Logo Polskiego Radia
Print

Прыгоды полькі ў Кітаі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 31.07.2017 15:03
  • Хто каго больш зьдзівіў эўрапейка кітайцаў, ці кітайцы эўрапейку.mp3
"Усе на нас глядзелі зь вялікай зацікаўленасьцю - мы, напэўна, знаходзімся на ўсіх кітайскіх тэлефонах".

Ганна Смялоўска ў свае 21 год паўгода аўтаспынам падарожнічала па Азіі. Першай краінай быў Кітай. Дзяўчына ня ведае кітайскай мовы, а кітайцы ня ведаюць ангельскай. Але нягледзячы на гэта, за месяц Ганна разам з калегам праехала з Пэкіна да мяжы Віетнама. Пра свае прыгоды і пра тое што ўбачыла расказала нашай радыёстанцыі.

/

Раскажы, як ты падарожнічала па Кітаі аўтаспынам?

Г.Сьмялоўска: Для гэтага неабходна было зрабіць дадатковыя захады. Трэба было знайсьці назву горада па-ангельску, перакласьці на кітайскую, знайсьці ў інтэрнэце як гэта пішуць кітайцы і напісаць па-кітайску. Пасьля трэба было толькі чакаць. Было цяжка, бо затрымліваліся пераважна таксі і аўтобусы. Мясцовыя зьбіраліся вакол нас на дарозе і спрабавалі распытаць, што мы тут робім, куды хочам дабрацца. Мы ім паказвалі нашую картку, а яны што «вось там аўтобус, або цягнік» і раілі туды падацца, таму што тут напэўна «ніхто не затрымаецца». Мы ім стараліся патлумачыць, часам гэта доўжылася паўгадзіны, часам гадзіну, што мы справімся, мы ведаем, што робім. Яны ўсе думалі, што мы згубіліся, ня ведаем што рабіць і што шукаем аўтобус. Не маглі зразумець, як гэта мы хочам ехаць на машыне бясплатна, што гэта немагчыма. У Азіі ня ведаюць што такое аўтаспын. Трэба было ім неяк сказаць «не перашкаджайце нам, мы справімся».

Дык як вы падарожнічалі ва ўмовах, калі мясцовыя ня ведаюць, што такое аўтаспын, не разумеюць як можна прасіць бясплатна падвезьці?

Г.Смялоўска: У нас атрымлівалася дзякуючы чалавечнасьці. Чалавек бачыць другога чалавека, які стаіць на ўзбочыне, значыць чакае дапамогі, трымае картку з назвай горада. Нават калі людзі ня ведаюць, што гэта такое аўтаспын, то хтосьці нарэшце затрымаецца. Гэта асноўны прынцып аўтаспыну.

Вы доўга чакалі, пакуль хтосьці затрымаўся?

Г.Смялоўска: У Кітаі мы чакалі найдаўжэй – па некалькі гадзін. Нават у Эўропе бывае, што прыходзіцца чакаць 48 гадзін. Нам у Кітаі і так шанцавала, бо найдаўжэй мы чакалі 5 гадзін. Мы стаялі 5 гадзін на ўезьдзе на аўтастраду. Побачы праехала хіба што тысяча аўтамабіляў, адзін затрымаўся, мы спрабавалі дагаварыцца, але не ўдалося. Гэта быў наш няўдачны дзень. У падарожжы так бывае, што адзін дзень проста супер, усё атрымліваецца – нам даюць начлег, ежу, а ў іншы 5 гадзін стаіш, ніхто не затрымліваецца і мусіш ісьці на кітайскі цягнік.

Здарылася, што вы ехалі таксама кітайскім цягніком. Гэта было па цікавасьці, ці з бездапаможнасьці і расчараваньня, што ніхто не затрымліваўся?

Г.Сьмялоўска: Так, на цягніку ў Кітаі мы ехалі двойчы. Мы ехалі сапраўды вялікія адлегласьці - 8 і 10 гадзін. І таксама выбіралі самы танны варыянт. На цьвёрдых сядзеньнях, па берагі запоўненыя вагоны. Я без праблем выносіла, шчыра сказаўшы, вялікі дыскамфорт. Едзеш у страшнай цеснаце. Я не хачу сказаць, што кітайцы брудны народ, але ў іх зусім іншае чым у нас адчуваньне эстэтыкі і гігіены. На доўгае падарожжа цягніком усе забясьпечаныя мноствам ежы – кітайскія супы, яйкі і г.д. Усё сьмецьце, рэшткі, шкарлупінкі кітайцы кідаюць на падлогу. Праз нейкі час хтосьці нарэшце прыйдзе і прыбярэ, але паколькі там шмат народу, то балаган жахлівы. У цягніках таксама кураць, нібыта ў тамбуры, але дым адчуваецца і ў вагонах, акрамя таго вельмі душна. Народу шмат і калі сядзеш, то барані Божа не ўставай, бо страціш сядзячае месца і будзеш стаяць 10 гадзін.

Па Кітаі вы падарожнічалі зімой. Гэта дадатковае ўскладненьне...

Г.Смялоўска: Мы пачалі ў студзені, да таго ж мы пачалі з поўначы. Тэмпэратура была ледзь вышэй нуля і сапраўды было холадна. Чакаючы на аўтаспыне мы замярзалі. Мы падрыхтаваліся на холад: цёплыя курткі, добры абутак, але не на ажно такі холад. Шчыра, я ня ведаю, як мы перад выездам уяўлялі гэтую вандроўку. Хаця не было марозу, то і так, калі чакаеш паўтары гадзіны на дарозе, то замерзьнеш. Надвор’е было шэрае, была імгла. На кожную ноч трэба было знайсьці начлег, дзе не замерзьнеш і не захварэеш.

А першапачаткова вы плянавалі начаваць у намёце?

Г.Смялёўска: Мы не маглі сабе гэта дазволіць, каб не захварэць. Таму трэба было знаходзіць гатэлі, што таксама было вельмі складана ў Кітаі, таму што нас не разумелі. Вельмі часта мы заходзілі ў танны гатэль, а там нам казалі, што ім забаронена прымаць замежнікаў. Аднойчы мы пазнаёміліся з мужчынам, які аказаўся высокапастаўленым чыноўнікам. Ён нам патлумачыў, што ўрад баіцца за турыстаў, што самыя танныя гатэлі небясьпечныя і гэта ня тое месца, дзе ўрад хоча, каб турысты начавалі. Тыя гатэлі, дзе нас маглі прыняць, былі вельмі шыкарныя і каштавалі дорага. Але бывала, што хтосьці плаціў за наш начлег у гатэлі.

Вы часта сустракалі ў Кітаі добразычлівых людзей, якія хацелі вам дапамагчы?

Г.Смялёўска: Так. Мы ж праехалі аўтаспынам Кітай. І кожны, хто затрымаўся і хацеў нам дапамагчы, быў добразычлівы. Некалькі разоў нехта нам купіў білет на аўтобус, або начлег у гатэлі. Мы пазнаёміліся з Альбэртам, які вучыў ангельскай мове. Гэта быў першы кітаец, зь якім мы маглі нармальна паразмаўляць. Гэта было напрыканцы вандроўкі па Кітаі. А мы там былі цэлы месяц. Мы патрапілі да яго праз хостэл, які знайшлі ў інтэрнэце. Аказалася, што гэта быў хостэл Альбэрта. Ён быў вельмі рады, што мы пазнаёміліся. Даў нам бясплатны начлег, кожны дзень карміў, пазнаёміў нас са сваёй сям’ёй, кожны вечар браў нас на матчы баскетбола з яго 40-50-гадовымі сябрамі.

Але вы таксама адудзячылі Альбэрту...

Г.Смялоўска: Так. Мы ў яго бясплатна начавалі, але ўзамен ён прапанаваў нам вучыць дзетак ангельскай мове ў яго школе. Цягам 5 дзён, калі мы там былі, я вучыла групу 15 дзяўчат, мой калега Куба працаваў з хлопцамі. На ўроках 1,5-2 гадзіны два разы ў дзень мы іх вучылі ангельскім словам, або песенькам, былі на ўроку кунг-фу, хадзілі на экскурсіі ў тыповы кітайскі парк сьвятынь у горах – там дзеці малявалі. Гэта была вельмі прыемная частка нашай вандроўкі.

Ганна, вы выклікалі сэнсацыю ў Кітаі? Ты са сваёй эўрапейскім выглядам – бляндынка, белая скура і Куба – вельмі высокі хлопец з доўгімі дрэдамі? Вамі цікавіліся супрацоўнікі ворганаў правапарадку, распытвалі хто вы, куды вы?

Г.Смялоўска: Напэўна мы былі сэнсацыяй. Усе на нас глядзелі зь вялікай зацікаўленасьцю, нават у Пэкіне, дзе ёсьць крыху турыстаў. Людзі затрымліваліся, рабілі з намі здымкі. Усе дакраналіся да дрэдаў Кубы, пыталіся, што гэта, як яно расьце і чаму Куба мае такія валасы. Мы, напэўна, знаходзімся на ўсіх кітайскіх тэлефонах :). А з паліцыяй у нас не было ніякіх сустрэч, нас не затрымлівалі. Нават калі мы чакалі аўтаспын, то паліцыя не затрымлівалася і не распытвала ні пра што і не забараняла. Мы паліцыю бачылі толькі ў буйных гарадах, дзе супрацоўнікі ахоўвалі галоўныя плошчы і помнікі Мао. І гэта ўсё.

Дзякуй за рамову.

яс

Здымкі: Ганна Сьмялоўска

/

/


/

/

/

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт