Logo Polskiego Radia
Print

Польская фірма стварае гадзіньнікі й акуляры з дрэва

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.07.2017 17:21
Маладыя дызайнэры ствараюць доўгатрывалыя й недарагія рэчы з экалягічна чыстых матэрыялаў.
Фота газэтнай старонкі Dziennik Gazeta PrawnaФота газэтнай старонкі Dziennik Gazeta PrawnaAliaksandr Papko/radyjo.net

Польская фірма выпускае з дрэва ды іншай натуральнай сыравіны раменьчыкі для гадзіньнікаў, акуляры й нават рамы для ровараў – піша газэта Puls Biznesu. Кампанія Robin Wood, створаная жыхарамі горада Ўроцлава Томашам Дамінам (Tomasz Domino) і Радаславам Дзюбкам (Radosław Dziubka), робіць стаўку на дызайн і экалягічныя матэрыялы.

Ідэя рабіць прадметы працяглага карыстаньня з натуральных матэрыялаў нарадзілася ў сяброў пасьля таго, як яны наведалі Філіпіны. Там вельмі шырока выкарыстоўваецца бамбук – яго дадаюць у ежу, робяць зь яго сталовыя прыборы й мэблю і нават будуюць шматпавярховыя дамы.

Дызайнэрам удалося знайсьці прыдатныя матэрыялы ў Польшчы. Свае прадукты фірма стварае з коркавага дубу і валокнаў канапель. Гэта аднаўляльныя й вельмі моцныя матэрыялы. Напрыклад, з канопляў робяць карабельныя канаты, якія служаць дзесяцігодзьдзямі.

Robin Wood – гэта зусім не дарагая марка. Экалягічнасьць не павінна быць эксклюзіўнай – кажуць маладыя прадпрымальнікі. Фірма, створаная менш за год таму, ужо здабыла кліентаў у Скандынавіі, Японіі й ЗША.

Puls Biznesu/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт