Logo Polskiego Radia
Print

Створаная праграма выжываньня з ракам тоўстай кішкі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 06.07.2017 10:12
Даступная ў сеціве праграма ацэніць працягласьць жыцьця хворага.
pixabay.com/CC0 Public Domain

Ангельскія навукоўцы стварылі праграму выжываньня пацыентаў, хворых ракам тоўстай кішкі. Праграма таксама дазваляе прымаць рашэньне аб далейшым лячэньні, паколькі дапамагае прааналізаваць, якім чынам паасобная тэрапія ўплывае на падаўжэньне жыцьця.

«Каларэктальны QCancer Survival» распрацавалі ангельскія дасьледчыкі з Унівэрсытэту Нотынгема й кампаніі ClinRisk.

Часопіс British Medical Journal апублікаваў вынікі дасьледаваньня, у якім ацэньвалася пагрэшнасьць праграмы.

Аказваецца, што гэты інструмэнт здольны дакладна ацаніць працягласьць жыцьця пацыентаў хворых ракам тоўстай кішкі.

Аўтары г.зв.калькулятара прафэсар Джулія Хіпісьлі-Кокс (Julia Hippisley-Cox) і Кэрал Коўплэнд (Carol Coupland) выкарысталі дадзеныя больш чым 44 тысяч пацыентаў з 950 клінік і на іх аснове стварылі альгарытмы для ацэнкі шанцаў мужчын і жанчын ва ўзросьце ад 15 да 99 гадоў.

Праграму правяралі, уводзячы ў яе дадзеныя пацыентаў, лёс якіх быў ужо вядомы.

Вынік экспэрымэнту паказаў, што Хіпіслі-Кокс і Коўплэнд стварылі сур’ёзны інструмэнт для вызначэньня як мага лепшай тэрапіі пацыентаў з анкалёгіяй тоўстай кішкі.

Сучасныя мэтады як правіла ненадзейныя, і пацыенты часта атрымліваюць пэсымістычную інфармацыю, заснаваную толькі на стадыі разьвіцьця рака. Аказваецца аднак, што яны жывуць значна даўжэй.

Праграма Хіпісьлі-Кокс і Коўплэнд бярэ пад увагу, у прыватнасьці, мэтады лячэньня, узрост на момант дыягназу, іншыя хваробы, лекі, што прымаюцца, індэкс масы цела й залежнасьці, напрыклад, ці пацыент курыць, ці не.

Напрыклад, праграма падказвае, што 38-гадовая жанчына, у якой дыягнаставаны рак тоўстай кішкі 4-й стадыі, мае 6% шанцаў пражыць наступныя пяць гадоў, калі ня пройдзе ніякага лячэньня. Калі ж будзе праапэраваная, то шанцы вырастуць да 23%. Калі ж апэрацыю дапоўніць хіміятэрапія, то яе шанцы павялічацца да 45%. У выпадку, калі хворая пасьля гэтага лячэньня пражыве год, то яе шанцы выжыць наступныя 5 гадоў павялічацца да 57%.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт