснай Ўкраіны (тагачасная частка ВКЛ), уключалася ў Польскае Каралеўства. Да Польшчы была далучана таксама тэрыторыя Падляшша.

Сур’ёзнасьць сытуацыі прымусілі літоўскую дэлегацыю вярнуцца, хаця ўжо было позна высоўваць нейкія патрабаваньняў. Польскі бок, безумоўна разумеў, што ва ўмовах вайны з Масковіяй, ВКЛ будзе не ўстане абараніць свае дзяржаўныя інтарэсы.

1 ліпеня 1569 году была падпісана Люблінская вунія, якая ўтварыла новы дзяржаўны саюз - Рэч Паспалітую.

Безумоўна, на першым этапе гэты саюз даў магчымасьць ВКЛ пераламаць ход вайны з Масквой, але ў далейшым вунія з Польшчай пачала прыносіць нэгатыўныя вынікі. Але варта зазначыць, што не сама вунія, а палітыка польскай шляхты прывяла да драматычных падзеяў.

Пашырэньне ўплываў каталіцызму прывяло да сур’ёзных унутраных супярэчнасьцяў і канфліктаў, як і працэс палянізацыі, асабліва на абшары Ўкраіны, што прывяло да паўстаньня Багдана Хмяльніцкага ў 1648 годзе, і фактычна падарвала ўнутраныя сілы Рэчы Паспалітай.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт