Logo Polskiego Radia
Print

У жніўні тысячы католікаў ідуць у Чанстахову (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 05.08.2017 09:08
  • Пілігрымкі.mp3
Ясная Гура - найважнейшае месца культу Маці Божай у Польшчы.
PAP/Wojciech Pacewicz

Месяц жнівень для польскі каталікоў – гэта месяц пілігрымаваньня да Маці Божай Чанстахоўскай. З розных куткоў Польшчы ўжо вырушылі, ці яшчэ вырушаць шматлікія групы пілігрымаў. У кожнай з груп ідзе ад некалькіх сотняў да некалькіх тысяч чалавек.

Больш за тысячу чалавек у сераду вырушыла з Острава Тумскага ва Ўроцлаве. Перад пілігрымамі больш за 200 км шляху. Некаторыя з удзельнікаў ішлі ўжо дзясяткі разоў. Кожны раз яны дзякуюць за ўсё добрае, што сустрэла іх у жыцьці.

Пілігрымы не баяцца магчымага дажджу, граду ці сквару. Няпэўнае надвор’е не зьяўляецца для іх перашкодай.

Пілігрымы: Мы будзем хадзіць паміж градам. Уперад і ўсё будзе добра. У нас ёсьць капелюшы, вада. Калі будзе горача, то мы справімся. А калі будзе дождж, то мы таксама справімся. Але на пілігрымках заўсёды добрае надвор’е. Мы ходзім у пілігрымцы больш за 20 гадоў, таму мы ведаем, што спадзявацца можна ўсяго. Калі будзе моцны дождж, то нічога не дапаможа, ніякі плашч.

Пілігрымы: Гэта дадзены нам час. Гэта духоўны адпачынак, сілы на цэлы год. Мы дзякуем за ўсё, што сустракае нас у жыцьці.

Кожны дзень удзельнікі гэтай пілігрымкі праходзяць па 30 км, а начуюць пад адкрытым небам у намётах.

/

У суботы ў дарогу вырушыла 37 Варшаўская студэнцкая пілігрымка. Сёлета студэнты ідуць на Ясну Гуру пад лёзунгам: “Сын, вось Маці Твая!” Пілігрымы падзеленыя на 19 груп, пазначаныя колерамі. Дзевятнаццатая група, бела-блакітная, гэта пілігрымы на роварах.

Іх пілігрымка да абраза Маці Божай будзе працягвацца дзесяць дзён. Штодзённа студэнты ідуць па 35 км. Аднак для маладых людзей гэта нічога страшнага, многія зь іх ідуць ня першы раз.

Студэнты: За год здараецца столькі важных падзей, за якія трэба падзякаваць. У наступным годзе напэўна будуць адбывацца іншыя важныя рэчы і варта прасіць аб падтрымцы на будучы год. Пілігрымка – гэта досьвед на цэлае жыцьцё. Гэта спосаб, каб адкрыць Бога ў цяжкасьцях пілігрымаваньня. Гэта зарадка акамулятараў на цэлы наступны год. Гэта дадае мне сіл у пераадоленьні праблем.

Агулам у жніўні з Варшавы выйдзе сем пілігрымак. Акрамя студэнтаў і раварыстаў гэта будуць людзі з абмежаванымі магчымасьцямі, сем’і, асобы на роліках.

Кожная з пілігрымак прыходзіць у санктуарый на Ясную Гуру ў розны дзень. З увагі на агромністую лічбу пілігрымаў, санктуарый не ў стане зьмясьціць усіх адначасова. Традыцыйна месяцам пілігрымак у Чанстахову абраны жнівень, паколькі 26 жніўня адзначаецца ўрачыстасьць Маці Божай Чанстахоўскай.

У сераду афіцыйна распачалася адна з найдаўжэйшых пілігрымак – Падляская. Сьвятую Імшу ў сядлецкай катэдры ўзначаліў біскуп Казімеж Гурда. Ерарх заахвочваў пілігрымаў маліцца за пакліканьні да сьвятарскага і манаскага жыцьця, а таксама за бэатыфікацыю сядлецкага біскупа Ігнацы Сьвірскага.

Кіраўнік пілігрымкі, ксёндз Павал Бялецкі сказаў на пачатку шляху, што пілігрымы будуць чэрпаць сілы з веры і традыцыі пакаленьня.

П. Бялецкі: Мы ідзем, каб навучаць пра Езуса Хрыста. Мы будзем ісьці пад лёзунгам “Ідзіце і навучайце разам з Марыяй”. Мы хочам разам з Марыяй пераадольваць чарговыя кілямэтры нашага паломніцтва, адказваючы на просьбу Маці Божай, накіраваную цэламу сьвету: маліцеся, адгаварвайце ружанец і кайцеся.

Падляская пілігрымка налічвае 28 груп. Да Чанстаховы яна дойдзе 14 жніўня. На месцы, у падляскіх парафіях засталіся духоўныя пілігрымы, якія штодзённа ў сваіх касьцёлах зьбіраюцца на малітву.

/

Адной з першых, 31 ліпеня, у Чанстахову прыйшла пілігрымка гуралаў. У чатырох групах прыйшло каля 900 чалавек. Да гураляў далучыліся вернікі з замежжа. Сярод удзельнікаў паломніцтва былі асобы, якія ішлі 30 раз, часамі цэлымі пакаленьнямі, паколькі гуралы ахвотна пілігрымуюць цэлымі сем’ямі.

Санктуарый на Яснай Гуры зьяўляецца адным з найважнейшых месцаў культа Маці Божай у Польшчы, якое сотні гадоў зьяўляецца найважнейшым цэнтрам пілігрымак. Акрамя абраза Маці Божай Чэнстахоўскай на Яснай Гуры таксама знаходзіцца калекцыя твораў мастацтва, найчасьцей сакральнага характару.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт